Васкабоеў Аляксандр Іванавіч

Нарадзіўся 30 верасня 1944 года ў вёсцы Шашкі Якімавіцкага раёна Смаленскай вобласці РСФСР у сям’і вайскоўца, які загінуў у 1945 годзе пад Кёнігсбергам. У 1951 годзе сям’я пераехала ў Беларусь. Пасля заканчэння сямігодкі працаваў у саўгасе «Івянецкі» Мінскай вобласці. Сярэднюю адукацыю атрымаў у 1963 годзе. З адзнакай скончыў (1968) біялагічны факультэт Беларускага універсітэта і датэрмінова аспірантуру Інстытута біяхіміі АН СССР. У 1971 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Изучение высокоочищенных препаратов декстрин-4-гликозилтрансферазы печени». З 1972 года ў Інстытуце біяхіміі АН БССР (г.Гродна): малодшы, старшы навуковы супрацоўнік, загадчык лабараторыі (з 1983 года). У 1984 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «Ферменты биосинтеза, протеидизация и механизмы транспорта фосфорных эфиров тиамина». Вучонае званне прафесара па спецыяльнасці «Біяхімія» прысвоена ў 1986 годзе. З гэтага ж года – у Гродзенскім універсітэце. Прафесар кафедры біялогіі, дэкан біялагічнага факультэта і выканаўца абавязкаў загадчыка кафедры біялогіі (1986-1987), прарэктар па навуковай рабоце (1987-1992), першы прарэктар (1992-1994). У 1994-2001 гадах загадчык кафедры біяхіміі і біятэхналогіі, затым прафесар кафедры. У 2003-2007 гадах – прафесар кафедры батанікі, з 2007 года – кафедры экалогіі.

Читать далее…

Ватыль Виктор Николаевич

Нарадзіўся 1 чэрвеня 1954 года ў Гродне ў сям’і рабочага. Сярэднюю адукацыю атрымаў у школе № 5 г.Гродна. У 1976 годзе скончыў гісторыка-педагагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. У студэнцкія гады выяўляе сістэматычны інтарэс да філасофскіх праблем гуманізму, актыўна працуе ў студэнцкім навуковым гуртку пры кафедры філасофіі, дзе выконвае шэраг даследаванняў, якія вызначаюцца самастойнасцю падыходу да асэнсавання складаных праблем. У прыватнасці, яго студэнцкае даследаванне «Проблема гуманизма в философии марксизма» было адзначана медалём Усесаюзнага конкурсу студэнцкіх навуковых прац па грамадскіх навуках. Рецэнзенты гэтай працы адзначалі ўменне аўтара глыбока пранікнуць у змест навуковай праблемы, абгрунтаваць асабістыя высновы пераканаўчымі аргументамі.

Пасля заканчэння інстытута некалькі месяцаў працаваў выкладчыкам гісторыі ў СШ № 21 г.Гродна, служыў у шэрагах Савецкай Арміі (1976-1977).

У Гродзенскім універсітэце з 1977 года: лабарант кафедры педагогікі і псіхалогіі (1977-1978), асістэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі (1978-1979). Читать далее…

 

Габрусевіч Сяргей Аляксандравіч

С.А.Габрусевіч вылучаецца глыбінёй філасофскага мыслення, шырокім кругаглядам у галіне нацыянальнай і сусветнай культуры, пранізліва-паэтычным успрыняццем жыцця і рэчаіснасці. Усё гэта ў спалучэнні з багатым досведам універсітэцкай дзейнасці робіць прафесара С.А.Габрусевіча прызнаным экспертам у многіх аспектах шматграннага універсітэцкага жыцця.

Нарадзіўся 9 верасня 1936 года ў вёсцы Верхаўляны Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Малабераставіцкай школе, якую скончыў у 1954 годзе. Працаваў загадчыкам хаты-чытальні (1954-1955), служыў у шэрагах Савецкай Арміі (1955-1957). У 1957-1960 гадах калгаснік.

Сістэматычную вышэйшую адукацыю атрымаў на гісторыка-філалагічным факультэце (рускае аддзяленне) Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. Падчас вучобы ўзначальваў Камітэт камсамола інстытута (1962-1963), працаваў лабарантам кафедры педагогікі. У 1964-1965 гадах, будучы студэнтам дзённай формы навучання, загадваў вучэбнай часткай інстытута. Пасля заканчэння інстытута – асістэнт кафедры філасофіі і палітычнай эканоміі, аспірант кафедры дыялектычнага матэрыялізму Беларускага універсітэта. Аспірантуру скончыў датэрмінова і ў 1970 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Развитие В.И.Лениным марксисткого учения о практике как критерии истины в познании социальных явлений». З восені 1969 года – старшы выкладчык кафедры філасофіі і палітэканоміі. Вучонае званне дацэнта па кафедры філасофіі і палітычнай эканоміі прысвоена ў 1972 годзе.

З 1973 года – загадчык кафедры методыкі камуністычнага выхавання, кафедры навуковага камунізму і палітэканоміі (1974-1976), прарэктар па навуковай рабоце (1976-1986), прарэктар па навучальнай рабоце (1986-1992), прафесар кафедры беларускай культуры (1992-2002), загадчык кафедры беларускай культуры (2002-2007), прафесар кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму (з 2007).

Читать далее…

Галіцкі

Эдуард Аляксеевіч

Нарадзіўся 11 жніўня 1939 года ў горадзе Смаленску (Расія). У 1950 годзе сям’я пераехала ў Гродна. Сярэднюю адукацыю атрымаў у сярэдняй школе № 3 горада Гродна, якую скончыў у 1957 годзе. Працаваў аператарам-шліфоўшчыкам на заводзе «Аўтазапчастка». У 1959-1965 гадах студэнт Гродзенскага медыцынскага інстытута. Ужо ў студэнцкія гады Эдуард Аляксеевіч актыўна далучаецца да навукова-даследчай працы і атрымоўвае сур’ёзныя вынікі. Сведчаннем гэтага з’яўляецца публікацыя ягоных артыкулаў у Матэрыялах навуковай сесіі Інстытута харчавання АМН СССР (1964, у суаўтарстве) і часопісе «Вопросы питания» (1965, у суаўтарстве).

З 1965 года навучаецца ў аспірантура кафедры біяхіміі Гродзенскага медыцынскага інстытута. Працуе асістэнтам кафедры (1967-1980). Кандыдацкую дысертацыю «Взаимоотношения тиамина и его производных с обменом микроэтических фосфорных соединений» абараніў у 1970 годзе. Часова працаваў загадчыкам лабараторыі Абласнога ўрачэбна-фізкультурнага дыспансера ў Гродне. У 1981-1992 гадах – вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута біяхіміі АН БССР. Вучонае званне дацэнта па кафедры анатоміі і фізіялогіі чалавека прысвоена ў 1991 годзе. З 1992 года Э.А.Галіцкі працуе ва універсітэце: дацэнт кафедры анатоміі і фізіялогіі чалавека (1992-1996), дацэнт кафедры экалогіі (1996-1998). З 1998 года – прафесар кафедры экалогіі. Доктарскую дысертацыю абараніў у 1998 годзе. Вучонае званне прафесара прысвоена ў 2001 годзе. Чытае курсы «Радыебіялогія», «Біяхімія», «Радыеэкалогія», «Радыяцыйная бяспека».

Читать далее…

Горбузаў Віктар Мікалаевіч

 

Нарадзіўся 12 мая 1955 года ў горадзе Гродна. Сярэднюю адукацыю атрымаў у школе № 2 г.Гродна, вышэйшую матэматычную – на матэматычным факультэце Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы, які закончыў з адзнакай у 1976 годзе. Некалькі месяцаў працаваў настаўнікам матэматыкі Наваруцкай сярэдняй школы Гродзенскага раёна. З кастрычніка 1976 года – аспірант кафедры дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненняў Беларускага універсітэта. Служыў у шэрагах Савецкай Арміі (1977-1979). Аспірантуру скончыў у 1981 годзе з абаронай кандыдацкай дысертацыі «Системы со специальными аналитическими и качественными свойствами» і атрымаў накіраванне на працу ў Гродзенскі універсітэт.

У 1981-1983 гадах – выкладчык, старшы выкладчык кафедры матэматычнага аналізу, намеснік дэкана матэматычнага факультэта (1983-1986), дацэнт кафедры (1984-1994). Вучонае званне дацэнта прысвоена ў 1985 годзе. У 80-х гадах мінулага стагоддзя чытаў курс «Матэматычны аналіз», а таксама шэраг спецкурсаў, распрацаваных на падставе асабістых дасягненняў у навуцы: «Качественная теория обыкновенных дифференциальных уравнений и теория колебаний», «Теория обыкновенных динамических систем», «Специальные решения уравнений типа Риккати», «Уравнения Дарбу и его аналоги», «Целые решения алгебраических дифференциальных уравнений», «Уравнения Риккати и Абеля».

Читать далее…

Copyright © 2012-2020 by ГрГУ им. Я.Купалы