Мараш

Якаў Навумавіч

 

Нарадзіўся 7 студзеня 1917 года ў Гродна ў сям’і кваліфікаванага рабочага. Бацька працаваў майстам цэха на адным з гродзенскіх прадпрыемстваў. Сям’я Я.Н.мараша загінула падчас Вялікай Айчыннай вайны, як мяркуецца, у «Асвенцыме» або «Трэблінцы».

Сярэднюю адукацыю набываў у Гродзенскай прыватнай гімназіі, якая давала права паступлення ва універсітэт. Матэрыяльнае становішча сям’і было складаным, і гімназіст Я.Н.Мараш падзарабляў рэпетытарствам.

З верасня 1936 года – студэнт гістарычнага факультэта Віленскага універсітэта. Умовы атрымання яўрэямі універсітэцкай адукацыі ў міжваеннай Польшчы былі далёкімі ад камфортных. Студэнты-яўрэі пастаянна адчувалі ціск з боку універсітэцкіх уладаў. Пратэстуючы супраць гэтага, Я.Н.Мараш усе 3 гады навучання ў Віленскім універсітэце слухаў лекцыі стоячы.

Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР і Заходняй Украіны з УССР, Віленскі універсітэт быў зачынены. Студэнты гістарычнага факультэта пераведзены ў Львоўскі універсітэт. У снежні 1940 года адбыўся датэрміновы выпуск студэнтаў 5 курса гістарычнага факультэта. Я.Н.Мараш атрымаў накіраванне на педагагічную працу ў Ківерэцкую сярэднюю школу Валынскай вобласці УССР. Выкладаў гісторыю і Канстытуцыю СССР.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуіруецца ў Саратаўскую вобласць РСФСР. У 1941-1945 гадах працуе настаўнікам гісторыі, геаграфіі і нямецкай мовы Брыкаўскай сярэдняй школе Духаўніцкага раёна Саратаўскай вобласці.

У 1945 годзе па запрашэнні Гродзенскага аблвыканкама вяртаецца ў Гродна. Прызначаецца дырэктарам сярэдняй школы № 2. З верасня 1946 года Я.Н.Мараш – выкладчык лацінскай мовы і гісторыі Гродзенскага педагагічнага інстытута. Аднак у снежні гэтага года загадам дырэктара інстытута адхіляецца ад выкладання гісторыі за метадалагічныя памылкі ў асвятленні асобных гістарычных падзей. Паколькі нагрузкі на стаўку выкладчыка па лацінскай мове не хапала, у 1946-1949 гадах працуе выкладчыкам гісторыі і геаграфіі ў школе № 2 г.Гродна, а з верасня 1949 года па снежань 1953 года – загадчыкам гарадского метадычнага кабінета.

Без адрыву ад асноўнай працы ў 1954 годзе абараняе кандыдацкую дысертацыю «Агрессия католицизма и Ватикана в Литве и Белоруссии в конце 16 – начале 17 веков». У жніўні 1956 года прызначаецца на пасаду дацэнта кафедры гісторыі. Вучонае званне дацэнта атрымаў у 1960 годзе.

У 1968 годзе Я.Н.Мараш падаў да абароны доктарскую дысертацыю «Ватикан и Белоруссия: очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии (1569-1795 гг.)». У дысертацыі на падставе глыбокага аналізу першакрыніц абгрунтоўвалася тэза, што стварэнне ў Беларусі уніяцкай царквы мела аб’ектыўныя прычыны. Абарона праходзіла ў вельмі рэзкіх дыскусіях. Шэраг апанентаў абвінавачвалі аўтара ў аб’ектывізме, што ў тыя часы кваліфікавалася як адыход ад марксіцка-ленінскай метадалогіі. Выказваўся сумнеў адносна навуковасці публікацый па тэме дысертацыі. Савет прапанаваў дысертанту апублікаваць манаграфію, пасля чаго вярнуцца да абароны.

У 1969 годзе Я.Н.Мараш выдае манаграфію «Из истории борьбы народных масс Белоруссии против экспансии католической церкви». Абіраецца на пасаду прафесара кафедры гісторыі СССР. Прызначаецца выканаўцам абавязкаў дэкана гістарычнага факультэта, а ў 1970-1973 гг. працуе дэканам гісторыка-педагагічнага факультэта. Вучоную ступень доктара гістарычных навук атрымаў у 1973 годзе, а прафесарскае званне – у 1974 годзе.

У 1978-1981 гадах прафесар Я.Н.Мараш узначальваў кафедру гісторыі СССР і БССР, а з 1981 па 1987 год – кафедру гісторыі БССР.

Прафесар Я.Н.Мараш пакінуў велізарную навуковую спадчыну. Ім апублікавана 20 манаграфій і навучальных дапаможнікаў, 52 брашуры, каля 500 артыкулаў у навуковых часопісах, зборніках і перыядычных выданнях. Значная частка спадчыны прысвечана праблемам гісторыі горада Гродна і Гродзеншчыны і не старціла навуковых каштоўнасцей. Імя прафесара Я.Н.Мараша як краязнаўцы па праву стаіць сёння ў адным радзе з імёнамі Паўла Баброўскага, Яўстаха Арлоўскага, Юзафа Іадкоўскага.

Памёр у 1990 годзе.

Читать далее…

Мартынаў Іван Платонавіч

Для многіх выкладчыкаў і студэнтаў універсітэта прафесар І.П.Мартынаў з’яўляецца своеасаблівым сімвалам матэматычнага факультэта. І прычына гэтага не ў тым, што з матэматычным факультэтам звязаная ягоная шматгадовая навуковая і педагагічная дзейнасць (хоць і апошняе – немалаважна). Хутчэй за ўсё істотным фактарам ёсць тое, што для прафесара І.П.Мартынава матэматыка не толькі прадмет глыбокай і напружанай інтэлектуальнай працы, але і прадмет псіхалагічнага і эстэтычнага задавальнення.

Нарадзіўся І.П.Мартынаў 12 жніўня 1938 года ў вёсцы Антонаўка Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Майскай школе. Сістэматычную матэматычную адукацыю – на фізіка-матэматычным факультэце Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы, які скончыў у 1961 годзе па спецыяльнасці «Матэматыка, фізіка, чарчэнне».

Некалькі месяцаў працаваў настаўнікам-выхавацелем Іўеўскай школы-інтэрната. У 1961-1963 гадах служыў у шэрагах Савецкай Арміі. З кастрычніка 1963 года – настаўнік матэматыкі Індурскай школы рабочай моладзі, з 1964 года – дырэктар школы.

У верасні 1965 года дацэнт Н.Д.Бяспамятных запрасіў І.П.Мартынава на выкладчыцкую працу. Да 1970 года І.П.Мартынаў – асістэнт, старшы выкладчык кафедры элементарнай матэматыкі. З 1970 па 1973 год навучаецца ў аспірантуры кафедры матэматычнага аналізу і алгебры. Пасля заканчэння аспірантуры працягвае выкладчыцкую дзейнасць у якасці асістэнта, старашага выкладчыка, дацэнта кафедры геаметрыі і методыкі матэматыкі.

Ужо ў першай палове 70-х гадоў І.П.Мартынаў – адзін з галоўных навукоўцаў і выкладчыкаў матэматычнага факультэта. Выкладае курс геаметрыі. Калегі па працы і студэнты адзначаюць высокую матэматычную культуру і бездакорную метадычную форму ягоных лекцый, прафесары Беларускага дзяржаўнага універсітэта (А.І.Яблонскі і інш.) – высокі ўзровень і перспектыўнасць навуковых вынікаў у галіне дыферэнцыйных ураўненняў.

У 1977-1980-ых гадах прафесар І.П.Мартынаў – загадчык кафедры геаметрыі і методыкі матэматыкі, з 1980 па 1982 гады – кафедры матэматычнага аналізу. У верасні 1982 года пераходзіць на пасаду старшага навуковага супрацоўніка для падрыхтоўкі доктарскай дысертацыі.

У 1984 годзе вяртаецца на пасаду загадчыка кафедры матэматычнага анлізу, з якой да сённяшняга дня звязана яго навуковая і выкладчыцкая дзейнасць. Доктарскую дысертацыю «Аналитические свойства уравнений и систем третьего порядка» абараніў у 1990 годзе і атрымаў вучонае званне прафесара.

З сярэдзіны 90-х гадоў прафесар І.П.Мартынаў значную частку свайго часу аддае арганізацыі вучэбнай работы і навуковых даследаванняў на матэматычным факультэце і ва універсітэце. У 1994-1995 гадах ён дэкан матэматычнага факультэта, з 1995 па 1997 гады – прарэктар па навуковай рабоце, да 1999 года – першы прарэктар, да 2003 года – першы прарэктар па вучэбна-выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях. Нягледзячы на гэта актыўна вядзе навуковыя даследаванні. У суаўтарстве са сваімі вучнямі дацэнтамі Н.С.Бярозкінай і В.А.Пронька друкуе шэраг грунтоўных прац, у якіх даследуюцца заканамернасці дыферэнцыйных ураўненняў тыпу Пенлеве.

Читать далее…

Маскевіч
Сяргей Аляксандравіч

Нарадзіўся 1 жніўня 1953 года ў вёсцы Быкаўка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Ракавіцкай школе, якую скончыў у 1970 годзе. Вышэйшую фізічную адукацыю – на фізіка-матэматычным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы (1970-1974). Працаваў лабарантам кафедры фізікі (1974-1975), служыў у шэрагах Савецкай Арміі (1975-1976). З 1976 года старшы лабарант кафедры агульнай і тэарэтычнай фізікі, старшы інжынер навукова-даследчага сектара (1977-1979), старшы навуковы супрацоўнік навукова-даследчага сектара (1979-1983). З 1978 па 1982 гады навучаўся без адрыву ад вытворчасці ў аспірантуры Інстытута біяхіміі АН БССР па спецыяльнасці «Біяфізіка». З 1983 года – старшы выкладчык, дацэнт кафедры агульнай і тэарэтычнай фізікі. У 1983 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Вучонае званне дацэнта па кафедры агульнай і тэарэтычнай фізікі прысвоена ў 1988 годзе. У 1993-1995 гадах – старшы навуковы супрацоўнік універсітэта. Доктарскую дысертацыю «Спектраскапія гіганцкага камбінацыйнага рассейвання святла і структурная арганізацыя адсарбаваных на металічнай паверхні малекулярных сістэм» абараніў у 1995 годзе. Вучонае званне прафесара прысвоена ў 1997 годзе.

Прарэктар па навуковай працы (1995-1997). У 1997-2005 гадах – рэктар універсітэта. З 2005 года – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь.

Як рэктар універсітэта, прафесар С.А.Маскевіч паслядоўна ажыццяўляў дзяржаўную палітыку ў сферы універсітэцкай адукацыі. Клапаціўся аб развіцці традыцыйных кірункаў універсітэта і ктыўна садзейнічаў пошуку і рэалізацыі іннавацый у навуковай, педагагічнай і грамадскай дзейнасці калектыва. Ён ініцыяваў стварэнне інстытута павышэння кваліфікацыі, навукова-даследчага інстытута матэрыялазнаўства і рэсурсазберагаючых тэхналогій, факультэта псіхалогіі, школы менеджмента і іншых сучасных універсітэцкіх структураў. Распачата падрыхтоўка спецыялістаў па 17 новым спецыяльнасцям, неабходнасць якіх дыктавалася запросамі сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця Гродзеншчыны і краіны.

Прафесар С.А.Маскевіч знаны ў Рэспубліцы Беларусь і па-за яе межамі вучоны ў галіне оптыкі. Даследуя спектраскапічныя характарыстыкі складаных біяарганічных малекул, аптычныя ўласцівасці нанакампазітных паўправадніковых і металічных матэрыялаў. Яго асабістыя навуковыя набыткі апублікаваны ў 250 навуковых і вучэбна-метадычных працах. Яны істотна паўплывалі на станаўленне ва універсітэце навуковай школы ў галіне малекулярнай спектраскапіі.

Пад кіраўніцтвам прафесара С.А.Маскевіча эфектыўна даследуюцца:

–       спектарльныя якасці і структура біяарганічных малекул, паўправадніковых нанакрышталяў і іх кан’югатаў;

–       міжмалекулярныя ўзаемадзеянні ў монамалекулярных слаях, адсарбаваных на паверхні тонкіх плёнак высокародных металаў;

–       эксперыментальныыя метады спектраскапіі гіганцкага камбінайцыйнага рассеяння святла стацынарнай і вырашальнай у часе флуарэсцэнцыі.

Школа з’яўляецца адзіным даследчым цэнтрам у краіне, які валодае неабходнымі метадамі і абсталяваннем для даследавання біялагічна актыўных малекул і іх комплексаў у экстрэмальна нізкіх канцэнтрацыях, лідэрам у распрацоўцы тэхналогіі атрымання нанаструктуіраванных субстратаў для гэтых мэт.

Прафесар С.А.Маскевіч – таленавіты педагог. Ён умее зацікавіць студэнтаў сваім прадметам, уплываць на фармаванне ў іх прафесійнага мыслення, далучаць да навуковай творчасці.

Читать далее…

Маталыцкі
Міхаіл Аляксеевіч

Нарадзіўся 11 верасня 1957 года ў гарацкім пасёлку Гарадзея Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Сярэднюю адукацыю набываў у  школе № 1 Гарадзеі. У 1979 годзе скончыў факультэт прыкладной матэматыкі Беларускага універсітэта. З 1979 па 1982 год навучаўся ў мэтавай аспірантуры. У Гродзенскім універсітэце працуе з лістапада 1979 года: асістэнт кафедры тэорыі імавернасцей, вылічальных машын і праграмавання (1982-1983), старшы выкладчык кафедры даследавання аперацый і праграмавання (1983-1987), старшы выкладчык, дацэнт кафедры матэматычнага забеспячэння гібкай аўтаматызаванай вытворчасці сістэм аўтаматычнага праектавання і аўтаматызаваных сістэм кіравання (1984-1991). У 1986 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Вучонае званне дацэнта па кафедры матэматычнага забеспячэння ГАП, САПР, АСУ прысвоена ў 1990 годзе. У 1991-1992 гадах – дацэнт кафедры прыкладной матэматыкі, дактарант Беларускага універсітэта (1992-1995), дацэнт, прафесар кафедры прыкладной матэматыкі (1995-2000), прафесар кафедры тэорыі функцый, функцыянальнага аналізу і прыкладной матэматыкі (2003). Доктарскую дысертацыю абараніў у 1998 годзе. Вучонае званне прафесара па спецыяльнасці «Матэматыка» прысвоена ў 2003 годзе. З 2008 года – загадчык кафедры стахастычнага аналізу і эканаметрыі.

Прафесар М.А.Маталыцкі – арганізатар адкрыцця на матэматычным факультэце спецыяльнасцей «Прыкладная матэматыка» і «Эканамічная кібернетыка». Пад яго кіраўніцтвам адкрыты магістратура па спецыяльнасці «Эканамічная кібернетыка» і аспірантура па спецыяльнасці «Матэматычнае мадэляванне, лічбавыя метады і комплексы праграм».

Абсяг навуковых даследаванняў: матэматычны аналіз сетак масавага абслугоўвання і іх прымянення ў якасці верагодных мадэляў розных рэальных аб’ектаў у камп’ютэрнай тэхніцы, вытворчасці, страхаванні, банкаўскай сферы, транспатрнай лагістыцы, медыцыне. Так у 2003 годзе ім пададзены да разгляду новы класс сетак масавага абслугоўвання – сеткі з даходамі, цяпер НМ (Howard-Matalytski)-сеткі, якія шырока прымяняюцца пры вырашэнні практычных задач.

Аўтар 4 манаграфій і каля 300 навуковых прац, многія з якіх апублікаваны ў часопісах СССР, ЗША, Польшчы, Расійскай акадэміі навук, Акадэміі навук Латвіі, НАН Беларусі. З’яўляецца адным з стваральнікаў Беларускай навуковай школы па тэорыі масавага абслугоўвання, кіраўніком навуковай школы па стахастычным і камп’ютэрным мадэляванні ў ГрДУ імя Я.Купалы. Член аргкамітэта шэрагу пастаянных міжнародных навукоых канферэнцый. Акадэмік Нью-Йоркскай акадэміі навук.

Прафесарам М.А.Маталыцкім:

– распрацаваны метады знаходжання імавернасцей станаў маркаўскіх і адвольных сетак масавага абслугоўвання ў стацыянарным і пераходным рэжымах;

– абагульнены вынікі класічнай ВСМР-тэарэмы на выпадак маркаўскіх сетак з рознатыповымі заяўкамі і залежнымі ад іх станаў імавернасцямі пераходаў паміж сістэмамі;

– распрацаваны рэкурэнтныя па колькасці заявак і момантаў часу метады знаходжання сярэдніх характарыстык замкнутых і адкрытых сетак масавага абслугоўвання з многалінейнымі сістэмамі;

– праведзены асімптатычны аналіз і аптымізацыя ў стацыянарным і пераходным рэжымах замкнутых сетак з цэнтральнай сістэмай абслугоўвання і рознатыповымі заяўкамі;

– распрацавана і даследавана імавернасная мадэль апрацоўкі скалярных каманд у канвеерных працэсах у выглядзе тандэмнай сеткі з адваротнай сувяззю;

– упершыню пададзены да разгляду ў разгляд новы клас сетак масавага абслугоўвання – сеткі з даходамі, вядомыя зараз у свеце як НМ (Howard-Matalytski)-сеткі;

– распрацаваны метады знаходжання чаканых даходаў у сістэмах такіх сетак у выпадках, калі даходы ад пераходаў паміж іх станамі залежаць ад станаў і часу ці з’яўляюцца выпадковымі велічынямі з вядомымі момантамі першых двух парадкаў.

Вынікі працы ўкаранёныя ў розных камп’ютэрных фірмах, прадпрыемствах, страхавых кампаніях, лагістычных транспартных сістэмах.

Читать далее…

Мялешка

Леў Восіпавіч

 

Прафесар Л.В.Мялешка працаваў у Гродзенскім педінстытуце імя Янкі Купалы ў якасці загадчыка кафедры фізікі з 1967 па 1973 год. За гэты час ён вельмі істотна паўплываў на арганізацыю навучальнага працэса і развіццё навуковых даследаванняў у галіне фізікі.

Нарадзіўся 22 лютага 1920 года ў горадзе Свярдлоўску ў сям’і рабочага. Бацькі Л.В.Мялешка паходзілі з Беларусі (в.Цярэшкі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці). На Урале апынуліся ў сувязі з бежанствам падчас першай сусветнай вайны. У 1922 годзе бацькі вярнуліся на радзіму і жылі ў вёсцы Цярэшкі.

Закончыў 7-гадовую школу, працаваў у сельскай гаспадарцы. У 1939 годзе ў складзе польскай арміі ўдзельнічаў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Сілезіі. З 1939 года па 1941 год жыў у горадзе Ваўкавыску, вучыўся ў сярэдняй школе. У першыя гады нямецка-фашысцкай акупацыі жыў у вёсцы Цярэшкі. У 1943 годзе вывезены на працу ў Германію. Пасля вызвалення (1944 год) служыў у Чырвонай Арміі. Дэмабілізаваўся ў 1947 годзе, вярнуўся ў г.Ваўкавыск, закончыў сярэднюю школу. Год працаваў майстрам на Ваўкавыскім маслазаводзе. У 1948-1952 гадах студэнт фізіка-матэматычнага факультэта Мінскага педінстытута. Пасля заканчэння інстытута навучаўся ў аспірантуры. З 1955-1959 гады працаваў загадчыкам кафедры Полацкага педінстытута, старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута фізікі АН БССР. З 1964 года – загадчык кафедры фізікі Мінскага вышэйшага інжынернага радыётэхнічнага вучылішча. У 1955 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1961 годзе зацверджаны ва вучоным званні старшага навуковага супрацоўніка па спецыяльнасці «Фізіка». Пад час працы ў Гродзенскім інстытуце абараніў доктарскую дысертацыю «Исследования фазовых превращений в переохлажденных расплавах». Вучонае званне прафесара па кафедры фізікі прысвоена ў 1971 годзе.

Прафесар Л.В.Мялешка характарызаваўся як вельмі працаздольны і ініцыятыўны кіраўнік кафедры. Пад яго кіраўніцтвам ажыццяўлялася дасканаленне навучальнага працэсса, абнаўлялася навучальна-лабараторная база кафедры. Л.В.Мялешка чытаў курс «Агульная фізіка», а таксама спецкурс «Фізіка цвёрдага цела». Пад яго кіраўніцтвам на кафедры фізікі былі ўпершыню арганізаваны навуковыя даследаванні па калектыўнай тэме «Исследования фазовых превращений на поверхности обрабатываемого материала при плазменной наплавке». Паралельна Леў Восіпавіч працягваў даследаванні па вывучэнню фазавых превращений в переохлажденных расплавках на прапанаванай ім новай методыкі вывучэння дадзенай праблемы. У 1973 годзе вызвалены ад рабоце ў інстытуце па асабістым жаданні. Узнагароджаны медалямі «За победу над Германией», «20 лет победы в Великой Отечественной войне».

Читать далее…

Copyright © 2012-2020 by ГрГУ им. Я.Купалы