Крэнь Іван Платонавіч

Прафесар І.П.Крэнь як чалавек вызначаецца далікатнасцю ў адносінах да калег па працы і студэнтаў. Грунтуецца гэтая рыса характару на глыбокім і канкрэтным уяўленні, дазваляючым яму ясна адчуваць чужыя пакуты і жаданні  і праяўляцца не толькі ў штодзённых зносінах, але і ў педагагічнай і навуковай дзейнасці.

Нарадзіўся 30 лістапада 1936 года ў вёсцы Кузявічы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацькі Івана Платонавіча былі адукаванымі людзьмі. Платон Андрэевіч скончыў Клецкую настаўніцкую семінарыю, Пелагея Пятроўна – Слонімскую жаночую гімназію.

Сярэднюю адукацыю набываў у Кузявіцкай, Маўчадскай, Ялуцавіцкай і Гарадзішчынскай школах Баранавіцкага раёна. З 1954 года студэнт гістарычнага факультэта Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. У 1959 годзе закончыў гісторыка-педагагічны факультэт па спецыяльнасці «Гісторыя, руская мова і літаратура». Працаваў (1959-1967) дырэктарам Праважскай сямігадовай, Палякішскай сярэдняй і Воранаўскай школы-інтэрната.

Закончыў аспірантуру кафедры гісторыі СССР Беларускага універсітэта. Кандыдацкую дысертацыю «Барацьба прафсаюзаў Беларусі за развіццё хімічнай прамысловасці ў рэспубліцы ў 1959-1965 гадах» абараніў у 1981 годзе.

З 1967 года працуе ва універсітэце: старшы выкладчык кафедры гісторыі СССР і БССР (1967-1972), сакратар партыйнага камітэта (1972-1976), старшы выкладчык, дацэнт (1976-1988).

У 1988-1990 гадах – намеснік загадчыка Дома палітычнай асветы, рэктар універсітэта марксізму-ленінізму Гродзенскага абкама КПБ. З 1990 па 2008 год загадчык кафедры гісторыі Беларусі, дэкан факультэта гісторыі і культуры (1995-2001), са снежня 2008 года – прафесар кафедры гісторыі Беларусі. Вучонае званне прафесара па кафедры гісторыі СССР і БССР прысвоена ў          1991 годзе.

Навуковы светапогляд прафесара І.П.Крэня сфармаваўся пад уплывам ягоных універсітэцкіх настаўнікаў: дацэнта В.А.Ваяхіна, прафесараў Б.М.Фіха і Я.Н.Мараша, акадэміка НАН РБ І.М.Ігнаценкі. Калі ў гісторыі ёсць хаць якая-небудзь відавочнасць, здольная дыктаваць народам спосаб дзеяння, то гэта датычыць найперш гісторыі краіны і рэгіёну.

Менавіта гэты прынцып вызначыў навуковыя інтарэсы прафесара І.П.Крэня: гісторыя эканомікі і культуры Беларусі, гісторыя палітычных партый і грамадскіх арганізацый, гісторыя гарадоў і вёсак. Ён аўтар шэрагу грунтоўных даследаванняў: «Гродна. Гісторыка-эканамічны нарыс» (у суаўт.), «Гродна. Энцыклапедычны даведнік» (у суаўт.), «Шчучын. Гісторыка-эканамічны нарыс» (у суаўт.), «Іўе. Гісторыка-эканамічны нарыс» (у суаўт.), «Нарысы гісторыі Гродзенскай абласной партыйнай араганізацыі» (у суаўт.), «Гродна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 1941-1945» (у суаўт.), «Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы. Гістарычны нарыс» (у суаўт.) і іншых.

Прафесар І.П.Крэнь прызнаны эксперт у галіне педагогікі вышэйшай і сярэдняй школы. Ён аўтар пяці падручнікаў для студэнтаў па гісторыі Беларусі і Расіі, навучальных і метадычных дапаможнікаў па выкананню студэнтамі дыпломных і пісьмовых прац, двух навучальных дапаможнікаў для вучняў сярэдніх школ.

Педагагічны талент, уважлівасць і дабрыня ў адносінах са студэнтамі і аспірантамі, глыбокая веданне прадмета навукі спрыяюць прафесару І.П.Крэню ў падрыхтоўцы навукова-педагагічных кадраў. Пад ягоным кіраўніцтвам абаронена 12 кандыдацкіх дысертацый.

Навукова-педагагічная і грамадская дзейнасць прафесара І.П.Крэня адзначана прысваеннем (2000) звання «Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь». З 2004 года ён «Ганаровы прафесар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы».

Читать далее…

Лепешаў

Іван Якаўлевіч

Каб ахаратарызаваць І.Я.Лепешава як чалавека, вучонага і грамадзяніна, трэба было б напісаць салідную кнігу. Няма сумневу, што такая кніга будзе напісана і гэта будзе вельмі карысная кніга як для гісторыі айчыннай і славянскай філалогіі, так і для студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта.

Нарадзіўся І.Я.Лепешаў 23 кастрычніка 1923 года ў вёсцы Іскозы Дубровінскага раёна Віцебскай вобласці. У 1940 годзе скончыў 8 класаў Ліцвінаўскай сярэдняй школы, здаў экстэрнам экзамены за дзевяць класаў і паступіў у Аршанскі настаўніцкі інстытут, першы курс якога закончыў у 1941 годзе.

У 1944-1947 гадах – на франтах Айчыннай вайны ў шэрагах Чырвонай Арміі. Двойчы паранены. Узнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі» і шэрагам іншых. З адзнакай закончыў у 1948 годзе Аршанскі настаўніцкі інстытут. Працаваў настаўнікам беларускай мовы ў Свіслацкай сярэдняй школе Гродзенскай вобласці. Івана Якаўлевіча, як і многіх іншых беларусаў, не абмінулі сталінскія рэпрэсіі 40-х гадоў мінулага стагоддзя. У 1949 годзе беспадстаўна рэпрэсаваны. 6 гадоў працаваў разнарабочым у лагерах Прыморскага краю. З 1956 па 1971 год настаўнічаў у школах Шчучынскага раёна.

За 15 гадоў настаўніцкай працы І.Я.Лепешаў зрабіў столькі, што іншым гэтага хапіла б на ўсё жыццё. Завочна скончыў з адзнакай Гродзенскі педагагічны інстытут імя Янкі Купалы, аспірантуру кафедры беларускай мовы Мінскага педагагічнага інстытута (1951 г.). Надрукаваў каля сотні артыкулаў у перыядычных выданнях і навуковых часопісах па тэарэтычных пытаннях беларускай мовы і методыкі яе выкладання, гісторыі і краязнаўстве. Выдаў кнігі «Изготовление и использование таблиц по русскому языку» (1966) і «Литературно-краеведческий кружок» (1969).

Даўно заўважана, што вялікія рэкі ўжо ў вытоках вызначаюцца размашыстасцю і напорыстасцю. Гэтак сама і вялікія вучоныя ўжо ў маладыя гады выяўляюць глыбіню і размах творчых пошукаў і здзяйсненняў. Навуковая дзейнасць І.Я.Лепешава была заўважана выкладчыкамі інстытута, і гэта натуральна, бо ягоныя навуковыя публікацыі сведчылі, што гэты вясковы настаўнік мае ясны, праніклівы і строгі розум. Яго запрашаюць на выкладчыцкую працу ў інстытут.

З верасня 1971 года І.Я.Лепешаў працуе на кафедры беларускай мовы, дзе прайшоў усе ступені кар’ернай універсітэцкай лесвіцы ад асістэнта да прафесара. У 1972 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Фразеалогія ў творах Кандрата Крапівы». Праз 3 гады атрымаў вучонае званне дацэнта. Доктарскую дысертацыю «Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы ў сучаснай беларускай мове» абараніў у 1985 годзе. З 1987 года – прафесар.

Читать далее…

Ліопа Валерый Аляксандравіч

Прафесар В.А.Ліопа выяўляе рэдкі ў наш час тып вучонага-фізіка, у якога цікавасць і настойлівасць да пазнання заканамернасцей прыроды арганічна спалучаецца з не меншай цікавасцю і настойлівасцю ў асэнсаванні сучасных гуманітарных і філасофскіх праблем. Універсітэцкая супольнасць шануе яго не толькі як прызнанага эксперта ў галіне структурнай фізікі цвёрдага цела, але і ў пытаннях метадалогіі універсітэцкай адукацыі, сучаснага грамадазнаўства і чалавеказнаўства.

Нарадзіўся В.А.Ліопа 7 жніўня 1939 года ў сяле Сухаўское (сёння ў межах Іркуцка) Іркуцкага раёна Іркуцкай вобласці (Расія).

У 1956 годзе з адзнакай скончыў сярэднюю школу, сістэматычную фізічную адукацыю атрымаў на фізічным факультэце Іркуцкага універсітэта. Пасля заканчэння універсітэта працуе ў Праблемнай лабараторыі кафедры абагачэння карысных выкапняў Іркуцкага палітэхнічнага інстытута (зараз Іркуцкі палітэхнічны універсітэт). Завочна навучаецца ў аспірантуры, якую заканчвае ў 1965 годзе, і абараняе кандыдацкую дысертацыю «Анализ базальных рентгеновских рефлексов флогопитов с различной степенью гидратации».

14 гадоў прафесар В.А.Ліопа працуе на кафедры агульнай фізікі Іркуцкага універсітэта, дзе праходзіць ступені універсітэцкай службовай лесвіцы ад асістэнта (1964) да загадчыка (1974).

На станаўленне прафесара В.А.Ліопы як вучонага, універсітэцкага выкладчыка і асобы істотна паўплывалі ў гэтыя гады два фактары. З сярэдзіны мінулага стагоддзя ў гарадах Сібіры інтэнсіўна развіваюцца навуковыя даследаванні. Ствараецца Сібірскае аддзяленне АН СССР з цэнтрам у Навасібірску і Усходнесібірскі філіял з цэнтрам у Іркуцку. Тут працуе 7 акадэмічных інстытутаў, у якіх вядуцца фізічныя эксперыменты. Дынамічна развіваецца фізічны факультэт Іркуцкага універсітэта, адкрываюцца лабараторыі і кафедры, дзе цікаўнаму і працаздольнаму студэнту, а затым аспіранту В.А.Ліопу было да чаго прыкласці свае сілы.

Са сваім навуковым кіраўніком, загадчыкам кафедры фізікі цвёрдага цела прафесарам Міхаілам Сцяпанавічам Мецыкам, В.А.Ліопа пачаў працаваць, будучы яшчэ студэнтам трэцяга курса. Больш чым дваццацігадовае непасрэднае супрацоўніцтва з гэтым таленавітым фізікам і прыгожым чалавекам істотна паўплывала на прафесійныя і чалавечыя каштоўнасці В.А.Ліопы.

У 1978 годзе В.А.Ліопа абіраецца на пасаду дацэнта кафедры агульнай і тэарэтычнай фізікі Брэсцкага педагагічнага інстытута і пераязджае ў Беларусь. З 1979 па 1983 гады – прарэктар па навучальнай рабоце інстытута.

Са студзеня 1985 года В.А.Ліопа – дацэнт кафедры квантавай электронікі Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы. Менавіта ва універсітэце ён здолеў рэалізаваць свой патэнцыял навукоўца і выкладчыка. У 1999 годзе абараняе доктарскую дысертацыю «Физические механизмы структурных изменений слюд в зависимости от внешних воздействий». Праз год атрымоўвае вучонае званне прафесара па спецыяльнасці «Фізіка». З 1999 па 2009 года загадвае кафедрай тэарэтычнай фізікі.

Читать далее…

Максімовіч
Вячаслаў Аляксандравіч

Нарадзіўся 15 красавіка 1944 года ў вёсцы Пескі Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1959 годзе скончыў 7 класаў Навадворскай сярэдняй школы Шчучынскага раёна. Навучаўся (1959-1961) у будаўнічым вучылішчы г.Растова-на-Доне, дзе пачаў займацца класічнай барацьбой. Сярэднюю адукацыю атрымаў у вячэрняй школе рабочай моладзі г.Растова-на-Доне.

З 1963 года жыве і працуе ў Гродна. Інструктар раённага Савета ДСО «Ураджай» (1963), намеснік дырэктара па спартыўна-масавай рабоце Гродзенскага заатэхнікума. У 1964-1967 гг. праходзіў абавязковую вайсковую службу ў шэрагах Савецкай Арміі. З верасня 1970 года – выкладчык кафедры фізічнага выхавання Гродзенскага педагагічнага інстытута. У 1972 годзе скончыў Мінскі фізкультурны інстытут па спецыяльнасці «Фізічная культура і спорт». З 1973 года старшы выкладчык, дацэнт, у 1987-1997 гг. – загадчык кафедры фізічнага выхавання універсітэта. У 1991 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Дасканаленне падрыхтоўкі высокакваліфікаваных барцоў класічнага стылю». Вучонае званне дацэнта па кафедры фізічнага выхавання прысвоена ў 1992 годзе. З 1997 года трэнер-выкладчык па грэка-рымскай барацьбе Гродзенскай абласной школы вышэйшага спартыўнага майстэрства, галоўны трэнер нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па грэка-рымскай барацьбе (1999-2000), трэнер-выкладчык па грэка-рымскай барацьбе Гродзенскай абласной школы вышэйшага спартыўнага майстэрства (2001-2009). Вучонае званне прафесара па спецыяльнасці «Педагогіка» прысвоена ў 2008 годзе. З мая 2009 года прафесар В.А.Максімовіч – загадчык кафедры фізічнага выхавання універсітэта.

Вячаслаў Аляксандравіч з’яўляецца заснавальнікам школы грэка-рымскай барацьбы ў Гродзенскім рэгіёне. Ім падрыхтавана тры заслужаныя майстры спорту, 15 майстроў спорту міжнароднага класа, больш за 100 майстроў спорту Савецкага Саюза і Рэспублікі Беларусь. Вучні прафесара В.А.Максімовіча заваявалі на чэмпіянатах і першынствах Савецкага Саюза, Еўропы, Свету і Алімпійскіх гульнях больш за 60 медалёў рознай якасці. Неаднаразова удзельнічаў у навукова-метадычных семінарах, чытаў лекцыі па методыцы падрыхтоўкі спартсменаў у Фінляндыі, Польшчы, Ізраіле, Харватыі, Італіі, ЗША. Заслужаны трэнер Савецкага Саюза (1990) і БССР (1979), Ганаровы грамадзянін горада Гродна (2009).

Читать далее…

 

Марозава
Святлана Валянцінаўна

Нарадзілася 22 лістапада 1954 года ў сяле Ілля Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Сярэднюю адукацыю атрымала ў школе № 18 г.Гродна, якую скончыла з залатым медалём у 1972 годзе. У 1972-1977 гадах навучалася на гісторыка-педагагічным факультэце Гродзенскага педагагічнага інстытута,  які закончыла з адзнакай і атрымала кваліфікацыю «Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, метадыст па выхаваўчай працы». Два гады працавала ў школах Мінскага раёна піянерважатай, настаўніцай гісторыі і арганізатарам пазашкольнай і пазакласнай выхаваўчай работы. Была спашукальніцай кафедры гісторыі БССР універсітэта. У 1979 годзе паступіла ў аспірантуру кафедры гісторыі СССР і БССР. Аспірантуру скончыла ў 1982 годзе і праз год абараніла кандыдацкую дысертацыю «Брэсцкая царкоўная унія 1596 года і барацьба народных мас Беларусі супраць нацыянальна-рэлігійнага прыгнёту (1596-1667 гг.)». З 1982 года працуе на кафедры гісторыі Беларусі ў якасці асістэнта, старшага выкладчыка і дацэнта. Вучонае званне дацэнта па кафедры гісторыі БССР прысвоена ў 1989 годзе. Чытала курсы «Гісторыя Беларусі эпохі феадалізма», «Крыніцазнаўства» і шэраг спецкурсаў па гісторыі культуры Гродзеншчыны. У 1993-1996 гадах – дактарантка Інстытута гісторыі НАН Рэспублікі Беларусі. Доктарскую дысертацыю «Уніяцкая царква ў культурна-гістарычным развіцці Беларусі» абараніла ў 2003 годдзе. Вучонае званне прафесара па спецыяльнасці «Гісторыя» прысвоена ў 2007 годзе. У 1996-2002 гадах – дацэнт, прафесар кафедры гісторыі Беларусі, з 2008 года – загадчыца кафедры.

Аўтар каля 200 навуковых публікацый, у ліку якіх больш дзесятка манаграфій і навучальных дапаможнікаў. Навуковыя работы прафесара С.В.Марозавай грунтуюцца на салідным матэрыяле буйнейшых архіваў і бібліятэк Усходняй Еўропы (Мінск, Масква, Пецярбург, Львоў, Вільнюс, Варшава, Кракаў), вызначаюцца даказальнасцю і арыгінальнасцю падыхода да складаных гістарычных праблем («Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596-1839 гады)” і інш.).

Яе падручнікі і навучальныя дапаможнікі з’яўляюцца найбольш ужывальнымі вучэбнымі кнігамі на гістарычных факультэтах універсітэтаў краіны.

Стыпендыят Фонду Стэфана Баторыя, Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі і навукі Літоўскай Рэспублікі, Фонду каралевы Ядзвігі (Ягалонскі універсітэт), Амерыканскага Савета навуковых таварстваў. Сябра рэдакцыйнай калегіі «Беларускага гістарычнага часопіса”, рэцэнзент «Весніка Брэсцкага тэхнічнага універсітэта”.

Читать далее…

Copyright © 2012-2020 by ГрГУ им. Я.Купалы