Главная » Гордость ВУЗа » Профессора » Лепешаў Іван Якаўлевіч

Лепешаў Іван Якаўлевіч

30 января 2013

Лепешаў

Іван Якаўлевіч

Каб ахаратарызаваць І.Я.Лепешава як чалавека, вучонага і грамадзяніна, трэба было б напісаць салідную кнігу. Няма сумневу, што такая кніга будзе напісана і гэта будзе вельмі карысная кніга як для гісторыі айчыннай і славянскай філалогіі, так і для студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта.

Нарадзіўся І.Я.Лепешаў 23 кастрычніка 1923 года ў вёсцы Іскозы Дубровінскага раёна Віцебскай вобласці. У 1940 годзе скончыў 8 класаў Ліцвінаўскай сярэдняй школы, здаў экстэрнам экзамены за дзевяць класаў і паступіў у Аршанскі настаўніцкі інстытут, першы курс якога закончыў у 1941 годзе.

У 1944-1947 гадах – на франтах Айчыннай вайны ў шэрагах Чырвонай Арміі. Двойчы паранены. Узнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі» і шэрагам іншых. З адзнакай закончыў у 1948 годзе Аршанскі настаўніцкі інстытут. Працаваў настаўнікам беларускай мовы ў Свіслацкай сярэдняй школе Гродзенскай вобласці. Івана Якаўлевіча, як і многіх іншых беларусаў, не абмінулі сталінскія рэпрэсіі 40-х гадоў мінулага стагоддзя. У 1949 годзе беспадстаўна рэпрэсаваны. 6 гадоў працаваў разнарабочым у лагерах Прыморскага краю. З 1956 па 1971 год настаўнічаў у школах Шчучынскага раёна.

За 15 гадоў настаўніцкай працы І.Я.Лепешаў зрабіў столькі, што іншым гэтага хапіла б на ўсё жыццё. Завочна скончыў з адзнакай Гродзенскі педагагічны інстытут імя Янкі Купалы, аспірантуру кафедры беларускай мовы Мінскага педагагічнага інстытута (1951 г.). Надрукаваў каля сотні артыкулаў у перыядычных выданнях і навуковых часопісах па тэарэтычных пытаннях беларускай мовы і методыкі яе выкладання, гісторыі і краязнаўстве. Выдаў кнігі «Изготовление и использование таблиц по русскому языку» (1966) і «Литературно-краеведческий кружок» (1969).

Даўно заўважана, што вялікія рэкі ўжо ў вытоках вызначаюцца размашыстасцю і напорыстасцю. Гэтак сама і вялікія вучоныя ўжо ў маладыя гады выяўляюць глыбіню і размах творчых пошукаў і здзяйсненняў. Навуковая дзейнасць І.Я.Лепешава была заўважана выкладчыкамі інстытута, і гэта натуральна, бо ягоныя навуковыя публікацыі сведчылі, што гэты вясковы настаўнік мае ясны, праніклівы і строгі розум. Яго запрашаюць на выкладчыцкую працу ў інстытут.

З верасня 1971 года І.Я.Лепешаў працуе на кафедры беларускай мовы, дзе прайшоў усе ступені кар’ернай універсітэцкай лесвіцы ад асістэнта да прафесара. У 1972 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Фразеалогія ў творах Кандрата Крапівы». Праз 3 гады атрымаў вучонае званне дацэнта. Доктарскую дысертацыю «Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы ў сучаснай беларускай мове» абараніў у 1985 годзе. З 1987 года – прафесар.

Амаль 40 гадоў прафесар І.Я.Лепешаў чытае студэнтам філалагічнага факультэта курсы «Сучасная беларуская літаратурная мова» і «Сучасная беларуская мова: лексікалогія, фразеологія, фанетыка, арфаграфія». На матэрыяле асабістых навуковых даследаванняў ім распрацавана шэраг спецыяльных курсаў, якія грунтоўна ўплываюць на творчае спасціжэнне студэнтамі заканамернасцей функцыянавання і развіцця роднай мовы: «Праблемы фразеалагічнай стылістыкі», «Лінгвістычны аналіз мастацкага тэксту», «Спрэчныя пытанні мовазнаўства» і іншыя.

Калі акідваеш позіркам зробленае прафесарам І.Я.Лепешавым у беларускай лінгвістыцы, то ўзнікае ўражанне, што гэтага не мог зрабіць адзін чалавек, што гэта па сілах толькі значнаму творчаму калектыву. Ён аўтар 520 навуковых і культуралагічных публікацый, 40 кніг, сярод якіх больш за дзесятак фундаментальных манаграфій, падручнікаў і навучальных дапаможнікаў. Прафесар І.Я.Лепешаў садзейнічаў станаўленню ў беларускай лінгвістыцы шэрагу навуковых накірункаў, у прыватнасці лінгвістычнага аналізу літаратурнага твора, этымалогіі, культуры мовы і стылістыкі. Ягоныя манаграфіі «Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора» (1981), два выпускі «Этымалагічнага слоўніка фразеалагізмаў» (1981, 1993), «Асновы культуры мовы і стылістыкі» (1989), «Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы» (1984) – гэта найбольш грунтоўныя выданні па азначаных навуковых накірунках. У 1993 годзе пабачыў свет «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы». Гэта самая буйная праца такого тыпу не толькі ў беларускай, але і ў славянскай фразеалогіі ўвогуле. У слоўніку каля 6000 фразеалагізмаў сучаснай беларускай мовы. Зазначым, што «Фразеологический словарь русского языка» налічвае толькі 4000 фразеалагічных адзінак. «Фразеалагічны слоўнік» Івана Якаўлевіча – гэта навуковы панегірык багаццю і мілагучнасці роднай мовы. Увогуле, усе яго працы напісаны з такім замілаваннем, спрытнасцю і майстэрствам, з якімі сярэднявечныя каменячосы часалі камяні для храмаў.

Прафесар І.Я.Лепешаў аўтар шэрагу падручнікаў, якія вытрымалі не адно выданне. У прыватнасці «Практыкум па беларускай мове» выйшаў у 2005 годзе чацвёртым выданнем.

Грамадзянскія якасці прафесара І.Я.Лепешава яскрава выяўляе ягоная публіцыстыка, сабраная ў кнігах «Дазнанні» (2-е выд., 2000) і «У пошуках ісціны» (2007). Гэтыя кнігі сведчаць, што яго турбуе лёс не толькі беларускай мовы, але і культуры ўвогуле. Большасць артыкулаў – гэта не толькі грунтоўны аналіз сённяшняга стану нацыянальнай культуры, але і прыклад таго, як неабходна працаваць дзеля іх будучыні. Менавіта за інтэлектуальную мужнасць прафесар І.Я.Лепешаў карыстаецца высокай павагай, якую выказваюць яму выкладчыкі і студэнты універсітэта.

Як чалавек прафесар І.Я.Лепешаў вызначаецца рэзкасцю ў ацэнцы працэсаў, што адбываюцца ў беларускай лінгвістыцы. Аднак гэтая рэзкасць не перашкаджае яму аб’ектыўна ацэньваць стан сучаснага беларусазнаўства і дапамагаць усім, хто працуе дзеля ягонага развіцця.

Нягледзячы на сталы ўзрост Іван Якаўлевіч паспяхова працуе ў любімай ім беларускай лінгвістыцы. Працуе плённа. У 2007 годзе пабачылі свет 3 яго кнігі, у 2008 – 2, сёлета – 2.

Гэтак жа плённа ён працуе са студэнтамі і аспірантамі філалагічнага факультэта, для якіх кожная сустрэча з прафесарам І.Я.Лепешавым –інтэлектуальнае свята.

 

Асноўныя публікацыі:

Изготовление и использование таблиц по русскому языку. – Минск: Народная асвета, 1966.

Литературно-краеведческий кружок. – Минск: Народная асвета, 1969.

Фразеалагічны слоўнік для сярэдняй школы. – Мінск: Народная асвета, 1973. (у суаўт.)

Фразеалогія ў творах К. Крапівы: стылістычнае выкарыстанне фразеалагізмаў. – Мінск: Навука і тэхніка, 1976.

Практыкум па беларускай мове. – Мінск: Вышэйшая школа, 1981. (4-е выд., 2005.) (у суаўт.)

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. – Мінск: Народная асвета, 1981.

Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора. – Мінск: Народная асвета, 1981.

Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы. – Мінск: Навука і тэхніка, 1984.

Моўныя самацветы. – Мінск: Народная асвета, 1985.

Вучэбна-метадычны комплекс для студэнтаў 1 курса філалагічнага факультэта (спецыяльнасць 2002, 2001) па курсу: Сучасная беларуская мова: лексікалогія, фразеалогія, фанетыка, графіка, арфаграфія. – Гродна: ГрДУ, 1985.

Асновы культуры мовы і стылістыкі: практыкум. – Мінск: Універсітэцкае, 1989.

З народнай фразеалогіі: дыферэнцыяльны слоўнік. – Мінск: Вышэйшая школа, 1991.

Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы: у 2 т. Т. 1. – Мінск: Бел. Энцыклапедыя, 1993.

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. Частка 2. – Мінск: Народная асвета, 1993.

Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы: у 2 т. Т. 2. – Мінск: Бел. Энцыклапедыя, 1993.

Прыказкі як моўныя адзінкі і іх стылістычнае выкарыстанне. – Гродна: ГрДУ, 1995. (у суаўт.)

Слоўнік беларускіх прыказак. – Мінск: Бел. Энцыклапедыя, 1996. (у суаўт.)

Фразеалогія сучаснай беларускай мовы. – Мінск: Вышэйшая школа, 1998.

У слоўнікавую скарбонку. – Гродна: ГрДУ, 1999.

Дазнанні. – Гродна: Гродз. абл. аддз-не Белар. фонду культуры, 2000. (2-е выд., 2000)

Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора. Частка 2. – Гродна:ГрДУ, 2000.

Практыкум па лексікалогіі і фразеалогіі. – Гродна: ГрДУ, 2001. (у суаўт.)

Сучасная беларуская літаратурная мова: спрэчныя пытанні. – Гродна: ГрДУ, 2002.

Слоўнік беларускіх прыказак. – Мінск: Белар. навука, 2002.  (у суаўт.)

Сучасная беларуская мова: вучэбная праграма для вышэйшых навучальных устаноў па спецыяльнасці 1-21 05 01 Беларуская філалогія. – Мінск: РІВШ БДУ, 2003. (у суаўт.)

Чаму мы так гаворым. – Гродна: ГрДУ, 2003.

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. – Мінск: БелЭн, 2004.

У фразеалагічную скарбонку. – Гродна: ГрДУ, 2004.

Слоўнік беларускіх прыказак. – Мінск: Бел. асац. «Конкурс», 2006. (у суаўт.)

Парэміялогія як асобны раздзел мовазнаўства. – Гродна: ГрДУ, 2006.

Культура маўлення. – Гродна: ГрДУ, 2007.

Практыкум па фанетыцы, арфаэпіі, графіцы і арфаграфіі. – Гродна: ГрДУ, 2007. (у суаўт.)

У пошуках ісціны: нарысы. – Ліда: Выдавецкі дом ТБМ, 2007.

Слоўнік фразеалагізмаў: у 2 т. Т. 1. – Мінск: Бел, Эн, 2008.

Слоўнік фразеалагізмаў: у 2 т. Т. 2. – Мінск: БелЭн, 2008.

Лінгвістычны аналіз тэксту. – Мінск: Вышэйшая школа, 2009.

 

Lepeshau Ivan Yakaulevich (b. 1923). Doctorate in Philology (1985), professor (1987). Atuhor of over 250 scientific and publicistic papers, including 40 monographs, textbooks and manuals for university students. Main directions of research: linguistic analysis of works of fiction, etymology, stylistics, language culture.

Профессора

Copyright © 2012-2020 by ГрГУ им. Я.Купалы