Сокал

Сцяпан Фёдаравіч

 

Прафесар С.Ф.Сокал узначальваў юрыдычны факультэт універсітэта ў гады ягонага станаўлення. Ён істотна паўплываў на арганізацыю навуковай і метадычнай дзейнасці калектыву факультэта.

Нарадзіўся 8 студзеня 1943 года ў вёсцы Шавялі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Сярэднюю адукацыю атрымаў у школе № 2 г.Баранавічы. Паралельна ў 1955-1959 гадах навучаўся ў музычнай школе. У 1959 годзе паступіў у Гродзенскае музычнае вучылішча. Праз два гады перавёўся на завочнае аддзяленне Брэсцкага музычнага вучылішча. Працаваў настаўнікам музыкі ў школах Брэстчыны.

Закончыў юрыдычны факультэт (1967) Беларускага універсітэта. Працаваў (1967-1970) памочнікам пракурора Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці. З 1970 па 1974 год у Інстытуце філасофіі і права АН БССР: аспірант, малодшы навуковы супрацоўнік. У 1972 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Социологическая и политическая мысль Белоруссии во ІІ половине XVI в.». Да 1977 года – старшы выкладчык, дацэнт, в.а. загадчыка кафедры філасофіі Мінскага радыётэхнічнага інстытута. Вучонае званне дацэнта па кафедры філасофіі прысвоена ў 1977 годзе. Затым (1977-1981) – інспектар Упраўлення выкладання грамадскіх навук Міністэрства вышэйшай адукацыі БССР. У 1981 годзе абіраецца па конкурсе на пасаду старшага навуковага супрацоўніка Інстытута філасофіі і права АН БССР.

З верасня 1985 года – дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права і дэкан юрыдычнага факультэта Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы. Ва універсітэт С.Ф.Сокал прыйшоў з дастаткова значным вопытам навуковай, педагагічнай і адміністрацыйнай працы. Найбольш істотным было тое, што навуковыя інтарэсы Сцяпана Фёдаравіча адпавядалі зместу падрыхтоўкі юрыстаў. Яго пяру належалі грунтоўныя манаграфіі па гісторыі прававой, сацыялістычнай і палітычнай думкі Беларусі: «Социологическая и политическая жизнь в Белоруссии во II половине XVI века» (1974), «Политическая и правовая мысль Белоруссии XVI – первой половины XVII веков», а таксама шэраг раздзелаў у калектыўных манаграфіях.

Падчас дэканства С.Ф.Сокала на факультэце былі створаны неабходныя ўмовы для творчага росту ў навуковай і навучальнай сферах, назапашана творчая энергія, што дазволіла калектыву ўзняцца на вышэйшую прыступку развіцця, імя якой – сталасць. Калектыў факультэта ўспрымаў дэкана як надзейную апору, а таму адчуваў упэўненасць у сваіх сілах і набываў здольнасць вырашаць самыя складаныя пытанні. Пры гэтым прафесар С.Ф.Сокал ніколі не падкрэсліваў свайго «я», будаваў каштоўныя і паважлівыя адносіны з калегамі, умеў знайсці найлепшае прымяненне здольнасцям кожнага, падтрымаць і абараніць ад несправядлівасці.

У 1986 годзе абіраецца на пасаду загадчыка кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права. Быў ініцыятарам пераводу навучальнага працэсу на беларускую мову. Курсы «Дзяржаўнае права замежных краін», «Гісторыя дзяржавы і права БССР», «Гісторыя палітычных вучэнняў», спецкурс «Уводзіны ў спецыяльнасць» чытаў па-беларуску. Наладзіў рэальнае навуковае супрацоўніцтва з акадэмічнай юрыдычнай навуковай  і адпаведнымі структурамі АН БССР і АН СССР. Вынікам супрацоўніцтва стаў удзел выкладчыкаў кафедры ў падрыхтоўцы манаграфіі «Великий Октябрь и национально-государственное строительство в Белоруссии» і «Философская и общественно-политическая мысль Белоруссии и Литвы». С.Ф.Сокал асабіста ўнёс значны ўклад у выданне знакамітага помніка беларускага права «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года». Для «Энцыклапедычнага даведніка» гэтага выдання напісаў каля дзесяці артыкулаў. У 1988 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «Политическая и правовая мысль Белоруссии в XVI – первой половине XVII веков». Вучонае званне прафесара па кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права прысвоена ў 1990 годзе.

Летам 1990 года прафесар С.Ф.Сокал быў абраны старшынёй Саюза юрыстаў БССР і з 1 верасня пераехаў на працу ў Мінск.

Читать далее…

СПОРНІК

МІКАЛАЙ МАКСІМАВІЧ

Нарадзіўся 1 сакавіка 1941 года ў пасёлку Уведзенка Бароўскага раёна Кустанайскай вобласці ў сям’і рабочага. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Бароўскай школе. У 1959-1962 гадах – курсант Качынскага Чырванасцяжнага вышэйшага ваеннага вучылішча лётчыкаў у горадзе Валгаградзе. Дэмібілізаваны па стане здароўя. Працаваў каменшчыкам будаўніча-мантажнага ўпраўлення ў сяле Бароўскае. У 1963-1967 гадах студэнт оптыка-механічнага факультэта Маскоўкага інстытута інжынераў геадэзіі, аэрафотаздымкі і картаграфіі. Пасля заканчэння інстытута працаваў інжынерам, старшым інжынерам, малодшым навуковым супрацоўнікам, старшым навуковым супрацоўнікам у Дзяржаўным інстытуце прыкладной оптыкі (г.Казань).

У 1974 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Распрацоўка і даследаванне галаграфічных метадаў і апаратуры для вывучэння газавага патоку». С 1979 года – у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце: начальнік навукова-даследчага сектара (1979), старшы выкладчык кафедры квантавай электронікі, дацэнт, выконаўца абавязкаў загадчыка кафедры (1980-1983). Вучонае званне дацэнта па кафедры квантавай электронікі, опыткі і спектраскапіі прысвоена ў 1983 годзе. З 1983 года – загадчык кафедры оптыкі і спектраскапіі, з 1988 года – кафедры прыкладной оптыкі.

Доктарскую дысертацыю па спецыяльнай тэме абараніў у 1987 годзе. Вучонае званне прафесара па кафедры прыкладной оптыкі прысвоена ў 1989 годзе.

З’яўляўся навуковым кіраўніком больш за 20 навукова-даследчых тэм. Аўтар больш за  200 публікацый, у тым ліку дзвюх манаграфій, 50 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў, а таксама паэм і вершаў. Удзельнік міжнародных сімпозіумаў, канферэнцый, кангрэсаў (Францыя, Японія, Чэхія, Англія, Кітай, Польшча).

Прафесар М.М.Спорнік быў салідным спецыялістам у галіне аптычнай галаграфіі і кагерэнтнай оптыкі і іх выкарыстання ў розных сферах народнай гаспадаркі.

Памёр прафесар М.М.Спорнік у 2008 годзе.

Читать далее…

Струк

Васілій Аляксандравіч

 

Нарадзіўся ў 1949 годзе ў горадзе Валожын Мінскай вобласці. У 1966 годзе скончыў сярэднюю школу № 2 г.Валожына са срэбраным медалём і паступіў у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны інстытут імя С.М.Кірава (сёння – Беларускі тэхналагічны універсітэт). Атрымаў кваліфікацыю «Інжынер – хімік – тэхнолаг”. Працаваў старшым інжынерам Беларускага спецыялізаванага ўпраўлення (1971-1974). З 1974 года – інжынер, малодшы навуковы супрацоўнік, старшы навуковы супрацоўнік, загадчык лабараторыі Інстытута механікі металапалімерных сістэм АН БССР (сёння – Інстытут механікі металапалімерных сістэм імя В.А.Белага НАН Рэспублікі Беларусь).

У Гродзенскім універсітэце – з 1990 года. Прафесар, загадчык кафедры матэрыялазнаўства і рэсурсазберагальных тэхналогій. У 1979 годзе абараніў дысертацыю кандыдата тэхнічных навук па спецыяльнасці «Матэрыялазнаўства ў машынабудаванні”, а ў 1989 – доктарскую дысертацыю. Вучонае званне прафесара па кафедры матэрыялазнаўства і рэсурсазберагальных тэхналогій прысвоена ў 1991 годзе.

Прафесар В.А.Струк – спецыяліст у галіне фізіка-хіміі і тэхналогіі функцыянальных машынабудаўнічых матэрыялаў на аснове палімерных і металапалімерных матрыц. Распрацоўшчык канцэпцыі малазношвальных трыбатэхнічных металапалімерных сістэм. Стваральнік навуковай школы «Матэрыялазнаўства, фізіка-хімія і тэхналогія нанакампазіцыйных машынабудаўнічых матэрыялаў на аснове палімерных матрыц”. Сёння ў школе працуюць 16 кандыдатаў тэхнічных навук і 10 магістраў.

Аўтар больш за 500 навуковых публікацый, у тым ліку падручніка «Матэрыялазнаўства для студэнтаў інжынерных спецыяльнасцей”, больш за 20 манаграфій па праблемах матэрыялазнаўства, энергарэсурсазберагальных тэхналогій і інавацыйнага развіцця рэгіянальнай эканомікі, звыш 120 патэнтаў на вынаходніцтва і карысныя мадэлі.

Навуковай школа пад кіраўніцтвам прафесара В.А.Струка ўнавукова-даследчай дзейнасці:

–       распрацавана трыбатэхнічная канцэпцыя стварэння малазнашвальных трыбасістэм, заснаваная на кіраванні трыбатэхнічнымі працэсамі, якія фармуюць цыкл, што генеруе інгібітары зношвання ў працэсе іх эксплуатацыі;

–       устаноўлены эфект пралангаванага антыакісляльнага дзеяння нанапамерных частіц металаў у палімерных, алігамерных і сумесевых матрыцах;

–       у суаўтарстве з прафесарам В.А.Ліопам распрацавана тэорыя мадыфікавальнага дзеяння нанапамерных часціц разнастайнага складу, габітусу і тэхналогіі сінтэзу у высокамалекулярных матрыцах.

У навукова-інавацыйнай дзейнасці:

– распрацавана канцэпцыя фармавання рэгіянальных інавацыйных цэнтраў, заснаваная на інтэграцыйным узаемадзеянні інтэлектуальных рэсурсаў навучальных устаноў, навукова-даследчых цэнтраў і прамысловых прадпрыемстваў;

– створаны рэгіянальны інавацыйны кластэр Навучальна-метадычны цэнтр «Прамаграмаш”.

Узнагароджаны медалём Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук «Аўтару навуковага адкрыцця”.

Читать далее…

Струміла

Славамір Аляксандравіч

 

Нарадзіўся 8 сакавіка 1946 года ў вёсцы Слабодка Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і чыгуначніка. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Астравецкай школе, якую закончыў са срэбраным медалём. У 1963-1969 гадах – студэнт Гродзенскага медычнага інстытута (зараз універсітэт).

Пасля заканчэння інстытута працаваў галоўным урачом Германавічскай участковай бальніцы (1969), праходзіў абавязковую вайсковую службу ў шэрагах Савецкай Арміі (1969-1970), у 1970 годзе – урач Гродзенскага абласнога лячэбна-фізкультурнага дыспансера.

З 1971 года ў Інстытуце біяхіміі АН БССР: старшы лабарант, малодшы, старшы, вядучы, галоўны навуковы супрацоўнік, загадчык лабараторыі энзімалогіі і біятэхналогіі (1987-1988). Кандыдацкую дысертацыю «Взаимодействие витаминов РР и ВТ в регуляции ферментов тензофосфатного пути обмена углеводов при различных функциональных состояниях адреналовой системы» абараніў у 1975 годзе. Доктарскую «Полиферментные комплексы дегидрогенез 2-оксокислот надпочечных желез (роль, свойства, регуляция)» у 1985.

У чэрвені 1988 года пераводам залічаны на пасаду прафесара кафедры біяхіміі Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы, а з 1 ліпеня загадчыкам кафедры. Вучонае званне прафесара па кафедры біяхіміі прысвоена ў 1990 годзе. Звольнены з працы па асабістым жаданні ў 1991 годзе.

Навуковыя накірункі дзейнасці прафесара С.А.Струмілы засяроджаны на даследаванні механізмаў, рэгуляцыі клеткавага метабалізму, дакладней, рэгуляцыі актыўнасці найважнейшых ферментаў і паліферментных сістэм. У лабараторыі энзімалогіі і біятэхналогіі за кароткі тэрмін атрыманы ў высокаачышчаным стане паліферментныя комплексы дэгідрагеназ 2-аксікіслот сэрца чалавека і вывучаны іх асноўныя ўласцівасці, што мае істотнае медыка-біялагічнае значэнне. Пад навуковым кіраўніцтвам С.А.Струмілы выкананы і абаронены 2 кандыдацкія дысертацыі, плануецца выкананне яшчэ 2 дысертацый.

Пералічаныя навуковыя пошукі прафесара С.А.Струмілы апублікаваны ў 103 працах (66 часопісных артыкулах і 1 манаграфіі) у айчынных і замежных выданнях, дакладаліся аўтарам на міжнародных і замежных канферэнцыях і сімпозіумах. На яго рахунку 12 рацыяналізатарскіх прапаноў і 7 укараненняў.

Читать далее…

Сцяцко

Павел Уладзіміравіч

 

Навуковыя працы прафесара П.У.Сцяцко ўжо сёння многія эксперты адносяць да залатога фонду беларускай і славянскай філалогіі другой паловы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў. І галоўным чынам таму, што яны з’яўляюцца ўзорам рэдкай у гуманітарных навуках выразнасці і строгасці аўтарскага падыходу да пастаноўкі і вырашэння тэарэтычных праблем мовазнаўства.

Нарадзіўся 5 сакавіка 1930 года ў вёсцы Грабава Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Ваўкавыскім педагагічным вучылішчы, якое скончыў у 1949 годзе. Вышэйшую філалагічную – на факультэце мовы і літаратуры (беларускае аддзяленне) Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы (1949-1953). Працоўную дзейнасць пачынаў выкладчыкам кафедры беларускай мовы і літаратуры. Пазней абраны на пасаду старшага выкладчыка кафедры беларускай і рускай мовы. Чытаў тэарэтычны курс беларускай мовы, «Уводзіны ў мовазнаўства», спецкурсы па марфалогіі і словаўтварэнні. З канца 1960 года – аспірант Інстытута мовазнаўства АН БССР. У 1962 годзе датэрмінова абараніў кандыдацкую дысертацыю «Побытавая лексіка гаворак Зэльвеншчыны».

Да 1981 года дацэнт, прафесар кафедры беларускай мовы Мінскага педагагічнага інстытута. У 1980 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «Субстантыўная дэрывацыя ў беларускай народна-дыялектнай мове». Вучонае званне прафесара прысвоена ў 1982 годзе.

У 1981-1990 гадах загадвае кафедрай рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Распрацоўвае пытанні ўсходнеславянскай лінгвістычнай тэрміналогіі. Славістычную кваліфікацыю падвышаў ў Карлавым (Прага, 1983) і Варшаўскім (1988) універсітэтах.

Вынікі даследавання ўсходнеславянскай лінгвістычнай тэрміналогіі выяўлены ў «Русско-белорусском словаре лингвистических терминов» (у суаўт.), «Слоўніку лінгвістычных тэрмінаў» і шэрагу іншых публікацый.

З ліпеня 1990 года – у Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы: загадчык кафедры беларускай культуры (1990-1991), мовазнаўства (1991-1996), беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства (1996-2007). Напачатку 90-ых гадоў мінулага стагоддзя чытаў курсы беларускай мовы, параўнальнай граматыкі беларускай, рускай і польскай моў, вёў семінар пра словаўтварэнні ў гэтых мовах у філіяле Варашаўскага універсітэта (Беласток).

Асноўныя кірункі навуковай дзейнасці прафесара П.У.Сцяцко – беларуская навуковая тэрміналогія, словаўтварэнне ў беларускай народна-дыялектнай і літаратурнай мове і яго стасункі з іншымі славянскімі мовамі (рускай, украінскай, польскай, балгарскай). Аўтар больш за 500 навуковых прац, у ліку якіх каля 36 манаграфій, падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для сярэдняй і вышэйшай школы. Тэарэтычныя працы, якія друкаваліся ў перыядычных выданнях, уключаны ў двухтомнік выбраных твораў «Мовазнаўчы досвед». Вучэбныя дапаможнікі «Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы» і «Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія» вытрымалі некалькі выданняў, а падручнік для навучэнцаў педагагічных вучылішчаў і каледжаў, выдадзены ў 1982 годзе, перавыдаваўся ў 1992, 1998, 2001 і 2004 гадах.

Прафесар П.У.Сцяцко – стваральнік навуковай школы па дэрываталогіі (словаўтварэнне ў славянскіх і германскіх мовах). Навуковыя набыткі школы больш за 15 манаграфій.

Пад кіраўніцтвам прафесара П.У.Сцяцко абаронена 15 кандыдацкіх дысертацый. Ён вядзе значную рэдактарскую працу ў навуковых выданнях: адказны рэдактар навуковага альманаха «Гарадзенскія запісы. Старонкі гісторыі і культуры» (1993-1997), сябра рэдкалегіі «Bialostocki Przegląd Kresowy» (1994-1997), «Весніка Беларускага універсітэта» (1989-1992), «Весніка Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы» (з 1999), сябра рэдкалегіі і навуковы кансультант часопіса «Роднае слова».

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2004).

Читать далее…

Copyright © 2012-2020 by ГрГУ им. Я.Купалы