Главная » Гордость ВУЗа » Профессора » Сцяцко Павел Уладзіміравіч

Сцяцко Павел Уладзіміравіч

30 января 2013

Сцяцко

Павел Уладзіміравіч

 

Навуковыя працы прафесара П.У.Сцяцко ўжо сёння многія эксперты адносяць да залатога фонду беларускай і славянскай філалогіі другой паловы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў. І галоўным чынам таму, што яны з’яўляюцца ўзорам рэдкай у гуманітарных навуках выразнасці і строгасці аўтарскага падыходу да пастаноўкі і вырашэння тэарэтычных праблем мовазнаўства.

Нарадзіўся 5 сакавіка 1930 года ў вёсцы Грабава Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Ваўкавыскім педагагічным вучылішчы, якое скончыў у 1949 годзе. Вышэйшую філалагічную – на факультэце мовы і літаратуры (беларускае аддзяленне) Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы (1949-1953). Працоўную дзейнасць пачынаў выкладчыкам кафедры беларускай мовы і літаратуры. Пазней абраны на пасаду старшага выкладчыка кафедры беларускай і рускай мовы. Чытаў тэарэтычны курс беларускай мовы, «Уводзіны ў мовазнаўства», спецкурсы па марфалогіі і словаўтварэнні. З канца 1960 года – аспірант Інстытута мовазнаўства АН БССР. У 1962 годзе датэрмінова абараніў кандыдацкую дысертацыю «Побытавая лексіка гаворак Зэльвеншчыны».

Да 1981 года дацэнт, прафесар кафедры беларускай мовы Мінскага педагагічнага інстытута. У 1980 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «Субстантыўная дэрывацыя ў беларускай народна-дыялектнай мове». Вучонае званне прафесара прысвоена ў 1982 годзе.

У 1981-1990 гадах загадвае кафедрай рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Распрацоўвае пытанні ўсходнеславянскай лінгвістычнай тэрміналогіі. Славістычную кваліфікацыю падвышаў ў Карлавым (Прага, 1983) і Варшаўскім (1988) універсітэтах.

Вынікі даследавання ўсходнеславянскай лінгвістычнай тэрміналогіі выяўлены ў «Русско-белорусском словаре лингвистических терминов» (у суаўт.), «Слоўніку лінгвістычных тэрмінаў» і шэрагу іншых публікацый.

З ліпеня 1990 года – у Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы: загадчык кафедры беларускай культуры (1990-1991), мовазнаўства (1991-1996), беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства (1996-2007). Напачатку 90-ых гадоў мінулага стагоддзя чытаў курсы беларускай мовы, параўнальнай граматыкі беларускай, рускай і польскай моў, вёў семінар пра словаўтварэнні ў гэтых мовах у філіяле Варашаўскага універсітэта (Беласток).

Асноўныя кірункі навуковай дзейнасці прафесара П.У.Сцяцко – беларуская навуковая тэрміналогія, словаўтварэнне ў беларускай народна-дыялектнай і літаратурнай мове і яго стасункі з іншымі славянскімі мовамі (рускай, украінскай, польскай, балгарскай). Аўтар больш за 500 навуковых прац, у ліку якіх каля 36 манаграфій, падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для сярэдняй і вышэйшай школы. Тэарэтычныя працы, якія друкаваліся ў перыядычных выданнях, уключаны ў двухтомнік выбраных твораў «Мовазнаўчы досвед». Вучэбныя дапаможнікі «Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы» і «Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія» вытрымалі некалькі выданняў, а падручнік для навучэнцаў педагагічных вучылішчаў і каледжаў, выдадзены ў 1982 годзе, перавыдаваўся ў 1992, 1998, 2001 і 2004 гадах.

Прафесар П.У.Сцяцко – стваральнік навуковай школы па дэрываталогіі (словаўтварэнне ў славянскіх і германскіх мовах). Навуковыя набыткі школы больш за 15 манаграфій.

Пад кіраўніцтвам прафесара П.У.Сцяцко абаронена 15 кандыдацкіх дысертацый. Ён вядзе значную рэдактарскую працу ў навуковых выданнях: адказны рэдактар навуковага альманаха «Гарадзенскія запісы. Старонкі гісторыі і культуры» (1993-1997), сябра рэдкалегіі «Bialostocki Przegląd Kresowy» (1994-1997), «Весніка Беларускага універсітэта» (1989-1992), «Весніка Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы» (з 1999), сябра рэдкалегіі і навуковы кансультант часопіса «Роднае слова».

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2004).

 

Асноўныя публікацыі:

Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. – Мінск: Вышэйшая школа, 1969; 1980; 1987. (у суаўт.)

Народная лексіка.  – Мінск: Навука і тэхніка, 1970.

Дыялектны слоўнік (З гаворак Зэльвеншчыны) – Мінск: Выдавецтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І.Леніна, 1970.

Беларуская мова. – Мінск: Вышэйшая школа, 1970. (у суаўт.)

Народная лексіка і словаўтварэнне. – Мінск: Навука і тэхніка, 1972.

Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія. – Мінск: Вышэйшая школа, 1975; 1980. (у суаўт.)

Сучасная беларуская літаратурная мова. Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія. Фразеаграфія. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка і арфаграфія. – Мінск: Вышэйшая школа, 1976. (у суаўт.)

Беларускае народнае словаўтварэнне. Афіксальныя назоўнікі. – Мінск: Навука і тэхніка, 1977.

Беларуская мова. Частка І. – Мінск: Вышэйшая школа, 1982; 1992; 1998; 2001; 2004. (у суаўт.)

Лингвистическая терминология в вузовских курсах. Учебное пособие. – Гомель, 1984. (в соавт.)

Русско-белорусский словарь лингвистических терминов. – Минск: Наука и техника, 1988. (в соавт.)

Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў. – Мінск: Вышэйшая школа, 1990. (у суаўт.)

Пачатковы курс мовазнаўства. Навучальны дапаможнік да курсу «Уводзіны ў мовазнаўства» для студэнтаў спецыяльнасцяў 02.17; 02.19 – Гродна: ГрДУ, 1993.

Słownik terminologii lingwistycznej (bialorusko-rosyjsko-polski i polsko-rosyjsko-białoruski). – Białystok: Zakład Filologii Wschodniosłowiańskich Filii Uniwersytetu Warszawskiego w Białymstoku, 1994. (у суаўт.)

Праблемы нормы, культуры мовы. Навучальны дапаможнік па спецкурсе «Праблемы адраджэння і натуральнага развіцця беларускай мовы, нармавання яе савецкага варыянту» для студэнтаў спецыяльнасці Г.02.01 – Беларуская мова і літаратура. – Гродна: ГрДУ, 1998.

Руска-беларускі фізічны слоўнік. – Гродна: ГрДУ, 1999. (у суаўт.)

Праблемы лексічнага нармавання беларускай мовы. Навучальны дапаможнік па спецкурсе «Праблемы адраджэння і натуральнага развіцця беларускай мовы, нармавання яе савецкага варыянту» для студэнтаў спецыяльнасці Г0201 – Беларуская мова і літаратура. – Гродна: ГрДУ, 1999.

Слоўнік рэгіянальнай лексікі Гродзеншчыны. – Гродна: ГрДУ, 1999. (у суаўт.)

. Уводзіны ў мовазнаўства. – Гродна: ГрДУ, 2001. (у суаўт.)

Беларуская мова. У дзвюх частках: Ч. І. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Фразеалогія. Марфемная будова слова і словаўтварэнне. Марфалогія. – Мінск: Вышэйшая школа, 2001. (у суаўт.)

Культура мовы. Навукова-папулярнае выданне. – Мінск: Тэхналогія, 2002.

Народнай мовы Зэльвеншчыны. – Гродна: ГрДУ, 2005.

Анамастычны слоўнік Гродзеншчыны. У дзвюх частках: Ч.І. Мікратапонімы  / Пад рэд. П.Сцяцко. – Гродна: ГрДУ, 2005.

Мовазнаўчы досвед (выбраныя творы). У дзвюх частках: Ч.І. Дыялекталогія. Сучасная мова і методыка. Анамастыка. Міжмоўныя стасункі . – Гродна: ГрДУ, 2005.

Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы: падручнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыі. – Мінск: Аверсэв, 2006. (у суаўт.)

 

Stsiatsko Pavel Uladzimiravich (b. 1930). Doctorate in Philology (1980), professor (1982). Head of the chair for Russian, Slavic and general linguistics of the Homel Franstsishak Skaryna State University (1981-1990), head of the chair for Belarusian culture (1990-1991), head of the chair for Linguistics (1991-1996), head of the chair for Belarusian and theoretical linguistics (1996-2007) of the Grodno Yanka Kupala State University. Author of over 500 papers, including approx. 30 monographs, textbooks and manuals. Main directions of research: Belarusian scientific terminology, word formation in the Belarusian folk-dialect and literary language and its relation to other Slavic languages (Russian, Ukrainian, Polish, Bulgarian).

Профессора

Copyright © 2012-2020 by ГрГУ им. Я.Купалы