Кірілюк Лідзія Уладзіміраўна
Калі б узнікла неабходнаснасць вызначыць сярод выкладчыкаў узор, ці нават сімвал, адданага і бескарыснага служэння універсітэту, то першым кандыдатам на гэтае высокае званне была бы прафесар Л.У.Кірылюк. І не таму, што ва універсітэце прайшлі 50 гадоў яе жыцця (хаця і гэта істотна), а перш за ўсё таму, што яна, як ніхто іншы, здолела ўспрыняць каштоўнасці універсітэцкай супольнасці і найлепшыя якасці сваіх настаўнікаў. Пераняць глыбока, арганічна і беражліва перадаць сваім вучням. Нарадзілася Лідзія Уладзіміраўна 25 верасня 1926 года у горадзе Гродна. Яе бацька працаваў рабочым у фарбавальнай майстэрні. Спазнаць працу ў фарбавальнай майстэрні давялося і самой Лідзіі Уладзіміраўне падчас акупацыі горада Гродна нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Да 1939 года скончыла 6 класаў польскай школы. Затым 2 гады навучалася ў савецкай. Пасля вызвалення Гродна працавала бухгалтарам у інстытуце ўдасканалення настаўнікаў. Сярэднюю адукацыю атрымала ў 1948 годзе. Скончыла Гродзенскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці «Матэматыка». Працавала настаўніцай матэматыкі у сярэдняй школе № 3 горада Гродна. З 1955 года Лідзія Уладзіміраўна – выкладчык кафедры элементарнай матэматыкі. Чытае курс «Элементарная геаметрыя». Праз 3 гады абіраецца на пасаду старшага выкладчыка. Калегі, кіраўніцтва факультэта і інстытута адзінадушна адзначаюць шырокую эрудыцыю Лідзіі Уладзіміраўны у галіне матэматыкі, глыбокае веданне свайго прадмета, тонкае пачуццё такту ў адносінах з выкладчыкамі і студэнтамі. На пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя выдае шэраг грунтоўных прац па методыцы выкладання матэматыкі: «Упражнения и задачи по геометрии. 6 класс», «Геометрические задачи по формированию функциональных понятий» і інш. У 1969 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю «Развіццё творчага геаметрычнага ўяўлення і логіка-матэматычнага мыслення вучняў на сістэматычна падабраных нестандартных задачах”. Вучонае званне дацэнта па кафедры геаметрыі і методыкі выкладання матэматыкі прысвоена ў 1971 годзе. У 1971-1980-ых гадах Л.У.Кірылюк – прарэктар па навучальнай рабоце педагагічнага інстытута, а з 1978 года – універсітэта. Яе ўнёсак у станаўленне універсітэцкага зместу методыкі і арганізацыі навучальнага працэсу, як і уплыў на станаўленне навукова-педагагаічнага калектыву, дастаткова грунтоўныя. З 1980 года загадвае кафедрай геаметрыі і методыкі выкладання матэматыкі, у 1981-1991 гадах працуе дэканам матэматычнага факультэта. Вучонае званне прафесара па кафедры алгебры, геаметрыі і методыкі выкладання матэматыкі прысвоена ў 1991 годзе. Да 2005 года Лідзія Уладзіміраўна працавала прафесарам кафедры. |
Кобрынец Пётр Мікалаевіч
Лёс наканаваў прафесару П.М.Кобрынцу кароткае жыццё. Ён памёр на 49 годдзе, не адзначыўшы ні воднага юбілею, якія, як прынята, пачынаюцца з пяцідзесяці гадоў. Нягледзячы на гэта, ягоны ўнёсак у дасканаленне падрыхтоўкі спецыялістаў і навуковых даследаванняў у галіне айчыннай гісторыі вельмі істотны. Нарадзіўся 25 жніўня 1946 года ў вёсцы Дубна Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Дубненскай школе, якую скончыў у 1954 годзе. Сістэматычную гістарычную – у Гродзенскім педагагічным інстытуце імя Янкі Купалы. Пасля заканчэння інстытута некалькі месяцаў (жнівень-лістапад 1968 года) працаваў настаўнікам гісторыі Глядавіцкай васьмігодкі. У 1968-1969 гадах праходзіў абавязковую вайсковую службу ў шэрагах Савецкай Арміі. З 1969 года Пётр Мікалаевіч – аспірант кафедры педагогікі Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў Мінску. Настаўнікамі Пятра Мікалаевіча ў аспірантуры былі прафесары С.А.Умрэйка і А.І.Залескі. Менавіта пад іх уплывам вызначыўся асноўны накірунак навуковых даследаванняў Пятра Мікалаевіча – гісторыя настаўніцтва і школ на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пасля заканчэння аспірантуры год працаваў выкладчыкам педагогікі ў Мінскім інстытуце замежных моў. У 1972 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Школа, учитель и учащиеся Белоруссии в годы Велитой Отечественной войны (1941-1945 гг.)». У жніўні 1973 года па конкурсе абраны на пасаду старшага выкладчыка кафедры гісторыі СССР і БССР нашага універсітэта. Працаваў намеснікам дэкана гісторыка-педагагаічнага факультэта (1974-1977), выканаўцам абавязкаў загадчыка кафедры гісторыі СССР і БССР, выканаўцам абавязкаў дэкана факультэта. З 1981 года – загадчык кафедры гісторыі СССР, а з 1992 года – кафедры гісторыі славянскіх дзяржаў. Вучонае званне дацэнта атрымаў у 1978 годзе. Праз дзесяць гадоў абараніў доктарскую дысертацыю «Советский патриотизм и социалистический интернационализм – источник силы в борьбе против гитлеровских аккупантов: июнь 1941 – август 1944 гг. (на материалах Белоруссии)». Прафесар па кафедры гісторыі СССР з 1989 года. Памёр прафесар П.М.Кобрынец у 1994 годзе. |
Коўкель Іван Іванавіч Шлях І.І.Коўкеля да прафесарскага звання быў доўгім і дастаткова складаным. Аднак гэта не паўплывала на маштаб і плённасць яго навуковай і педагагічнай дзейнасці. Калегі прафесара І.І.Коўкеля адзінадушна адзначаюць, што ён сам сябе стварыў як чалавека, навукоўца, універсітэцкага выкладчыка. Прычым стварыў па дастаткова высокіх мерках. Нарадзіўся І.І.Коўкель 31 кастрычніка 1942 года ў вёсцы Вялікае Сяло Лідскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Жырмунскай школе Воранаўскага раёна. Сістэматычную гістарычную і філалагічную – у Гродзенскім педагагічным інстытуце імя Янкі Купалы, які скончыў у 1964 годзе. Працаваў настаўнікам гісторыі, беларускай мовы і літаратуры Жырмунскай сярэдняй школы. З кастрычніка 1964 па жнівень 1965 праходзіў абавязковую вайсковую службу ў шэрагах Савецкай Арміі. У 1966-1969 гадах – дырэктар Магунскай васьмігадовай школы Воранаўскага раёна. У верасні 1969 года І.І.Коўкель паступае ў дзённую аспірантуру кафедры гісторыі БССР Беларускага універсітэта. Ва ўмовах савецкай планавай падрыхтоўкі навукова-педагагічных кадраў зрабіць гэта было далёка не проста. Неабходна было, як мінімум, мець здольнасці да творчай дзейнасці, працавітасць, настойлівасць у дасягненні пастаўленай мэты. На шчасце, пазычаць гэтыя якасці характару І.І.Коўкелю патрэбы не было. У другой палове 60-х гадоў, галоўным чынам у перыядычным друку, з’яўляюцца яго артыкулы на гістарычныя тэмы, якія сведчылі аб дастаткова значным навуковым патэнцыяле дырэктара вясковай васьмігодкі. Пасля заканчэння аспірантуры І.І.Коўкель працуе асістэнтам, старшым выкладчыкам кафедры гісторыі СССР і БССР Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. У красавіку 1979 года абараняе кандыдацкую дысертацыю «Политическое банкротство националистов и контрреволюции в Белоруссии (1919-1925 гг.)». Праз два гады атрымоўвае вучонае званне дацэнта па кафедры гісторыі СССР і БССР. Да 1986 года І.І.Коўкель працуе дацэнтам кафедры. Затым пяць гадоў загадвае кафедрай грамадскіх навук Гродзенскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. У 1992 годзе вяртаецца ва універсітэт на пасаду дацэнта кафедры гісторыі Беларусі. У 2005 годзе І.І.Коўкелю прысвоена вучонае званне прафесара па спецыяльнасці «Гісторыя». На працягу многіх гадоў прафесар І.І.Коўкель чытаў курсы «Гісторыя Беларусі (1917-1941 гг.)», «Гістарыяграфія гісторыі Беларусі» і па матэрыялах асабістых даследаванняў – спецкурсы: «Беларускі нацыянальны рух (1902-1905)», «Актуальныя праблемы гісторыі Беларусі». Як універсітэцкі лектар вызначаўся настойлівасцю ў прапагандзе асабістага разумення складаных праблем гісторыі нашай краіны. |
Нарадзіўся 7 жніўня 1938 года ў вёсцы Козікі Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Сярэднюю школу скончыў у 1957 годзе. Служыў у шэрагах Савецкай Арміі (1957-1960). У 1965 годзе скончыў хіміка-тэхналагічны факультэт Львоўскага палітэхнічнага інстытута. У 1966-1969 гадах працаваў на Рубежанскам хімічным камбінаце (Украіна). З 1969 года – начальнік змены Гродзенскага азотна-тукавага завода. З 1970 года – аспірант Аддзела рэгуляцыі рэчываў АН БССР, а з 1973 года па 1979 год – малодшы, старшы навуковы супрацоўнік гэтага аддзела. З 1979 года – выкладчык, старшы выкладчык кафедры біянеарганічнай і біяфізічнай хіміі Гродзенскага медыцынскага інстытута. У 1974 годзе абараніў дысертацыю кандыдата біялагічных навук «Антивитаминная активность различных производных окситиамина”. У 1986-2002 гадах – загадчык кафедры агульнай і біяарганічнай хіміі. Вучонае званне прафесара прысвоена ў 1993 годзе. З 2002-2007 гады – прафесар кафедры агульнай і біяарганічнай хіміі Гродзенскага медыцынскага універсітэта. У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы працуе з верасня 2007 года на пасадзе прафесара кафедры матэрыялазнаўства і рэсурсазберагальных тэхналогій. |
КРАМЛЁЎ ЯЎГЕН ПАЎЛАВІЧ
Прафесар Я.П.Крамлёў працаваў на факультэце біялогіі і экалогіі універсітэта ў 1991-2007 гадах. Нарадзіўся 6 снежня 1938 года ў вёсцы Тулага Урэнскага раёна Горкаўскай вобласці (Расія). Сярэднюю адукацыю набываў ва Урэнскай школе (скончыў 8 класаў) і Багратыёнаўскім зааветэрынарным тэхнікуме (1953-1957). Тэхнікум скончыў з адзнакай і быў накіраваны на вучобу ў Віцебскі ветэрынарны інстытут. Пасля заканчэння інстытута працаваў галоўным ветэрынарным урачом саўгаса (1962-1963), ветэрынарным урачом Баграціёнаўскай райветстанцыі (1963-1965), галоўным ветэрынарным урачом Упраўлення сельскай гаспадаркі Гур’еўскага раёна Калінінградскай вобласці (1965-1967). Вучыўся ў аспірантуры Беларускага навукова-даследчага ветэрынарнага інстытута (1967-1968) па спецыяльнасці «Паразіталогія». З 1968 года – дырэктар Гусеўскай міжраённай ветэрынарнай лабараторыі. У 1971 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «К изучению минотических абортов у коров» і заняў пасаду старшага навуковага супрацоўніка Калінінградскай навукова-даследчай ветэрынарнай станцыі, у 1974-1985 гадах – дырэктар. Доктарскую дысертацыю «Патология беременности, обусловленная факультативно патогенными бактериями и грибами и её роль в бесплодии коров» абараніў у 1981 годзе. У 1985-1991 гадах – загадчык кафедры генетыкі і развядзення сельскагаспадарчых жывёл Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута (зараз Гродзенскі аграрны універсітэт). З мая 1991 года – прафесар кафедры біялогіі Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы. Праз год абіраецца загадчыкам кафедры. Чытаў курсы «Заалогія» і «Мікрабіялогія» на факультэце фізічнай культуры, спецкурсы «Асновы сельскай гаспадаркі» і «Экалогія жывёл» на факультэце біялогіі і экалогіі. Вучонае званне прафесара па кафедры біялогіі прысвоена ў 1993 годзе. У 1996 годзе абіраецца загадчыкам кафедры экалогіі, праводзіць сур’ёзную працу па станаўленні кафедры. Распрацоўвае вучэбныя праграмы па курсах «Мікрабіялогія», «Экалогія жывёл», «Экалагічная паразіталогія», «Экалогія наземных экасістэм», «Метады ацэнкі экасістэм» і іншыя. Пад кіраўніцтвам прафесара Я.П.Крамлёва кафедра праводзіць глыбокія даследаванні па ацэнцы флоры і фауны Заходняга рэгіёну Беларусі з пункту гледжання біялагічнай разнастайнасці. Акрэслівае рэжым выкарыстання біялагічных рэсурсаў, дазваляючы захаваць біялагічную разнастайнасць. Шэраг выкладчыкаў кафедры прымаюць удзел у выкананні дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм. Кафедра адкрывае магістратуру па спецыяльнасці «Экалогія» і аспірантуру па спецыяльнасці «Мікрабіялогія». З 2002 года Яўген Паўлавіч – прафесар кафедры. Умер в 2015 году. |