Главная » Гордость ВУЗа » Профессора » Фіх Барыс Маркавіч

Фіх Барыс Маркавіч

30 января 2013

Нарадзіўся 9 чэрвеня 1923 года ў сяле Грушка Каменскага раёна Малдаўскай ССР (сёння – Рэспубліка Малдова). З асабістай справы прафесара Б.М.Фіха вядома, што ягоныя бацькі былі сялянамі-беднякамі, а з 1931 года працавалі ў калгасе.

На жаль, у асабістай справе Б.М.Фіха няма інфармацыі аб тым, дзе і калі ён атрымаў сярэднюю адукацыю. Вядома, што з верасня 1939 года Б.М.Фіх – студэнт педагагічнага інстытута імя Тараса Шаўчэнкі ў г.Тыраспаль Малдаўскай ССР.

З кастрычніка 1941 года да жніўня 1946 года служыць у Чырвонай Арміі. Вялікую Айчынную вайн заканчвае ад’ютантам начальніка 9 гвардзейскага стралковага корпуса ў званні гвардыі лейтэнанта. Узнагароджаны ордэнамі «Вялікай Айчыннай вайны», «Чырвонай Зоркі», медалямі «За баявыя заслугі», «За вызваленне Каўказа», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над фашысцкай Германіяй».

З верасня 1946 года Б.М.Фіх – студэнт гістарычнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага (зараз – Мінскі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка). Пасля заканчэння інстытута навучаецца ў аспірантуры кафедры гісторыі СССР. У 1951 годзе накіроўваецца выкладчыкам у Пінскі настаўніцкі інстытут, узначальвае кафедру гісторыі, а з кастрычніка 1953 года выконвае абавязкі намесніка дырэктара інстытута па навучальнай і навуковай рабоце.

За гады працы ў Пінскім настаўніцкім інстытуце Б.М.Фіх сфармаваўся як грунтоўны выкладчык і навуковец. У студзені 1954 года абараніў кандыдацкую дысертацыю «Роль комитетов бедноты Витебской губернии в развертывании социальной революции в деревне», распрацаваў шэраг курсаў і спецкурсаў ра гісторыі СССР і БССР.

У жніўні 1954 года ў сувязі з закрыццём Пінскага настаўніцкага інстытута Б.М.Фіх пераводзіцца ў Гродзенскі педагагічны інстытут імя Янкі Купалы на пасаду старшага выкладчыка кафедры гісторыі СССР. Праз два гады абіраецца загадчыкам кафедры. У 1961 годзе атрымоўвае вучонае званне дацэнта. Б.М.Фіх быў адным з першых арганізатараў вышэйшай гістарычнай адукацыі ў Гродзенскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя Янкі Купалы. Ягоныя прынцыпы методыкі падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне айчыннай гісторыі не страцілі актуальнасць і сёння.

1 верасня 1964 года Б.М.Фіх прызначаецца прарэктарам па навучальнай і навуковай працы інстытута. Нягледзячы на велізарны аб’ём арганізацыйнай работы, які патрабавала пасада прарэктара, падрыхтоўвае доктарскую дысертацыю па аграрнай гісторыі Беларусі.

Б.М.Фіх – першы выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы, які паспяхова (студзень 1968 г.) абараніў доктарскую дысертацыю і атрымаў (ліпень 1968 г.) вучонае званне прафесара. Ён аўтар каля 50 навуковых прац, у ліку якіх манаграфія «Аграрная революция в Белоруссии (1917-1920 гг.)», суаўтар першага і другога выданняў краязнаўчай кнігі «Гродна. Исторический очерк», шэрагу грунтоўных артыкулаў па аграрнай гісторыі нашай краіны ў навуковых часопісах.

Восем гадоў прарэктарскай дзейнасці прафесара Б.М.Фіха прыпадаюць на той час, калі партыйныя і дзяржаўныя ўлады Гродзеншчыны пры падтрымцы інтэлігенцыі дамагаюцца пераўтварэння Гродзенскага педагагічнага інстытута ў дзяржаўны універсітэт. У сярэдзіне 70-ых гадоў гэтую ідэю падтрымліваюць нацыянальныя партыйныя і дзяржаўныя ўлады. Рашэнне аб адкрыцці трэцяга ў Беларусі універсітэта ў Гродна прымае ў 1974 годзе Пленум ЦК КПБ.

Прафесар Б.М.Фіх быў бадай самым апантаным і паслядоўным прыхільнікам гэтай ідэі. Ён многае зрабіў дзеля таго, каб стварыць перадумовы для яе рэалізацыі. Па ягонай ініцыятыве ў 1969 годзе адкрываецца аспірантура, у 1974-1975 навучальным годзе пры падтрымцы рэктара інстытута А.В.Бадакова ствараецца 7 навучальна-даследчых лабараторый, укараняецца універсітэцкая сістэма арганізацыі навукова-даследчай працы выкладчыкаў і студэнтаў.

У гісторыі універсітэта постаць прафесара Б.М.Фіха – унікальная. Быў ён чалавекам шырокай гуманітарнай культуры, шматбаковых інтарэсаў, шчодра адораным ад прыроды многімі талентамі. Любая справа, за якую ён браўся, рабілася прафесійна, лёгка, прыгожа. Студэнты 60–70-х гадоў мінулага стагоддзя памятаюць прафесара Б.М.Фіха як выдатнага лектара. На гісторыка-філалагічным факультэце ён чытаў курс гісторыі СССР, спецкурсы «Рух дзекабрыстаў», «Рэвалюцыйнае народніцтва», «Аграрная рэвалюцыя на Беларусі», «Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны», «Руская гістарыяграфія». Ягоныя лекцыі захаплялі студэнтаў логікай падачы матэрыялу, глыбінёй зместу, арыгінальным падыходам да вырашэння самых складаных гістарычных праблем, навуковасцю і літаратурнай прыгажосцю мовы.

Як чалавек, прафесар Б.М.Фіх вызначаўся дэмакратычнасцю і камунікатыўнасцю, спагадлівымі адносінамі да выкладчыкаў і студэнтаў. Сёння гэта можа здацца неверагодным. А прафесар Б.М.Фіх мог з’явіцца на студэнцкую дыскатэку і сесці за ўдарныя інструменты вакальна-інструментальнага ансамбля, без просьбы заступіцца за цнатлівага выкладчыка ці студэнта, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю.

Апошнія гады жыцця прафесар Б.М.Фіх працаваў загадчыкам кафедры гісторыі СССР і БССР. Памёр 6 ліпеня 1977 года. Пахаваны на цэнтральных могілках г.Гродна.

 

Асноўныя публікацыі:

Гродно. Исторический очерк. –  Мн., 1960 (у суаўт.).

К истории создания коллективных хозяйств в земледелии Белоруссии (1918-1919 гг.). – «Ученые записки Гродненского пединститута». Выпуск 3. – Мн., 1958.

Комитеты бедноты Белоруссии в борьбе за проведение продовольственной политики Советской власти. – «Ученые записки Гродненского пединститута. Выпуск 7. – Мн., 1960.

Гродно. Исторический очерк. 2-е издание. – Мн.: Изд-во «Белорусь», 1964.

О преподавании истории в вузах. – Вопросы истории. – 1961. – № 5.

Социалистическое переустройство деревни. – Коммунист Белоруссии. – № 5. – 1968.

Аграрные преобразования в Белорусии в 1919-1920 годах (в 3-ем томе истории БССР). – Мн.: Наука и техника, 1971.

Аграрная революция в Белоруссии (1917-1920 гг.). – Мн.: Вышэйшая школа, 1966.

 

Fikh Barys Markavich (1923-1977). Doctorate in History (1968), professor (1968). Head of the chair of history of the USSR and BSSR (1956-1977), pro-rector in charge of academic work and research (1964-1976). Author of 50 papers. Main directions of research: agrarian history of Belarus, history of Grodno and the Grodno region.

Профессора

Copyright © 2012-2020 by ГрГУ им. Я.Купалы