Главная » Новости » З 12 па 14 кастрычніка 2012 года ў г.Гродна пройдзе Першы нацыянальны форум “Музеі Беларусі”.

З 12 па 14 кастрычніка 2012 года ў г.Гродна пройдзе Першы нацыянальны форум “Музеі Беларусі”.

11 октября 2012

 

Форум праводзіцца ў мэтах падтрымкі музейнай справы ў Рэспубліцы Беларусь, стымулявання творчых ініцыятыў, заахвочвання музейных работнікаў, якія ўнеслі значны ўклад у вывучэнне, захаванне і папулярызацыю культурных каштоўнасцей, прыцягнення ўвагі шырокіх колаў грамадства да шматграннасці музейнай дзейнасці.

Гродна абраны месцам правядзення форума невыпадкова. Горад  мае багатую гісторыю, глыбокія культурныя традыцыі, асобую духоўную атмасферу.

Асноўныя мерапрыемствы пройдуць у легкаатлетычным манежы Цэнтральнага спартыўнага комплекса “Нёман”, дзе 12 кастрычніка ў 10.30 пройдзе прэс-канферэнцыя з арганізатарамі і ўдзельнікамі форуму. У гэты ж дзень а 12-й гадзіне ў манежы адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця Першага нацыянальнага форуму.

У рамках работы форума падрыхтаваны дзелавая, дэманстрацыйныя, культурная праграмы, запланаваны майстар-класы для музейных супрацоўнікаў, інтэрактыўныя прэзентацыі, экскурсіі па гораду і музеях Гродна, выстаўка-продаж твораў народных майстроў, шэраг іншых мерапрыемстваў.

12 кастрычніка а 16-й гадзіне ў Сенатарскай зале Новага замка Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея адбудзецца адкрыццё выстаўкі “Залаты век беларускага мастацтва” (са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і Гомельскага палацава-паркавага ансамбля).

У форуме прымуць удзел каля 150 дзяржаўных музеяў сістэмы Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, ведамасныя і прыватныя музеі Беларусі. Фірмы з Беларусі і Расіі прадэманструюць музейнае абсталяванне.

Свае экспазіцыі прадставяць замежныя музеі: Нацыянальны музей Літвы “Палац Вялікіх Князёў Літоўскіх”, Дзяржаўная бюджэтная ўстанова культуры “Калінінградскі абласны гісторыка-мастацкі музей”, установа культуры “Разанскі гісторыка-архітэктурны музей-запаведнік”.

У якасці экспертаў музейнай справы запрошаны спецыялісты з-за мяжы:  Азербайджана, Аўстрыі, Арменіі, Германіі, Іспаніі, Ізраіля, Казахстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны.

Падчас святочнай цырымоніі закрыцця, якая адбудзецца 14 кастрычніка а 15-й гадзіне ў Вялікай зале Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, будуць узнагароджаны пераможцы конкурса “Музеі Беларусі – трэцяму тысячагоддзю”. Сярод 17 намінацый – “Лепшы кіраўнік музея”, “Лепшы рэгіянальны музей”, “Лепшая партнёрская дзейнасць”, “Лепшая арганізацыя міжнароднай выстаўкі” і іншыя.

Гран-пры будзе прысуджана музею, які прадставіў лепшую экспазіцыю на форуме, лепшыя матэрыялы ў адной альбо ў некалькіх намінацыях.   Мерапрыемства пройдзе па ініцыятыве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з Гродзенскім аблвыканкамам.

— Тэма форуму — «Музеі Беларусі — трэцяму тысячагоддзю». Ён будзе доўжыцца тры дні. Пад форум задзейнічана пляцоўка плошчай у дзве тысячы квадратных метраў. Палова гэтай прасторы стане экспазіцыйнай. На дадзены момант пра свой удзел паведамілі сто дваццаць тры музеі. Кожны з іх будзе рабіць свой раздзел як «візітоўку», якая дасць уяўленне пра канцэпцыю экспазіцыі, багацце фондаў, прынцыпы працы з наведвальнікамі, асаблівасці рэкламы і гэтак далей.

— Што канкрэтна прадставіць на форуме Гродна і Гродзеншчына?

— У Гродне Міністэрству культуры падпарадкоўваюцца толькі тры музеі. Астатнія — ведамасныя, школьныя… Нібыта, няшмат. Але горад-музей — увесь Гродна. У яго гістарычнай частцы статус помніка архітэктуры маюць больш як сто восемдзесят будынкаў. Таму не будзе памылкай сказаць, што Гродна прадставіць на форуме сам сябе. Дарэчы, адна з тэм, якую плануецца абмеркаваць на форуме, — гэта як зрабіць музеі часткай турыстычнай індустрыі. А ў Гродна якраз добры турыстычны патэнцыял.

— Замежных гасцей чакаеце?

— Так. Найперш, гэта блізкія суседзі — Расія, Украіна, Польшча, Літва, — а таксама Чэхія, Германія, Аўстрыя, Іспанія. Запрошана пятнаццаць міжнародных экспертаў. Папярэдняя дамоўленасць ёсць з Э.Крэспа Барнэха (Барселона, Музей навукі і тэхнікі), П.Фрытцам (Палац Шалабург), В.Далінскасам (Вільнюс, Музей вялікіх князёў літоўскіх), М.Гнядоўскім (Масква, Інстытут культурнай палітыкі), М.Піятроўскім (Санкт-Пецярбург, Эрмітаж), С.Архангелавым (Масква, Музей сучаснай палітычнай гісторыі).

Акрамя навукоўцаў, у форуме чакаецца ўдзел вытворцаў выставачнага абсталявання. Ну і, зразумела, прадстаўнікоў турагенцтваў. Бо, ізноў нагадаю, Нацыянальны форум «Музеі Беларусі» мае паспрыяць прыцягненню цікавасці да нашых збораў, да айчыннай спадчыны. І, урэшце, да нашай краіны.

— А чаго чакаюць ад форуму самі музейшчыкі?

— У кожнага музея — свая спецыфіка, таму цяжка казаць за ўсіх. Але, мабыць, усе зацікаўлены ў шчырай размове пра свае праблемы і клопаты, у абмене вопытам. Гэтай мэце паслужаць практычныя семінары, «круглыя сталы». Спадзяюся, што для музейных работнікаў форум стане чымсьці накшталт курсаў павышэння кваліфікацыі. Форум — гэта падвядзенне вынікаў і магчымасць вызначыць лепшых у музейнай справе. Адбудуцца конкурсы па шэрагу намінацый. Сярод іх — «Лепшае навуковае праектаванне экспазіцыі», «Лепшая арганізацыя міжнароднай выстаўкі», «Лепшая работа рэстаўратара» і гэтак далей.

— А ці будзе цікава на форуме тым, хто не мае непасрэднага дачынення да музейнай сферы?

— Мы плануем форум не як вузка спецыялізаванае мерапрыемства, але як свята для горада: каб прыемныя ўражанні атрымалі ўсе — і ўдзельнікі, і гледачы, каб цікава было і дарослым, і дзецям. Для гэтага складаецца забаўляльная праграма, тэатралізаваныя дзеі. Але гэтая праграма будзе мець і асветніцкі чыннік: паспрыяе папулярызацыі нашых гістарычных і культурных каштоўнасцей.

— Мабыць, форум стане для гродзенцаў падставай іншымі вачыма паглядзець на ўласны горад?

— Спадзяюся, гродзенцы лішні раз адчуюць, што іх горад — гэта дыямент Беларусі, наша нацыянальная каштоўнасць.

Новости

Copyright © 2012-2020 by ГрГУ им. Я.Купалы