Главная » Галерея профессоров » Мінюк Сцяпан Андрэевіч

Мінюк Сцяпан Андрэевіч

31 июля 2023

Мінюк Сцяпан Андрэевіч

Імя прафесара С.А.Мінюка назаўсёды ўвайшло ў гісторыю беларускай матэматыкі і культуры. Нарадзіўся С.А.Мінюк 25 лютага 1948 года ў вёсцы Крывіца Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і.

Сярэднюю адукацыю атрымаў у ??? школе, якую закончыў у 1964 годзе. Сістэматычную матэматычную адукацыю на матэматычным факультэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Па рашэнню Савета матэматычнага факультэта працягваў вучобу ў аспірантуры кафедры прыкладной матэматыкі, якую датэрмінова закончыў у 1971 годзе.

Кандыдацкую дысертацыю «Исследование полной достижимости динамических систем с запаздыванием» абараніў у красавіку 1972 года. У 1971-1976 гадах працаваў асістэнтам, старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры аптымальнага кіравання. Вучонае званне дацэнта прысвоена у 1976 годзе. У гэтым жа годзе, у сувязі з тым што навуковыя інтарэсы С.А.Мінюка былі звязаны з функцыянальнымі праблемамі тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, пераводзіцца на пасаду дацэнта кафедры дыферэнцыяльных ураўненняў.

Падчас працы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце С.А.Мінюк апублікаваў больш за 20 навуковых прац, у якіх былі прадстаўлены арыгінальныя рашэнні шэрагу пытанняў якаснай тэорыі нявызначаных дыферэнцыянальна-рознасных ураўненняў.

З верасня 1978 года С.А.Мінюк працуе ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Узначальваў кафедру матэматычнага аналіза, у 1979-1999 гадах кафедру дыферэнцыяльных ураўненняў, а з 1999 года кафедру дыферэнцыяльных ураўненняў і аптымальнага кіравання. У 1993 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «Исследование некоторых задач управления и наблюдения динамических систем». Праз год атрымаў вучонае званне прафесара па кафедры дыферэнцыяльных ураўненняў.

Навуковыя інтарэсы прафесара С.А.Мінюка былі звязаны з вывучэннем і рашэннем задач аптымальнага кіравання, назіральнасці, фільтрацыі, ідэнтыфікацыі і іншых структурных асаблівасцей шырокага класу дынамічных сістэм.

У гэтай галіне матэматыкі атрыманы вынікі, якія па праву паставілі яго імя ў шэраг выбітных нацыянальных матэматыкаў канца ХХ – пачатку ХІХ стагоддзяў.

– Для лінейных стацыянарных сістэм нейтральнага тыпа атрыманы параметрычны крытэрый абарачальннасці па становішчы і крытэрый поўнай ідэнтыфіцыруемасці. Вырашана задача заспакаення лінейнай аўтаномнай сістэмы нейтральнага тыпу другога парадку рэгулятарам выраджэння.

– Для лінейных аўтаномных дыфференцыяльна-рознасных сістэм даследавана сувязь задач функцыянальнай дасягальнасці і поўнай кіравальнасці праз асаблівасць функцыянальнай паўнаты.

– Вызначана дваіснасць задач поўнай кіравальнасці і канструктыўнай ідэнтыфіцыруемасці для сістэм са спазненнем; распрацаваны алгарытм пабудовы бесперапыннай узнаўляючай аперацыі ў задачы поўнай ідэнтыфікацыі лінейных стацыянарных сістэм са спазненнем.

– Пабудаваны алгарытм рашэння задачы аптымальнай фільтрацыі лінейных стахастычных сістэм са спазненнем пры вядомай інфармацыі аб пачатковым знаходжанні аб’екта назірання, а таксама задачы, дзе інфармацыя аб пачатковым знаходжанні аб’екта няпоўная або адсутнічае ўвогуле.

Прафесар С.А.Мінюк аўтар больш за 60 грунтоўных навуковых прац па тэорыі аптымальнага кіравання. Пераважная большасць з іх апублікавана ў самых прэстыжных навуковых выданнях СССР і Беларусі: часопісах «Дыфферэнцыяльныя ураўненні», «ДАН СССР», «Тэорыя кіравання», «ДАН БССР», «Даклады НАН Беларусі», «Весці НАН Беларусі».

Прафесарская дзейнасць С.А.Мінюка пераканаўча пацвярджае важнейшую заканамернасць універсітэцкага жыцця: арганізацыя эфектыўнага навучальнага працэсу ва універсітэце немагчыма без сістэматычных навуковых даследаванняў. Ён пастаянна чытаў лекцыі па важнейшых матэматычных курсах «Дыфферэнцыяльныя ўраўненні», «Варыяцыйнае вылічэнне і метады аптымізацыі», «Матэматычная тэорыя кіравання». У лекцыях амаль не ўжываў знешніх эфектаў. Ды ў гэтым не было патрэбы, паколькі лекцыі прафесара С.А.Мінюка змястоўна ўключалі найноўшыя дасягненні сусветнай матэматычнай навукі і асабіста лектара.

Прафесар С.А.Мінюк аўтар 20 падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для студэнтаў фізіка-матэматычных, эканамічных і інжынерных спецыяльнасцей, у ліку якіх падручнікі «Ураўненні і метады матэматычнай фізікі» (у суаўт.), «Высшая математика» (у суаўт.), «Дыферэнцыяльныя ўраўненні» (у суаўт.), «Высшая математика для экономистов» (у суаўт.), «Математика для инженеров», у 2-х тамах (у суаўт.); навучальных дапаможнікаў «Дыферэнцыяльныя ўраўненні: прыклады і задачы» (у суаўт.), «Дифференциальные уравнения и экономические модели» (у суаўт.). Важна адзначыць, што прафесар С.А.Мінюк быў адным з першых у Рэспубліцы Беларусь, хто стварыў падручнікі і навучальныя дапаможнікі па матэматычных дысцыплінах на беларускай мове. Ягоны ўнёсак у развіццё беларускай культуры не падлягае сумневу.

Шматгадовую плённую навуковую і педагагічную дзейнасць прафесара С.А.Мінюка высока цанілі калегі, матэматычная супольнасць, кіраўніцтва краіны. У 2002 годзе ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ён узнагароджаны Ордэнам Францыска Скарыны.

У апошнія гады жыцця прафесар С.А.Мінюк цяжка хварэў. Аднак і ў гэтых няспрыяльых умовах напружана працаваў. Дастаткова глянуць на спіс ягоных навуковых прац, каб пераканацца ў гэтым.

Не стала прафесара С.А.Мінюка 2 сакавіка 2008 года. Пахаваны ў Гродна.

Галерея профессоров

Copyright © 2012-2020 by ГрГУ им. Я.Купалы