Главная » Галерея профессоров » Сцяцко Павел Уладзіміравіч

Сцяцко Павел Уладзіміравіч

31 июля 2023

Сцяцко Павел Уладзіміравіч

Навуковыя працы прафесара П.У.Сцяцко ўжо сёння многія эксперты адносяць да залатога фонду беларускай і славянскай філалогіі другой паловы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў. І галоўным чынам таму, што яны з’яўляюцца ўзорам рэдкай у гуманітарных навуках выразнасці і строгасці аўтарскага падыходу да пастаноўкі і вырашэння тэарэтычных праблем мовазнаўства.

Нарадзіўся 5 сакавіка 1930 года ў вёсцы Грабава Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Ваўкавыскім педагагічным вучылішчы, якое скончыў у 1949 годзе. Вышэйшую філалагічную – на факультэце мовы і літаратуры (беларускае аддзяленне) Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы (1949-1953). Працоўную дзейнасць пачынаў выкладчыкам кафедры беларускай мовы і літаратуры. Пазней абраны на пасаду старшага выкладчыка кафедры беларускай і рускай мовы. Чытаў тэарэтычны курс беларускай мовы, «Уводзіны ў мовазнаўства», спецкурсы па марфалогіі і словаўтварэнні. З канца 1960 года – аспірант Інстытута мовазнаўства АН БССР. У 1962 годзе датэрмінова абараніў кандыдацкую дысертацыю «Побытавая лексіка гаворак Зэльвеншчыны».

Да 1981 года дацэнт, прафесар кафедры беларускай мовы Мінскага педагагічнага інстытута. У 1980 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «Субстантыўная дэрывацыя ў беларускай народна-дыялектнай мове». Вучонае званне прафесара прысвоена ў 1982 годзе.

У 1981-1990 гадах загадвае кафедрай рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Распрацоўвае пытанні ўсходнеславянскай лінгвістычнай тэрміналогіі. Славістычную кваліфікацыю падвышаў ў Карлавым (Прага, 1983) і Варшаўскім (1988) універсітэтах.

Вынікі даследавання ўсходнеславянскай лінгвістычнай тэрміналогіі выяўлены ў «Русско-белорусском словаре лингвистических терминов» (у суаўт.), «Слоўніку лінгвістычных тэрмінаў» і шэрагу іншых публікацый.

З ліпеня 1990 года – у Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы: загадчык кафедры беларускай культуры (1990-1991), мовазнаўства (1991-1996), беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства (1996-2007). Напачатку 90-ых гадоў мінулага стагоддзя чытаў курсы беларускай мовы, параўнальнай граматыкі беларускай, рускай і польскай моў, вёў семінар пра словаўтварэнні ў гэтых мовах у філіяле Варашаўскага універсітэта (Беласток).

Асноўныя кірункі навуковай дзейнасці прафесара П.У.Сцяцко – беларуская навуковая тэрміналогія, словаўтварэнне ў беларускай народна-дыялектнай і літаратурнай мове і яго стасункі з іншымі славянскімі мовамі (рускай, украінскай, польскай, балгарскай). Аўтар больш за 500 навуковых прац, у ліку якіх каля 36 манаграфій, падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для сярэдняй і вышэйшай школы. Тэарэтычныя працы, якія друкаваліся ў перыядычных выданнях, уключаны ў двухтомнік выбраных твораў «Мовазнаўчы досвед». Вучэбныя дапаможнікі «Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы» і «Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія» вытрымалі некалькі выданняў, а падручнік для навучэнцаў педагагічных вучылішчаў і каледжаў, выдадзены ў 1982 годзе, перавыдаваўся ў 1992, 1998, 2001 і 2004 гадах.

Прафесар П.У.Сцяцко – стваральнік навуковай школы па дэрываталогіі (словаўтварэнне ў славянскіх і германскіх мовах). Навуковыя набыткі школы больш за 15 манаграфій.

Пад кіраўніцтвам прафесара П.У.Сцяцко абаронена 15 кандыдацкіх дысертацый. Ён вядзе значную рэдактарскую працу ў навуковых выданнях: адказны рэдактар навуковага альманаха «Гарадзенскія запісы. Старонкі гісторыі і культуры» (1993-1997), сябра рэдкалегіі «Bialostocki Przegląd Kresowy» (1994-1997), «Весніка Беларускага універсітэта» (1989-1992), «Весніка Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы» (з 1999), сябра рэдкалегіі і навуковы кансультант часопіса «Роднае слова».

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2004).

Памёр навукоўца ў 2020 годзе.

Галерея профессоров

Copyright © 2012-2020 by ГрГУ им. Я.Купалы