Разенфельд Усер Давыдавыч
Разенфельд Усер Давыдавыч
Нарадзіўся 24 мая 1934 года ў Адэсе (Україна) у сям’і рабочага. Сярэднюю адукацыю атрымаў у завочнай міжабласной школе, якую закончыў у 1951 годзе. Сістэматычную гістарычную і філалагічную адукацыю набываў у Адэскім педагагічным інстытуце імя К.Д.Ушынскага. Пасля заканчэння інстытута працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры, а з 1957 года па 1963 год у выдавецтве Адэскага тэхналагічнага інстытута. У 1965 годзе закончыў аспірантуру філасофскага факультэта Ленінградскага універсітэта імя А.А.Жданава (сёння Санкт-Пецярбургскі універсітэт). Датэрмінова абараніў кандыдацкую дысертацыю «Философская мысль в Петербургском университете (20-50-е года ХIХ столетия)». Па размеркаванню быў накіраваны на выкладчыцкую працу ў Гродзенскі педагагічны інстытут імя Янкі Купалы. Са снежня 1965 года працуе старшым выкладчыкам кафедры філасофіі і палітэканоміі. У 1968 годзе прысвоена вучонае званне дацэнта.
Вучоба ў аспірантуры Ленінградскага універсітэта істотна паўплывала на інтэлектуальныя каштоўнасці і, нават, на характар прафесара У.Д.Разенфельда. Быў гэты чалавек глыбокай філасофскай і агульнай культуры, умеў слухаць субяседніка. Да тых людзей, якія грунтоўна адносіліся да актуальных філасофскіх праблем ставіўся прыязна, гатовы быў безаглядна іх падтрымаць. Да тых, хто павярхоўна адносіўся да складаных праблем, ставіўся жорстка, нават з ярасцю. Зразумела, што гэтыя рысы характару не ўсім падабаліся. Аднак у калектыве універсітэта з прафесарам У.Д.Разенфельдам лічыліся, паважалі яго за глыбокія веды і гуманныя чалавечыя якасці.
У 60-х – пачатку 70-х гадоў чытаў курсы «Марксісцка-ленінскай філасофіі» і «Гісторыі філасофіі». Навуковыя інтарэсы прафесара У.Д.Разенфельда ў гэты перыяд звязаны з праблемамі рускай філасофіі. У 1972 годзе ім апублікавана грунтоўная манаграфія «Н.Г.Чернышевский. Становление и эволюция мировоззрения», у якой з улікам дасягненняў філасофскай навукі выкладзены прынцыпова новы погляд на філасофскую спадчыну М.Р.Чарнышэўскага і на эвалюцыю ягонага светапогляду. У 1988 годзе У.Д.Разенфельд абараняе доктарскую дысертацыю, а праз 2 гады атрымоўвае вучонае званне прафесара па кафедры філасофіі. З 1989 года У.Д.Разенфельд – прафесар кафедры філасофіі. У 1990-1991 гг. – дэкан факультэта грамадскіх навук. З 1991 года – загадчык кафедры сусветнай культуры, пазней кафедры тэорыі і гісторыі сусветнай культуры, а з 1998 года – кафедры культуралогіі.
Універсітэт для прафесара У.Д.Разенфельда заўсёды быў навучальнай установай, дзе выкладаюць навуку. Яго лекцыі па філасофіі заўсёды вызначаліся глыбінёй філасофскай рэфлексіі. Універсітэцкую кафедру ён уяўляў перш за ўсё як навуковы калектыў, паколькі педагог ніколі не зможа быць прафесіяналам без фундаментальнай навукова-даследчай працы.
Ён многа зрабіў для станаўлення навуковага і акадэмічнага профілю кафедры культуралогіі. За адносна кароткі тэрмін кафедра стала творчым калектывам, вядомым за межамі Беларусі. Была адкрыта аспірантура, першы ў Рэспубліцы Беларусь спецыялізаваны Савет па абароне кандыдацкіх дысертацый па тэорыі і гісторыі культуры.
Навуковая праца прафесара У.Д.Разенфельда і ягоных вучняў ажыццяўлялася па двух асноўных накірунках: асэнсаванне культуралагічнага кантэксту рускай філасофіі канца ХІХ – ХХ стагоддзяў і вывучэнне Гродзенскага рэгіёна як этнакультурнага памятніка.
Аўтар больш за 100 навуковых прац, у ліку якіх манаграфія, шэраг навучальных дапаможнікаў, дзесяткі грунтоўных артыкулаў. Навуковая спадчына прафесара У.Д.Разенфельда не страчвае тэарэтычнай і практычнай значнасці з цягам часу. Доказам гэтага з’яўляецца сістэматычнае правядзенне ва універсітэце навуковых канферэнцый па праблемах сусветнай мастацкай культуры, даследаванні этнасацыяльных і канфесійных працэсаў у сучасным грамадстве.
Памёр У.Д.Разенфельд 13.02.2004 г. Пахаваны ў Гродне на цэнтральных могілках.