Главная » Галерея профессоров » Паўловіч Сяргей Аляксандравіч

Паўловіч Сяргей Аляксандравіч

31 июля 2023

Паўловіч Сяргей Аляксандравіч

Прафесар С.А.Паўловіч прыйшоў на сталую працу ва універсітэт у 2000 годзе, калі быў абраны прафесарам кафедры экалогіі. Да гэтага часу ён многія гады плённа працаваў у медыцынскіх інстытутах Украіны, Расіі, Беларусі.

Нарадзіўся 2 ліпеня 1930 гда ў сяле Кузьмін Красілаўскага раёна Хмяльніцкай вобласці (Україна) у сям’і вясковых настаўнікаў. Бацька Сяргея Аляксандравіча памёр у 1937 годзе і таму ў 1938-1941 гадах ён выхоўваўся ў дзіцячым доме, дзе і атрымаў першапачатковую адукацыю. Навучаўся на механічным аддзялені сельскагаспадарчага тэхнікума. Сярэднюю школу закончыў экстэрнам.

У 1948-1954 гадах – студэнт Станіслаўскага (зараз Івана-Франкоўскі) медыцынскага інстытута. Пасля заканчэння інстытута прызначаецца старшым лабарантам кафедры мікрабіялогіі, а праз некалькі месяцаў абіраецца на пасаду асістэнта. Працуючы на кафедры, абараняе кандыдацкую дысертацыю «О механизме лечебного действия фтивазида при экспериментальном туберкулёзе», атрымоўвае вучонае званне дацэнта. З 1963 па 1970 год загадвае курсам эпідэмалогіі ва Івана-Франкоўскім медыцынскім інстытуце.

Доктарскую дысертацыю «Влияние магнитных полей на микроорганизмы» абараніў у 1970 годзе. У гэтым жа годзе абіраецца загадчыкам кафедры мікрабіялогіі Калінінскага медыцынскага інстытута (Расія). 7 гадоў працы ў Калінінскім медыцынскім інстытуце былі паспяховымі ў станаўленні С.А.Паўловіча як грунтоўнага даследчыка ў галіне мікрабіялогіі і выкладчыка вышэйшай школы. Пад ягоным кіраўніцтвам выдадзены калектыўныя манаграфіі «Влияние магнитных полей на биологические объекты» і «Реакции биологических систем на магнитные поля», якія прынеслі Сяргею Аляксандравічу вядомасць сярод мікрабіёлагаў Савецкага Саюза. У 1973 годзе С.А.Паўловічу прысвоена званне прафесара па кафедры мікрабіялогіі.

З 1977 па 1979 год прафесар С.А.паўловіч загадвае кафедрай мікрабіялогіі Горкаўскага (зараз Ніжкі Ноўгарад) медыцынскага інстытута (Расія), а вясной 1979 года атрымоўвае кафедру ў Гродзенскім медыцынскім інстытуце (зараз універсітэт).

Гродзенскі перыяд у навуковай і выкладчыцкай дзейнасці прафесара С.А.Паўловіча ўражвае важкімі набыткамі. У нацыянальных выдавецтвах «Навука і тэхніка» і «Вышэйшая школа» друкуецца больш дзесяці ягоных навуковых манаграфій, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. Шэраг з іх перавыдаваліся па некалькі разоў, а падручнік «Медыцынская мікрабіялогія» за кароткі тэрмін (1998-2001 гг) пабачыў свет чатыры разы.

Сёння прафесар С.А.паўловіч знаны эксперт у беларускай мікрабіялогіі. Прычым эксперт са значным навуковым і педагагічным патэнцыялам. Доказам гэтага з’яўляецца ягоная творчая актыўнасць апошніх гадоў.

Прафесар С.А.Паўловіч адносіцца да таго даволі такі рэдкага ў наш час тыпу навукоўцаў, жыццёвым дэвізам якіх могуць быць знакамітыя словы Валерыя Брусава: «Вперед мечта, мой верный вол / Неволей, если не охотой / Я близ тебя, мой кнут тяжел / Я сам тружусь и ты работай/». І разам з тым ён – прыклад сціпласці і спагадлівасці ў адносінах да калег, праўда тых, якія падзяляюць ягоныя маральныя каштоўнасці.

Памёр Паўловіч Сяргей Аляксандравіч у 2016 годзе.

Галерея профессоров

Copyright © 2012-2020 by ГрГУ им. Я.Купалы