Нікіцевіч Васіль Міхайлавіч
Нікіцевіч Васіль Міхайлавіч
Прафесар В.М.Нікіцевіч… Колькі натуральнай інтэллігентнасці было ў гэтым чалавеку, колькі ціхага святла і дабрыні. І колькі інтэлектуальнай сілы, педагагаічнага і арганізатарскага таленту.
Нарадзіўся 17 жніўня 1925 года ў вёсцы Тураўшчызна Бятамльскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і селяніна-серадняка. У 1935 годзе сям’я пераехала ў тагачасную сталіцу Казахстана г.Алма-Ату, дзе бацька Васіля Міхайлавіча працаваў на будоўлі.
Сярэднюю адукацыю атрымаў у 1942 годзе. Працаваў у калгасе. З 1943 года ў Чырвонай Арміі. Удзельнік вайны з Японіяй. Узнагароджаны медалём «За победу над Японией». З 1945 года завочна навучаецца на філалагічным факультэце Казахскага дзяржаўнага універсітэта. Працуе настаўнікам, завучам сярэдняй школы. Універсітэт заканчвае з адзнакай (1949) па спецыяльнасці «Руская мова». Атрымоўвае кваліфікацыю «Выкладчык ВНУ, старэйшых класаў сярэдняй школы, малодшы навуковы супрацоўнік».
Дваццаць гадоў Васіль Міхайлавіч працуе ў сваёй Alma mater – Казахскім універсітэце. Асістэнт кафедры рускай мовы (з 1949), дысертант Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта імя М.В.Ламаносава, старшы выкладчык (1953-1959), дацэнт (1954-1976). Кандыдацкую дысертацыю «Модальные функции глаголов изъявительного наклонения в русском языке» абараніў у 1953 годзе, вучонае званне дацэнта па кафедры рускай мовы прысвоена ў 1956 годзе.
Доктарскую дысертацыю «Субстантив в составе номинативных рядов (к вопросу о деривационной грамматике)» абараняе ў 1975 годзе. Вучонае званне прафесара атрымаў у 1977 годзе.
З 1979 года прафесарская дзейнасць В.М.Нікіцевіча звязана з нашым універсітэтам. У 1979-1980 гадах ён узначальвае кафедру рускай мовы, а з 1980 года і да апошніх дзён жыцця створаную па ягонай ініцыятыве кафедру агульнага і славянскага мовазнаўства. Бліскуча чытаў фундаментальныя курсы «Уводзіны ў славянскую філалогію», «Уводзіны ў мовазнаўства», «Сучасная руская мова», шэраг спецыяльных курсаў.
Прыход ва універсітэт прафесара В.М.Нікіцевіча істотна паўплываў на якасць падрыхтоўкі спецыялістаў-філолагаў і асабліва на арганізацыю філалагічных даследаванняў, а сам ён хутка займеў рэпутацыю лідэра філалагічнага факультэта. І гэта адбылося нягледзячы на тое, што факультэт (адзін з першых ва універсітэце) меў глыбокія навуковыя і педагагаічныя традыцыі. Тут працавалі выбітныя мовазнаўцы дацэнты С.А.Грыгор’еў, Т.П.Сцяшковіч, І.Я.Лепешаў, М.І.Канюшкевіч і іншыя.
Месца прафесара В.М.Нікіцевіча на факультэце і ва універсітэце вызначалі ягоныя навуковыя дасягненні. Ён аўтар больш за 150 навуковых прац, у ліку якіх манаграфіі «Словообразование и деривационная грамматика. Ч.1.», «Словообразование и деривационная грамматика. Ч.2.», «Основы номинативной деривации», «Системность языка», «Теоретические основы деривационной грамматики», навукова-папулярнай кнігі «Расскажи о языке». У гэтых і шэрагу іншых прац Васіль Міхайлавіч абгрунтоўваў арыгінальную канцэпцыю дэрывацыйнай граматыкі, якая атрымала навуковае прызнанне ў нашай краіне і па-за яе межамі. Дастаткова сказаць, што пад кіраўніцтвам прафесара В.М.Нікіцевіча абаронена 27 кандыдацкіх дысертацый, праведзена чатыры міжнародныя канферэнцыі «Словообразование и номинативная деривация в славянских языках», у якіх бралі актыўны ўдзел прадстаўнікі філалагічных цэнтраў усіх краін СНД.
Ужо сёння відавочна, што спадчына прафесара В.М.Нікіцевіча істотная частка залатога фонду айчыннай філалогіі. А таму і ў ХХІ стагоддзі застанецца жывой крыніцай, якая будзе сілкаваць арыгінальныя накірункі даследаванняў у айчыннай філалогіі.
Прафесар В.М.Нікіцевіч памёр 25 сакавіка 1994 года. Пахаваны на цэнтральных могілках Гродна.