Главная » Галерея профессоров » Маталыцкі Міхаіл Аляксеевіч

Маталыцкі Міхаіл Аляксеевіч

31 июля 2023

Маталыцкі Міхаіл Аляксеевіч

Нарадзіўся 11 верасня 1957 года ў гарацкім пасёлку Гарадзея Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Сярэднюю адукацыю набываў у  школе № 1 Гарадзеі. У 1979 годзе скончыў факультэт прыкладной матэматыкі Беларускага універсітэта. З 1979 па 1982 год навучаўся ў мэтавай аспірантуры. У Гродзенскім універсітэце працуе з лістапада 1979 года: асістэнт кафедры тэорыі імавернасцей, вылічальных машын і праграмавання (1982-1983), старшы выкладчык кафедры даследавання аперацый і праграмавання (1983-1987), старшы выкладчык, дацэнт кафедры матэматычнага забеспячэння гібкай аўтаматызаванай вытворчасці сістэм аўтаматычнага праектавання і аўтаматызаваных сістэм кіравання (1984-1991). У 1986 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Вучонае званне дацэнта па кафедры матэматычнага забеспячэння ГАП, САПР, АСУ прысвоена ў 1990 годзе. У 1991-1992 гадах – дацэнт кафедры прыкладной матэматыкі, дактарант Беларускага універсітэта (1992-1995), дацэнт, прафесар кафедры прыкладной матэматыкі (1995-2000), прафесар кафедры тэорыі функцый, функцыянальнага аналізу і прыкладной матэматыкі (2003). Доктарскую дысертацыю абараніў у 1998 годзе. Вучонае званне прафесара па спецыяльнасці «Матэматыка» прысвоена ў 2003 годзе. З 2008 года – загадчык кафедры стахастычнага аналізу і эканаметрыі.

Прафесар М.А.Маталыцкі – арганізатар адкрыцця на матэматычным факультэце спецыяльнасцей «Прыкладная матэматыка» і «Эканамічная кібернетыка». Пад яго кіраўніцтвам адкрыты магістратура па спецыяльнасці «Эканамічная кібернетыка» і аспірантура па спецыяльнасці «Матэматычнае мадэляванне, лічбавыя метады і комплексы праграм».

Абсяг навуковых даследаванняў: матэматычны аналіз сетак масавага абслугоўвання і іх прымянення ў якасці верагодных мадэляў розных рэальных аб’ектаў у камп’ютэрнай тэхніцы, вытворчасці, страхаванні, банкаўскай сферы, транспатрнай лагістыцы, медыцыне. Так у 2003 годзе ім пададзены да разгляду новы класс сетак масавага абслугоўвання – сеткі з даходамі, цяпер НМ (Howard-Matalytski)-сеткі, якія шырока прымяняюцца пры вырашэнні практычных задач.

Аўтар 4 манаграфій і каля 300 навуковых прац, многія з якіх апублікаваны ў часопісах СССР, ЗША, Польшчы, Расійскай акадэміі навук, Акадэміі навук Латвіі, НАН Беларусі. З’яўляецца адным з стваральнікаў Беларускай навуковай школы па тэорыі масавага абслугоўвання, кіраўніком навуковай школы па стахастычным і камп’ютэрным мадэляванні ў ГрДУ імя Я.Купалы. Член аргкамітэта шэрагу пастаянных міжнародных навукоых канферэнцый. Акадэмік Нью-Йоркскай акадэміі навук.

Прафесарам М.А.Маталыцкім:

– распрацаваны метады знаходжання імавернасцей станаў маркаўскіх і адвольных сетак масавага абслугоўвання ў стацыянарным і пераходным рэжымах;

– абагульнены вынікі класічнай ВСМР-тэарэмы на выпадак маркаўскіх сетак з рознатыповымі заяўкамі і залежнымі ад іх станаў імавернасцямі пераходаў паміж сістэмамі;

– распрацаваны рэкурэнтныя па колькасці заявак і момантаў часу метады знаходжання сярэдніх характарыстык замкнутых і адкрытых сетак масавага абслугоўвання з многалінейнымі сістэмамі;

– праведзены асімптатычны аналіз і аптымізацыя ў стацыянарным і пераходным рэжымах замкнутых сетак з цэнтральнай сістэмай абслугоўвання і рознатыповымі заяўкамі;

– распрацавана і даследавана імавернасная мадэль апрацоўкі скалярных каманд у канвеерных працэсах у выглядзе тандэмнай сеткі з адваротнай сувяззю;

– упершыню пададзены да разгляду ў разгляд новы клас сетак масавага абслугоўвання – сеткі з даходамі, вядомыя зараз у свеце як НМ (Howard-Matalytski)-сеткі;

– распрацаваны метады знаходжання чаканых даходаў у сістэмах такіх сетак у выпадках, калі даходы ад пераходаў паміж іх станамі залежаць ад станаў і часу ці з’яўляюцца выпадковымі велічынямі з вядомымі момантамі першых двух парадкаў.

Вынікі працы ўкаранёныя ў розных камп’ютэрных фірмах, прадпрыемствах, страхавых кампаніях, лагістычных транспартных сістэмах.

Памёр у 2021 годзе.

Галерея профессоров

Copyright © 2012-2020 by ГрГУ им. Я.Купалы