Главная » Галерея профессоров » Мараш Якаў Навумавіч

Мараш Якаў Навумавіч

31 июля 2023

Мараш Якаў Навумавіч

Нарадзіўся 7 студзеня 1917 года ў Гродна ў сям’і кваліфікаванага рабочага. Бацька працаваў майстам цэха на адным з гродзенскіх прадпрыемстваў. Сям’я Я.Н.мараша загінула падчас Вялікай Айчыннай вайны, як мяркуецца, у «Асвенцыме» або «Трэблінцы».

Сярэднюю адукацыю набываў у Гродзенскай прыватнай гімназіі, якая давала права паступлення ва універсітэт. Матэрыяльнае становішча сям’і было складаным, і гімназіст Я.Н.Мараш падзарабляў рэпетытарствам.

З верасня 1936 года – студэнт гістарычнага факультэта Віленскага універсітэта. Умовы атрымання яўрэямі універсітэцкай адукацыі ў міжваеннай Польшчы былі далёкімі ад камфортных. Студэнты-яўрэі пастаянна адчувалі ціск з боку універсітэцкіх уладаў. Пратэстуючы супраць гэтага, Я.Н.Мараш усе 3 гады навучання ў Віленскім універсітэце слухаў лекцыі стоячы.

Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР і Заходняй Украіны з УССР, Віленскі універсітэт быў зачынены. Студэнты гістарычнага факультэта пераведзены ў Львоўскі універсітэт. У снежні 1940 года адбыўся датэрміновы выпуск студэнтаў 5 курса гістарычнага факультэта. Я.Н.Мараш атрымаў накіраванне на педагагічную працу ў Ківерэцкую сярэднюю школу Валынскай вобласці УССР. Выкладаў гісторыю і Канстытуцыю СССР.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуіруецца ў Саратаўскую вобласць РСФСР. У 1941-1945 гадах працуе настаўнікам гісторыі, геаграфіі і нямецкай мовы Брыкаўскай сярэдняй школе Духаўніцкага раёна Саратаўскай вобласці.

У 1945 годзе па запрашэнні Гродзенскага аблвыканкама вяртаецца ў Гродна. Прызначаецца дырэктарам сярэдняй школы № 2. З верасня 1946 года Я.Н.Мараш – выкладчык лацінскай мовы і гісторыі Гродзенскага педагагічнага інстытута. Аднак у снежні гэтага года загадам дырэктара інстытута адхіляецца ад выкладання гісторыі за метадалагічныя памылкі ў асвятленні асобных гістарычных падзей. Паколькі нагрузкі на стаўку выкладчыка па лацінскай мове не хапала, у 1946-1949 гадах працуе выкладчыкам гісторыі і геаграфіі ў школе № 2 г.Гродна, а з верасня 1949 года па снежань 1953 года – загадчыкам гарадского метадычнага кабінета.

Без адрыву ад асноўнай працы ў 1954 годзе абараняе кандыдацкую дысертацыю «Агрессия католицизма и Ватикана в Литве и Белоруссии в конце 16 – начале 17 веков». У жніўні 1956 года прызначаецца на пасаду дацэнта кафедры гісторыі. Вучонае званне дацэнта атрымаў у 1960 годзе.

У 1968 годзе Я.Н.Мараш падаў да абароны доктарскую дысертацыю «Ватикан и Белоруссия: очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии (1569-1795 гг.)». У дысертацыі на падставе глыбокага аналізу першакрыніц абгрунтоўвалася тэза, што стварэнне ў Беларусі уніяцкай царквы мела аб’ектыўныя прычыны. Абарона праходзіла ў вельмі рэзкіх дыскусіях. Шэраг апанентаў абвінавачвалі аўтара ў аб’ектывізме, што ў тыя часы кваліфікавалася як адыход ад марксіцка-ленінскай метадалогіі. Выказваўся сумнеў адносна навуковасці публікацый па тэме дысертацыі. Савет прапанаваў дысертанту апублікаваць манаграфію, пасля чаго вярнуцца да абароны.

У 1969 годзе Я.Н.Мараш выдае манаграфію «Из истории борьбы народных масс Белоруссии против экспансии католической церкви». Абіраецца на пасаду прафесара кафедры гісторыі СССР. Прызначаецца выканаўцам абавязкаў дэкана гістарычнага факультэта, а ў 1970-1973 гг. працуе дэканам гісторыка-педагагічнага факультэта. Вучоную ступень доктара гістарычных навук атрымаў у 1973 годзе, а прафесарскае званне – у 1974 годзе.

У 1978-1981 гадах прафесар Я.Н.Мараш узначальваў кафедру гісторыі СССР і БССР, а з 1981 па 1987 год – кафедру гісторыі БССР.

Прафесар Я.Н.Мараш пакінуў велізарную навуковую спадчыну. Ім апублікавана 20 манаграфій і навучальных дапаможнікаў, 52 брашуры, каля 500 артыкулаў у навуковых часопісах, зборніках і перыядычных выданнях. Значная частка спадчыны прысвечана праблемам гісторыі горада Гродна і Гродзеншчыны і не старціла навуковых каштоўнасцей. Імя прафесара Я.Н.Мараша як краязнаўцы па праву стаіць сёння ў адным радзе з імёнамі Паўла Баброўскага, Яўстаха Арлоўскага, Юзафа Іадкоўскага.

Памёр у 1990 годзе.

Галерея профессоров

Copyright © 2012-2020 by ГрГУ им. Я.Купалы