Главная » Галерея профессоров » Крэнь Іван Платонавіч

Крэнь Іван Платонавіч

31 июля 2023

Крэнь Іван Платонавіч

Прафесар І.П.Крэнь як чалавек вызначаецца далікатнасцю ў адносінах да калег па працы і студэнтаў. Грунтуецца гэтая рыса характару на глыбокім і канкрэтным уяўленні, дазваляючым яму ясна адчуваць чужыя пакуты і жаданні  і праяўляцца не толькі ў штодзённых зносінах, але і ў педагагічнай і навуковай дзейнасці.

Нарадзіўся 30 лістапада 1936 года ў вёсцы Кузявічы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацькі Івана Платонавіча былі адукаванымі людзьмі. Платон Андрэевіч скончыў Клецкую настаўніцкую семінарыю, Пелагея Пятроўна – Слонімскую жаночую гімназію.

Сярэднюю адукацыю набываў у Кузявіцкай, Маўчадскай, Ялуцавіцкай і Гарадзішчынскай школах Баранавіцкага раёна. З 1954 года студэнт гістарычнага факультэта Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. У 1959 годзе закончыў гісторыка-педагагічны факультэт па спецыяльнасці «Гісторыя, руская мова і літаратура». Працаваў (1959-1967) дырэктарам Праважскай сямігадовай, Палякішскай сярэдняй і Воранаўскай школы-інтэрната.

Закончыў аспірантуру кафедры гісторыі СССР Беларускага універсітэта. Кандыдацкую дысертацыю «Барацьба прафсаюзаў Беларусі за развіццё хімічнай прамысловасці ў рэспубліцы ў 1959-1965 гадах» абараніў у 1981 годзе.

З 1967 года працуе ва універсітэце: старшы выкладчык кафедры гісторыі СССР і БССР (1967-1972), сакратар партыйнага камітэта (1972-1976), старшы выкладчык, дацэнт (1976-1988).

У 1988-1990 гадах – намеснік загадчыка Дома палітычнай асветы, рэктар універсітэта марксізму-ленінізму Гродзенскага абкама КПБ. З 1990 па 2008 год загадчык кафедры гісторыі Беларусі, дэкан факультэта гісторыі і культуры (1995-2001), са снежня 2008 года – прафесар кафедры гісторыі Беларусі. Вучонае званне прафесара па кафедры гісторыі СССР і БССР прысвоена ў          1991 годзе.

Навуковы светапогляд прафесара І.П.Крэня сфармаваўся пад уплывам ягоных універсітэцкіх настаўнікаў: дацэнта В.А.Ваяхіна, прафесараў Б.М.Фіха і Я.Н.Мараша, акадэміка НАН РБ І.М.Ігнаценкі. Калі ў гісторыі ёсць хаць якая-небудзь відавочнасць, здольная дыктаваць народам спосаб дзеяння, то гэта датычыць найперш гісторыі краіны і рэгіёну.

Менавіта гэты прынцып вызначыў навуковыя інтарэсы прафесара І.П.Крэня: гісторыя эканомікі і культуры Беларусі, гісторыя палітычных партый і грамадскіх арганізацый, гісторыя гарадоў і вёсак. Ён аўтар шэрагу грунтоўных даследаванняў: «Гродна. Гісторыка-эканамічны нарыс» (у суаўт.), «Гродна. Энцыклапедычны даведнік» (у суаўт.), «Шчучын. Гісторыка-эканамічны нарыс» (у суаўт.), «Іўе. Гісторыка-эканамічны нарыс» (у суаўт.), «Нарысы гісторыі Гродзенскай абласной партыйнай араганізацыі» (у суаўт.), «Гродна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 1941-1945» (у суаўт.), «Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы. Гістарычны нарыс» (у суаўт.) і іншых.

Прафесар І.П.Крэнь прызнаны эксперт у галіне педагогікі вышэйшай і сярэдняй школы. Ён аўтар пяці падручнікаў для студэнтаў па гісторыі Беларусі і Расіі, навучальных і метадычных дапаможнікаў па выкананню студэнтамі дыпломных і пісьмовых прац, двух навучальных дапаможнікаў для вучняў сярэдніх школ.

Педагагічны талент, уважлівасць і дабрыня ў адносінах са студэнтамі і аспірантамі, глыбокая веданне прадмета навукі спрыяюць прафесару І.П.Крэню ў падрыхтоўцы навукова-педагагічных кадраў. Пад ягоным кіраўніцтвам абаронена 12 кандыдацкіх дысертацый.

Навукова-педагагічная і грамадская дзейнасць прафесара І.П.Крэня адзначана прысваеннем (2000) звання «Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь». З 2004 года ён «Ганаровы прафесар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы».

Памёр у 2008 годзе.

Галерея профессоров

Copyright © 2012-2020 by ГрГУ им. Я.Купалы