Крамлёў Яўген Паўлавіч
КРАМЛЁЎ ЯЎГЕН ПАЎЛАВІЧ
Прафесар Я.П.Крамлёў працаваў на факультэце біялогіі і экалогіі універсітэта ў 1991-2007 гадах.
Нарадзіўся 6 снежня 1938 года ў вёсцы Тулага Урэнскага раёна Горкаўскай вобласці (Расія). Сярэднюю адукацыю набываў ва Урэнскай школе (скончыў 8 класаў) і Багратыёнаўскім зааветэрынарным тэхнікуме (1953-1957). Тэхнікум скончыў з адзнакай і быў накіраваны на вучобу ў Віцебскі ветэрынарны інстытут.
Пасля заканчэння інстытута працаваў галоўным ветэрынарным урачом саўгаса (1962-1963), ветэрынарным урачом Баграціёнаўскай райветстанцыі (1963-1965), галоўным ветэрынарным урачом Упраўлення сельскай гаспадаркі Гур’еўскага раёна Калінінградскай вобласці (1965-1967).
Вучыўся ў аспірантуры Беларускага навукова-даследчага ветэрынарнага інстытута (1967-1968) па спецыяльнасці «Паразіталогія». З 1968 года – дырэктар Гусеўскай міжраённай ветэрынарнай лабараторыі. У 1971 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «К изучению минотических абортов у коров» і заняў пасаду старшага навуковага супрацоўніка Калінінградскай навукова-даследчай ветэрынарнай станцыі, у 1974-1985 гадах – дырэктар. Доктарскую дысертацыю «Патология беременности, обусловленная факультативно патогенными бактериями и грибами и её роль в бесплодии коров» абараніў у 1981 годзе.
У 1985-1991 гадах – загадчык кафедры генетыкі і развядзення сельскагаспадарчых жывёл Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута (зараз Гродзенскі аграрны універсітэт).
З мая 1991 года – прафесар кафедры біялогіі Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы. Праз год абіраецца загадчыкам кафедры. Чытаў курсы «Заалогія» і «Мікрабіялогія» на факультэце фізічнай культуры, спецкурсы «Асновы сельскай гаспадаркі» і «Экалогія жывёл» на факультэце біялогіі і экалогіі. Вучонае званне прафесара па кафедры біялогіі прысвоена ў 1993 годзе.
У 1996 годзе абіраецца загадчыкам кафедры экалогіі, праводзіць сур’ёзную працу па станаўленні кафедры. Распрацоўвае вучэбныя праграмы па курсах «Мікрабіялогія», «Экалогія жывёл», «Экалагічная паразіталогія», «Экалогія наземных экасістэм», «Метады ацэнкі экасістэм» і іншыя. Пад кіраўніцтвам прафесара Я.П.Крамлёва кафедра праводзіць глыбокія даследаванні па ацэнцы флоры і фауны Заходняга рэгіёну Беларусі з пункту гледжання біялагічнай разнастайнасці. Акрэслівае рэжым выкарыстання біялагічных рэсурсаў, дазваляючы захаваць біялагічную разнастайнасць. Шэраг выкладчыкаў кафедры прымаюць удзел у выкананні дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм. Кафедра адкрывае магістратуру па спецыяльнасці «Экалогія» і аспірантуру па спецыяльнасці «Мікрабіялогія».
З 2002 года Яўген Паўлавіч – прафесар кафедры.
Памёр у 2015 годзе.