Главная » Галерея профессоров » Коўкель Іван Іванавіч

Коўкель Іван Іванавіч

31 июля 2023

Коўкель Іван Іванавіч

Шлях І.І.Коўкеля да прафесарскага звання быў доўгім і дастаткова складаным. Аднак гэта не паўплывала на маштаб і плённасць яго навуковай і педагагічнай дзейнасці. Калегі прафесара І.І.Коўкеля адзінадушна адзначаюць, што ён сам сябе стварыў як чалавека, навукоўца, універсітэцкага выкладчыка. Прычым стварыў па дастаткова высокіх мерках.

Нарадзіўся І.І.Коўкель 31 кастрычніка 1942 года ў вёсцы Вялікае Сяло Лідскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Жырмунскай школе Воранаўскага раёна. Сістэматычную гістарычную і філалагічную – у Гродзенскім педагагічным інстытуце імя Янкі Купалы, які скончыў у 1964 годзе.

Працаваў настаўнікам гісторыі, беларускай мовы і літаратуры Жырмунскай сярэдняй школы. З кастрычніка 1964 па жнівень 1965 праходзіў абавязковую вайсковую службу ў шэрагах Савецкай Арміі. У 1966-1969 гадах – дырэктар Магунскай васьмігадовай школы Воранаўскага раёна.

У верасні 1969 года І.І.Коўкель паступае ў дзённую аспірантуру кафедры гісторыі БССР Беларускага універсітэта. Ва ўмовах савецкай планавай падрыхтоўкі навукова-педагагічных кадраў зрабіць гэта было далёка не проста. Неабходна было, як мінімум, мець здольнасці да творчай дзейнасці, працавітасць, настойлівасць у дасягненні пастаўленай мэты. На шчасце, пазычаць гэтыя якасці характару І.І.Коўкелю патрэбы не было. У другой палове 60-х гадоў, галоўным чынам у перыядычным друку, з’яўляюцца яго артыкулы на гістарычныя тэмы, якія сведчылі аб дастаткова значным навуковым патэнцыяле дырэктара вясковай васьмігодкі.

Пасля заканчэння аспірантуры І.І.Коўкель працуе асістэнтам, старшым выкладчыкам кафедры гісторыі СССР і БССР Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы.

У красавіку 1979 года абараняе кандыдацкую дысертацыю «Политическое банкротство националистов и контрреволюции в Белоруссии (1919-1925 гг.)». Праз два гады атрымоўвае вучонае званне дацэнта па кафедры гісторыі СССР і БССР.

Да 1986 года І.І.Коўкель працуе дацэнтам кафедры. Затым пяць гадоў загадвае кафедрай грамадскіх навук Гродзенскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. У 1992 годзе вяртаецца ва універсітэт на пасаду дацэнта кафедры гісторыі Беларусі. У 2005 годзе І.І.Коўкелю прысвоена вучонае званне прафесара па спецыяльнасці «Гісторыя».

На працягу многіх гадоў прафесар І.І.Коўкель чытаў курсы «Гісторыя Беларусі (1917-1941 гг.)», «Гістарыяграфія гісторыі Беларусі» і па матэрыялах асабістых даследаванняў – спецкурсы: «Беларускі нацыянальны рух (1902-1905)», «Актуальныя праблемы гісторыі Беларусі». Як універсітэцкі лектар вызначаўся настойлівасцю ў прапагандзе асабістага разумення складаных праблем гісторыі нашай краіны.

Аўтар каля 250 навуковых прац, у ліку якіх больш за 20 манаграфій і навучальных дапаможнікаў. Найбольш грунтоўнымі з іх з’яўляюцца: «Почему не состоялась БНР? Из истории политического банкротсва националистической контрреволюции в Белоруссии (1918-1925)” (у суаўтарстве), «Сморгонь: Историко-экономический очерк” (у суаўтарстве), «Мосты: Историко-экономический очерк» (у суаўтарстве), «Актуальные проблемы истории БССР» (у суаўтарстве), «Гродно. Энциклопедический справочник» (у суаўтарстве).

Прафесар І.І.Коўкель памёр у 2009 годзе.

Галерея профессоров

Copyright © 2012-2020 by ГрГУ им. Я.Купалы