Главная » Галерея профессоров » Калмыкоў Васіль Цімафеевіч

Калмыкоў Васіль Цімафеевіч

28 июля 2023

Калмыкоў Васіль Цімафеевіч

Прафесар В.У.Калмыкоў прыйшоў на працу ва універсітэт падрыхтаваным навукоўцам з багатым досведам працы ва ўстановах вышэйшай судовай улады БССР, методыкі выкладання юрыдычных дысцыплін. Яго ўплыў на станаўленне юрыдычнага факультэта і практычнай падрыхтоўкі студэнтаў цяжка пераацаніць.

Нарадзіўся 10 красавіка 1921 года ў рабочым пасёлку Хватоўка Базарна-Карабулакскага раёна Саратаўскай вобласці (Расія). Сярэднюю адукацыю набываў у Хватаўскай школе, якую скончыў у 1939 годзе. Вучыўся ў Саратаўскім авіяцыйна-тэхнічным вучылішчы. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны з першага дня да дня Перамогі. Узнагароджаны медалямі «За боевые заслуги», «За взятие Кёнигсберга», «За победу над Германией» і іншымі.

У 1948 годзе скончыў Саратаўскую юрыдычную школу і быў накіраваны на працу ў БССР: народны суддзя ў горадзе Маладзечна (1948-1952), сябра Вярхоўнага Суда БССР (1952-1971), начальнік Упраўлення судовых органаў Міністэрства юстыцыі БССР (1971-1981). У 1953 годзе завочна скончыў Мінскі юрыдычны інстытут, а ў 1970 абараніў кандыдацкую дысертацыю. Удзельнічаў у распрацоўцы Канстытуцыі БССР, Крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага Кодэксаў БССР, законаў аб судовым уладкаванні і адкліканні народных суддзяў. На ўмовах пагадзіннай аплаты працаваў выкладчыкам кафедры крымінальнага права Беларускага універсітэта (1971-1979) і ў Рэспубліканскім міжгаліновым інстытуце дасканалення кваліфікацыі кіраўнікоў і спецыялістаў народнай гаспадаркі (1972-1981).

У 1981 годзе па конкурсе абраны на пасаду старшага выкладчыка кафедры крымінальнага права, працэса і крыміналістікі і прызначаны дэканам юрыдычнага факультэта. Чытаў курсы лекцый па савецкім крымінальным праве і шэраг спецкурсаў. Вучонае званне дацэнта па кафедры крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі прысвоена ў 1984 годзе.

У 1988 годзе Саветам універсітэта абраны на пасаду прафесара кафедры. Вучонае званне прафесара прысвоена ў 1990 годзе.

Аўтар больш за 80 навуковых прац, у ліку якіх шэраг манаграфій і дзевяць навучальных дапаможнікаў. Асноўныя накірункі навуковай дзейнасці: вывучэнне судовай практыкі, эфектыўнасці заканадаўства. Найбольш значнымі працамі з’яўляецца манаграфія «Закон моей Республики (О Конституции БССР)», навучальныя дапаможнікі «Уголовное право. Часть общая», «Уголовное право. Часть Особенная», «Судебная практика по уголовным делам. Квалификация хозяйственных и должностных преступлений».

Калегі па факультэце і студэнты цанілі прафесара, Заслужанага юрыста Рэспублікі Беларусь В.У.Калмыкова за высокае лектарскае майстэрства, інтэлігентнасць і справядлівасць.

Звольнены з пасады прафесара кафедры крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі ўлетку 1998 года ў сувязі з пераездам на сталае жыхарства ў горад Мінск.

Галерея профессоров

Copyright © 2012-2020 by ГрГУ им. Я.Купалы