Жарскі Міхаіл Васільевіч
Жарскі Міхаіл Васільевіч
М.В.Жарскі быў адным з выбітнейшых экспертаў гісторыі Камуністычнай партыі Беларусі і гісторыі Гродзенскай абласной партыйнай арганізацыі. Сведчаннем гэтага з’яўляецца той факт, што яму ў 1986 годзе без абароны доктарскай дысертацыі было прысвоена вучонае званне прафесара па кафедры гісторыі КПСС, што было даволі нячастай з’явай у Савецкім Саюзе. Значны ўклад зроблены ім у даследаванне праблем грамадзянскай гісторыі Беларусі і методыкі выкладання яе ў сярэдняй школе. Ягоная грунтоўная праца «Таблицы по истории Белоруссии. В 2-х частях» вытрымала за кароткі тэрмін тры выданні.
Нарадзіўся 5 мая 1930 года ў вёсцы Поплава Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1948 годзе скончыў Нягневіцкую сярэднюю школу Навгрудскага раёна. Паступіў у Мінскі юрыдычны інстытут, аднак у сувязі з матэрыяльнымі ўмовамі вымушанаы быў спыніць вучобу. Працаваў настаўнікам гісторыі Нягневіцкай сярэдняй школы.
З 1949 года – студэнт завочнага аддзялення гістарычнага факультэта Беларускага універсітэта. Праходзіў абавязковую вайсковую службу ў шэрагах Савецкай Арміі. Дэмабілізаваны ў званні малодшага лейтэнанта. Гістарычны факультэт БДУ скончыў у 1955 годзе. Працаваў настаўнікам, завучам, дырэктарам у школах г.Ваўкавыска, загадчыкам раённага аддзела народнай адукацыі. У 1963-1967 гадах – намеснік загадчыка аддзела народнай адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. У сувязі з паступленнем у аспірантуру кафедры гісторыі КПСС Беларускага дзяржаўнага універсітэта перайшоў у жніўні 1967 года на выкладчыцкую працу ў Гродзенскі педагагічны інстытут імя Янкі Купалы. Менавіта ў педагагічным інстытуце, а пазней ва універсітэце рэалізаваўся навуковы, педагагічны і арганізатарскі талент прафесара М.В.Жарскага. Працаваў выкладчыкам, старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры гісторыі КПСС. У 1973-1979 гадах дэкан гісторыка-педагагаічнага факультэта. З 1979 па 1990 гады загадваў кафедрай гісторыі КПСС, пазней – кафедрай палітычнай тэорыі. У апошнія гады жыцця – прафесар кафедры гісторыі Беларусі і кафедры славянскіх дзяржаў. Чытаў курсы «Гісторыя Расіі», «Гісторыя славянскіх народаў», «Гісторыя Беларусі перыяду ад адмены прыгонніцкага права да Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі», спецкурсы «Гісторыя культуры Расіі ХІХ – пачатку ХХ стст.» і «Гісторыя палітычных партый Расіі гэтага перыяду». Кандыдацкую дысертацыю «Деятельность Коммунистической партии Белоруссии по развитию народного образования в республике (1946-1950 гг.)» абараніў у 1970 годзе. Вучонае званне дацэнта па кафедры гісторыі КПСС і навуковага камунізму прысвоена ў 1974 годзе.
Прафесар М.В.Жарскі аўтар 108 навуковых прац.
Узнагароджаны Ордэнам «Знак пашаны».
Памёр прафесар М.В.Жарскі ў 2004 годзе. Пахаваны ў горадзе Гродна.