Габрусевіч Сяргей Аляксандравіч
Габрусевіч Сяргей Аляксандравіч
С.А.Габрусевіч вылучаецца глыбінёй філасофскага мыслення, шырокім кругаглядам у галіне нацыянальнай і сусветнай культуры, пранізліва-паэтычным успрыняццем жыцця і рэчаіснасці. Усё гэта ў спалучэнні з багатым досведам універсітэцкай дзейнасці робіць прафесара С.А.Габрусевіча прызнаным экспертам у многіх аспектах шматграннага універсітэцкага жыцця.
Нарадзіўся 9 верасня 1936 года ў вёсцы Верхаўляны Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Малабераставіцкай школе, якую скончыў у 1954 годзе. Працаваў загадчыкам хаты-чытальні (1954-1955), служыў у шэрагах Савецкай Арміі (1955-1957). У 1957-1960 гадах калгаснік.
Сістэматычную вышэйшую адукацыю атрымаў на гісторыка-філалагічным факультэце (рускае аддзяленне) Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. Падчас вучобы ўзначальваў Камітэт камсамола інстытута (1962-1963), працаваў лабарантам кафедры педагогікі. У 1964-1965 гадах, будучы студэнтам дзённай формы навучання, загадваў вучэбнай часткай інстытута. Пасля заканчэння інстытута – асістэнт кафедры філасофіі і палітычнай эканоміі, аспірант кафедры дыялектычнага матэрыялізму Беларускага універсітэта. Аспірантуру скончыў датэрмінова і ў 1970 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Развитие В.И.Лениным марксисткого учения о практике как критерии истины в познании социальных явлений». З восені 1969 года – старшы выкладчык кафедры філасофіі і палітэканоміі. Вучонае званне дацэнта па кафедры філасофіі і палітычнай эканоміі прысвоена ў 1972 годзе.
З 1973 года – загадчык кафедры методыкі камуністычнага выхавання, кафедры навуковага камунізму і палітэканоміі (1974-1976), прарэктар па навуковай рабоце (1976-1986), прарэктар па навучальнай рабоце (1986-1992), прафесар кафедры беларускай культуры (1992-2002), загадчык кафедры беларускай культуры (2002-2007), прафесар кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму (з 2007).
Выкладаў курсы «Дыялектычны матэрыялізм”, «Гістарычны матэрыялізм”, «Навуковы камунізм», «Паліталогія», «Гісторыя беларускай культуры», «Тэорыя і гісторыя сусветнай культуры», спецкурсы «Культура Гродзеншчыны», «Культура беларускага замежжа», «Філасофская і грамадска-палітычная думка Беларусі» і іншыя. Вучонае званне прафесара па кафедры сацыяльна-палітычных тэорый і паліталогіі прысвоена ў 1990 годзе. У 90-я гады мінулагаа і пачатку гэтага стагоддзя прафесар С.А.Габрусевіч плённа працуе на ніве нацыянальнай культуры. Быў сябрам Пленума Савецкага Фонду культуры (Масква), сябрам Прэзідыума Беларускага Фонду культуры, старшынёй Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага Фонду культуры. У 1994-1995 гадах заснаваў і рэдагаваў гісторыка-культурны часопіс Гарадзеншчыны «Свіцязь», у якім друкаваліся матэрыялы па гісторыі культуры Гродзеншчыны і культуры беларускага замежжа.
Аўтар больш за 100 навуковых прац па тэорыі пазнання, тэорыі і гісторыі беларускай культуры. Сярод навуковых прац прафесара С.А.Габрусевіча вылучаюцца манаграфіі «Гродна. Гістарычна-эканамічны нарыс» (у суаўтарстве), «Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы» (у суаўтарстве), «Прафесар Ігнат Анацэвіч. Жыццё і спадчына» (у суаўтарстве), а таксама вучэбныя дапаможнікі «От деловой игры до профессионального творчества» (у суаўтарстве), «Педагагічная практыка студэнтаў» (у суаўтарстве), «Гісторыя беларускай культуры» (у суаўтарстве) і іншыя.
Прафесар С.А.Габрусевіч – таленавіты публіцыст і лектар. Сябра рэдкалегіі «Весніка ГрДУ імя Янкі купалы”, часопіса «Роднае слова”.
Ганаровы прафесар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы.