Яроцкі Анатолій Іванавіч
Прафесар А.І.Яроцкі прыйшоў ва універсітэт у сталым узросце з назапашаным вопытам навуковай і педагагічнай дзейнасці.
Нарадзіўся 10 ліпеня 1915 года ў вёсцы Вакарына Ішымскага раёна Цюменскай вобласці (Расійская Федэрацыя). Сярэднюю адукацыю атрымаў у школе 2-ой ступені г.Ішыма ў 1930 годзе. Вышэйшую педагагічную адукацыю набываў у Інстытуце фізічнай культуры імя П.Ф.Лесгафта, медыцынскую – у першым Ленінградскім медыцынскім інстытуце імя І.П.Паўлава.
Працаваў асістэнтам кафедры фізіялогіі Інстытута фізічнай культуры імя П.Ф.Лесгафта (1937-1939). У 1939-1940 гадах у Чырвонай Арміі. Удзельнік вайны з Фінляндыяй. Па прычыне ранення звольнены ў запас. Выкладаў фізіялогію (1940-1942) у Інстытуце фізічнай культуры імя П.Ф.Лесгафта.
У 1939 прымаў удзел у прарыве «лініі Маннергейма» ў якасці камандзіра кулямётнага ўзвода. У 1942 годзе мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне на Ленінградскім, Паўднёва-Заходнім і 3-ім Украінскім франтах. Узнагароджаны ордэнам «Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені», трыма ордэнамі «Чырвонай Зоркі», васемнаццацю медалямі. Ваенную службу скончыў у званні «палкоўніка», намесніка начальніка кафедры біялагічных дысцыплін Чырванасцяжнага Ваеннага інстытута фізічнай культуры і спорта імя У.І.Леніна. У 1952 годзе абараніў доктарскую дысертацыю. Вучонае званне прафесара па кафедры фізіялогіі прысвоена ў 1953 годзе.
З 1961 па 1980 год прафесар А.І.Яроцкі працаваў у Узбекскім інстытуце фізічнай культуры: прафесар кафедры фізіялогіі (1961-1962), прарэктар па вучэбнай і навуковай працы (1962-1965), прарэктар па навуковай працы (1965-1969), кіраўнік праблемнай лабараторыі (1971-1972), загадчыкам кафедры фізіялогіі (1972-1980). Апублікаваў больш за 200 навуковых прац па агульнай фізіялогіі чалавека, фізіялогіі вышэйшай нервовай дзейнасці, фізіялогіі спорту, спартыўнай медыцыне, касмічнай біялогіі і медыцыне.
30 студзеня 1981 года абраны па конкурсе на пасаду прафесара кафедры фізічнага выхавання універсітэта. Да выканання абавязкаў прафесара кафедры прыступіў 1 красавіка.
На кафедры фізічнага выхавання і кафедрах факультэта фізічнай культуры (тэорыі і методыкі фізічнай культуры і спорту, спартыўных гульняў) прафесар А.І.Яроцкі працаваў (у апошнія гады на 0,5 стаўкі) 25 гадоў. Звольнены з універсітэта 25 жніўня 2005 года па ўзгодненнію бакоў у 90-гадовым узросце. За гэты час апублікаваў каля 100 нвуковых і метадычных прац, у ліку якіх манаграфіі «Эмоцыі чалавека і сучаснасць» (у суаўт.), «Падрыхтоўка гандбалістаў» (у суаўт.), «Тэніс» (у суаўт.).
За 18-гадовы перыяд працы ў ГрДУ апублікаваў больш за 100 навуковых прац у рэспубліканскіх і замежных выданнях. Са з’яўленнем яго у Гродна з’явіўся і вялікі тэніс.