Главная » Ветераны » Будни ветеранской организации, Новости » Помним и благодарим за те знания, которые он подарил студентам…

Помним и благодарим за те знания, которые он подарил студентам…

17 ноября 2016

9 лістапада заўчасна перастала біцца сэрца Тамаша Іосіфавіча Тамашэвіча…

Вучонага, лінгвіста, выкладчыка, але перш за ўсё Чалавека. Калі адыходзяць людзі ў іншае вымярэнне, гэта заўсёды боль, страта, духоўныя пакуты.  І яны значна большыя, непараўнальна складаныя, калі развітваешся з чалавекам сумленным, шчырым, адкрытым. Пра Тамаша Іосіфавіча можна бясконца гаварыць самыя добрыя словы, які бок жыцця мы ні закранулі. Найперш ён  знакаміты вучоны, беларуская мова стала сэнсам яго жыцця, прыгажосць і смак якой адчуў яшчэ з дзяцінства і не задумваючыся акунуўся    ў гэтую стыхію. З-пад яго пяра выходзілі артыкулы, падручнікі, манаграфіі, якія сведчылі пра тое, што гэта таленавіты навуковец, які глыбока пранікае ў сутнасць праблемы і арыгінальна, творча вырашае пастаўленыя задачы. Безумоўна, яго жыццё будзе працягвацца ў  навуковай спадчыне. Гэта сённяшнія і заўтрашнія вучні і студэнты будуць вывучаць і захоўваць беларускае слова  так, як вучыў гэтаму Тамаш Іосіфавіч.

Ён быў цудоўным выкладчыкам, на яго лекцыях і практычных занятках не толькі далучаліся да вяршынь навукі, але і акуналіся ў стыхію прыгажосці беларускага слова, цудоўнага валодання ім. Для будучых настаўнікаў гэта быў самы дзейсны прыклад таго, як трэба вучыць, як тлумачыць матэрыял, як абыходзіцца з вучнямі.

З найлепшага боку паказаў сябе Тамаш Іосіфавіч і як кіраўнік, працуючы на  пасадах загадчыка кафедры беларускай мовы і дэкана філалагічнага факультэта. Адказнасць, чалавечнасць, гуманнасць – гэта яго стыль,  яго почырк і  яго метад узаемаадносін з людзьмі. Нікога не пакрыўдзіў, не пакінуў без увагі, вырашаў пытанні  па шчырасці і справядлівасці. Развіваў кафедру, факультэт, аб’ядноўваў калег, выкладчыкаў і студэнтаў.

А яшчэ быў таленавітым чалавекам. З гумарам пісаў цудоўныя вершы пра сяброў, пра сваякоў, пра тых, каго сустракаў на сваім шляху. Быў весяльчаком і аптымістам, цудоўна іграў на баяне і спяваў задушэўныя песні, аб’ядноўваў вакол сябе і ствараў незвычайную атмасферу згоды, еднасці, цеплыні, адкрытасці, шчырасці.

Абсяг творчых інтарэсаў і навуковых адкрыццяў Тамаша Іосіфавіча шматгранны. Напачатку сваёй дзейнасці займаўся старажытнай беларускай фразеалогіяй і абараніў кандыдацкую дысертацыю ў гэтым накірунку. Аб’ектам увагі і даследаванняў стала гісторыя беларускага мовазнаўства. З цікавасцю займаўся распрацоўкай пытанняў культуры маўлення, што знайшло адлюстраванне ў адпаведных навуковых выданнях. Плённа працаваў і для школы, дзякуючы чаму і сёння беларуская мова выкладаецца па яго падручніках.

Мы, калегі па працы, смуткуем з нагоды  смерці нашага Тамаша Іосіфавіча. Яго нам будзе не хапаць. Але ў сэрцах застаецца памяць. Яго ўсмешка, позірк, словы, жэсты – гэта ўсё з намі, як і тая навуковая спадчына, якая будзе жыць не адно дзесяцігоддзе. А яшчэ вера ў тое, што Бог надзеліць яго вечным жыццём ў Небе, бо за гэта мы молімся, і ён варты гэтага.

 

Будни ветеранской организации, Новости

Copyright © 2012-2020 by ГрГУ им. Я.Купалы