Главная » Ветераны » Будни ветеранской организации » Памяці настаўніка — Фелікса Уладзіміравіча Налівайкі, нашага выкладчыка і гісторыка ад Бога..

Памяці настаўніка — Фелікса Уладзіміравіча Налівайкі, нашага выкладчыка і гісторыка ад Бога..

5 сентября 2016

Пайшоў з жыцця Фелікс Уладзіміравіч Налівайка, наш  выкладчык і гісторык ад Бога.  Студэнтам гістфака  выпуску 1993 г.  пашчасціла вучыцца ў шэрагу  яскравых педагогаў і навукоўцаў.  Фелікс Уладзіміравіч быў асобнаю зоркаю сярод гэтай бліскучай плеяды.

Вядома, што  навуковая глыбіня выкладчыка вышэйшай школы напрасткі звязана з ягонымі асабістымі даследчыцкімі інтарэсамі. І калі такія інтарэсы ўвасабляюцца – студэнты  адчуваюць гэта і  ў словах, і ў думках, і ў пытаннях выкладчыка. Лекцыі і семінары  Фелікса Уладзімравіча былі сведчаннем яго маштабнага і глыбокага інтарэсу да гісторыі дыпламатыі Новага часу, эпохі “жалезных канцлераў”,  да часоў прадвесця Першай сусветнай вайны.  Ягоныя веды  былі бездакорнымі, а здольнасць  звязваць, спалучаць, рабіць паралелі паміж эпохамі, падзеямі і гістарычнымі з’явамі  не пакідала абыякавымі нікога, хто сапраўды імкнуся разабрацца ў складай гістарычнай матэрыі. Складалася дзіўнае ўражане, быццам  выкладчык толькі што вярнуўся з той эпохі, пра якую распавядае на лекцыі, эмацыйна прыхапіўшы тагачасныя лозунгі, заклікі,  крылатыя словы, ацэначныя меркаванні і жывыя вобразы  грамадскіх, культурных і палітычных дзеячаў. Усё гэта з асаблівым пачуццём прапаноўваўлася нам, студэнтам, для разважання, параўнання і спробы асэнсавання. А параўноўваць і разважаць было пра што – за вокнамі   пачатак 90-х гг. ХХ ст, калі змянялася, вярталася і пераглядалася ўсё і паўсюль. І тут словы Фелікса Уладзіміравіча былі моцнаю дапамогаю ў нашым  тагачасным штохвілінным выбары, нашых ацэнках і меркаваннях.  Гэтае тычылася ўсяго:  ад палітычных захадаў  актывістаў да  навінак літаратуры.  “Фелікс Уладзіміравіч, як вы ставіцеся да апошняга рамана В. Пікуля “Ступай і не грашы. Бульварны раман”?  — “У Пікуля ўсе раманы бульварныя”, — адрэзаў  Налівайка, справядліва не прымаючы ані кроплі антысемітызму дадзенага пісьменніка.

Нашаму пакаленню студэнтаў, напраўду, пашчасціла сустрэць Фелікса Уладзіміравіча ў сценах  гістарычнага факультэта.  Пашчасціла таму, што можна было заўсёды звярнуцца з пытаннем і атрымаць  мудры адказ, да якога потым не раз звяртаешся. Пашчасціла тым, у каго Фелікс Уладзіміравіч быў кіраўніком педагагічнай практыкі, бо ягоная патрабавальнасць і ягоная ўвага да ўсіх практычных абвязкаў  прымушала рабіць самому ўсё бездакорна. Пашчасціла чуць ягоныя адказы і рэплікі на самыя розныя пытанні падчас знакамітых сустрэч “Пытанняў і адказаў”, што практыкаваліся ў часы галоснасці на гістарычным факультэце.

Фелікс Уладзіміравіч быў цудоўным навукоўцам. На жаль лёс не быў спагадзівым, і хвароба зроку не дазволіла  яму  пакінуць пасля сабе стосы цікавых гістарычных даследаванняў. Але шчыры, сапраўдны інтарэс навукоўцы  літаральна сачыўся праз ягоныя лекцыі і семінары. Бліскучы знаўца французскай мовы, аўтар дысертацыі па гісторыі англа-фрацузскіх стасункаў пачатку ХХ ст., Фелікс Уладзіміравіч цераз падзеі стогадовай мінуўшчыны,  якімі ён аперыраваў філігранна, вучыў нас  разумець сябе і  наш час.  Шмат чаму з жыцця мы вучыліся ў зносінах с Феліксам Уладзіміравічам. Хвораму на зрок выкладчыку было няпроста арыентавацца ў памяшканні і на вуліцы, і суправадзіць яго мы, студэнты, лічылі  за гонар.  Двойчы пашчасціла і мне.

Фелікс Уладзіміравіч быў вельмі адкрытым чалавекам з заўжды трапнаю думкаю, тонка адучуваў гумар і падкрэслена не прымаў усялякую хлусню.  Усёю сваёю постаццю Фелікс Уладзіміравіч увасабляў сабою чалавека гонару і годнасці, што, безумоўна, выклікала непрыхаваныя сімпатыі і павагу з боку нас, тагачасных ягоных студэнтаў.

Хочаца верыць, што добрая памяць на доўгі час застанецца сярод тых, хто меў шчасце  сустрэць у жыцці гэтага светлага і мудрага настаўніка, і яны раскажуць пра яго наступным пакалення.

 

 Выпускнік

гістарычнага факультэту 1993г.,

 Віталь Карнялюк

Будни ветеранской организации

Copyright © 2012-2020 by ГрГУ им. Я.Купалы