«Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні» і прэзентацыя фільма аб Іване Лепешаве
Сёння, 9 кастрычніка 2015 года, на філалагічным факультэце ГрДУ імя Янкі Купалы традыцыйныя Купалаўскія чытанні сабралі навукоўцаў Беларусі.
На адкрыцці Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі выступілі прарэктар па навуковай працы У.Г. Барсукоў, дэкан філалагічнага факультэта І.С. Лісоўская і прафесар І.В. Жук.
Цудоўныя купалаўскія радкі і музычная кампазіцыя, падрыхтаваныя студэнтамі і выкладчыкамі, сталі незабыўным падарункам для ўдзельнікаў Купалаўскіх чытанняў.
Купалаўскія чытанні ў гэтым годзе прысвечаны памяці прафесара І.Я. Лепешава. Таму на адкрыцці канферэнцыі адбылася прэзентацыя фільма «Не магу не пісаць…» аб вучоным, прафесару, таленавітым чалавеку — Іване Якаўлевічу Лепешаве. Фільм быў запланаваны да юбілею гэтага беларускага вучонага, аднак зрэалізаваць задумку ўдалося толькі праз год пасля смерці Івана Якаўлевіча. Фільм абапіраецца на адзінае інтэрв’ю, якое прафесар І.Я. Лепешаў згадзіўся даць і якое запісаў кіраўнік Музея гісторыі ГрДУ Уладзімір Сытых у 2013 г.
Падзяліцца ўражаннямі ад фільма і паглядзець больш фатаздымкаў запрашаем у Музей гісторыі ГрДУ.