Главная » Без рубрики » ЗНАКОМТЕСЬ.Член Союза писателей Беларуси ( Гродненское отделение) Галина Самойло- выпускница нашего университета.

ЗНАКОМТЕСЬ.Член Союза писателей Беларуси ( Гродненское отделение) Галина Самойло- выпускница нашего университета.

25 мая 2015

Галіна Самойла

Шчыры паклон

Будзіўся ўсход залатою разорай,

Адплакалі буйрыя росы,

І сонца, умыўшыся імі, над борам

Прычэсвае русыя косы!

Я успамінаю гэтыя радкі з верша Міхася Васілька цёплай ліпеньскай раніцай, стоячы амаль па калені ў сакавітай траве на беразе чыстай-чыстай сцюдзёнай рачулкі Котры. Густа зарослая алешынамі і кустамі, яна яшчэ амаль што ўся ў ценю, і толькі дзе-нідзе калышуцца на яе вадзе ўсмешкі ўзыходзячага сонца.

За спіной у мяне вёсачка Баброўня. Яе вузенькая вулачка бяжыць спачатку ўздоўж Котры, а потым рэзка зварочвае направа. Схаваная за палямі, за лясамі, аддаленая ад шашы і чыгункі, не ахопленая нават прасёлачнымі аўтобуснымі маршрутамі, вёсачка ўсё ж такі яшчэ жыве. І не толькі летам, калі з’язджаюцца сюды на адпачынак з горада былыя яе жыхары, але і зімою не пустуе тут некалькі дамоў.

Радзіма Міхася Васілька, вядомага заходнебеларускага паэта… Ягонай сядзібы ўжо даўно няма, ёсць толькі хата, у якой жыла сям’я сястры паэта Глафіры. Немалы час прайшоў ад дзяцінства і юнацтва Міхася Васілька да нашых дзён. Ён, вядома ж, змяніў і саму Баброўню, і абшары вакол яе. Нязменным засталося толькі адно: чароўнае хараство прыроды, якое натхняла паэта. Цішыня, чысціня, святло нябёсаў, адлюстраванае ў кветках, дрэвах, у вадзе Котры.

Падыходжу да ўскрайку калгаснага поля. Разгортваю яшчэ зеленаватае недаспелае жыта і зазіраю ў вочы васількам. Успамінаю вершы:

Кветачкі родныя, бачу ізноў вас я

ў сонца святле,

Вы за ўсе іншыя краскі вясновыя

Сэрцу мілей…

Міхась Васілёк… Гэты паэт асабліва блізкі і дарагі мне. Таму што мы з ім землякі, я нарадзілася і вырасла ў вёсцы Бандары, усяго за тры кіламетры ад Баброўні. Таму што мы радня. Мой дзядуля па маме і маці М. Васілька Агата былі братам і сястрой і паходзілі з хутара Крушнікі, што знаходзіўся ў пяці кіламетрах ад Баброўні на беразе той жа рачулкі Котры. Таму што мая мама, Самойла Фаіна Ігнатаўна, стрыечная сястра М. Васілька, таксама пісала вершы ўсё жыццё, пішу іх і я, і мой брат, і яшчэ шмат хто з маіх родных. А значыць, ва ўсіх нас жыве і ў рознай ступені праяўляецца ў кожным адзіны талент, які выпесцілі, збераглі і перадалі нам нашы агульныя далёкія продкі.

Не паэт я — о, не,

Нарадзіла мяне,

Маю песню — пакута, нядоля.

Я ўсяго — васілёк,

Лёс, відаць, незнарок

Мяне кінуў на сумнае поле,—

так сціпла сказаў пра сваё жыццёвае прызначэнне М. Васілёк. І як арганічна пераклікаюцца з тым радкі маёй мамы:

То не вершы, о, не —

Гэта дзённік душы,

Што расла між забытай глушы.

То не вершы, о, не —

Гэта бунт пачуцця,

Што змагаецца з брудам жыцця.

Трымаю ў руках кволую, пяшчотную. нябеснага колеру кветачку і думаю аб тым, што васількі ў жыце — гэта сімвал маёй Беларусі, якая праз «нядолю, няволю» ішла вякамі да » шчасця пары залатой». Такі ж самы, як бярозка пад акном, бусел на страсе, вышытыя рушнікі на абразах…Сімвал няпомслівай мужнасці, сціплай прыгажосці, мяккай настойлівасці, апантанай веры ў святло. Ці не таму Міхаіл Восіпавіч Касцевіч назваўся Васільком, што адчуваў сябе шчырым беларусам?

Вяртаюся дадому, у свае Бандары , і адкрываю мамін альбом з фотаздымкамі розных часоў. Знаходжу партрэт Міхася Васілька. Тут яму гадоў 40 — 45. Нават нічога не ведаючы пра яго лёс, гледзячы на партрэт, я здагадалася б, што гэты чалавек шмат гора зведаў у жыцці, але не зняверыўся. Пад партрэтам маміна апісанне паэта: «Ільняныя, шаўкавістыя валасы, задумліва-пранікнёныя нябесна-сінія вочы, высокі лоб, правільны авал твару і такі пяшчотны, такі мяккі, такі бясконца цёплы, як і песні яго, голас… Такі чалавек не мог заставацца незаўважаным».

Гартаю альбом. Вось М. Васілёк з сыночкамі — Лёлікам і маленькім Ярыкам на руках. Глядзіць на дзяцей з замілаваннем. І ўспамінаецца напісанае ім:

Ты расці, расці, дзіцё.

Будзь дубком-асілачкам,

Страсянуць каб мог жыццё,

Паказаці сілачку.

Вось ён за сталом у гасцях з жонкай Марынай, вясёлы, нешта расказвае, можа, адзін са сваіх жартаўлівых вершаў. Вось піянерка завязвае яму на шыю чырвоны гальштук. Відаць, адбылася яго чарговая сустрэча са школьнікамі. Вось М. Васілёк і М. Танк сярод таварышаў, членаў КПЗБ, сур’ёзны. задумлівы…

Разглядваю цудоўныя мясціны над Котрай, дзе вельмі любіў сядзець у адзіноце М. Васілёк, думаў, чытаў, складаў вершы:

Хто над Котрай, смут забыўшы,

Пад таемны ўсплеск вады

Успамінаў пра час уплыўшы,

Пра мінулыя гады.

А гэта лясная дарога, па якой часта ездзілі з Баброўні на хутар Крушнікі Восіп Касцевіч, бацька паэта, і сам паэт. На фотаздымку зіма, белыя дрэвы, гурбы снегу, санны след праз іх. Госці прыязджалі часцей за ўсё ўзімку, калі менш працы на гаспадарцы. Можа, пра гэтыя паездкі напісаў паэт так вобразна:

Зорным шляхам па зямлі

Сцелецца мяцеліца.

Моўчкі цені заляглі

Ноччу за аселіцай.

Пільна сочаць коней бег,

А мы едзем весела!

На пуховы белы снег

Ночка крыллі звесіла…

Сваякам заўсёды былі рады. Жылі дружна. Неаднойчы дапамагалі бкльбай і збожжам, бо былі больш заможнымі. чым сям’я М. Васілька.

Вось фотаздымкі Сені і Віці, братоў маёй мамы. якіх замучылі фашысты ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яны сябравалі з Міхасём, удзельнічалі ў драматычным гуртку. створаным паэтам. Рэпетыцыі спектакляў па п’есах беларускіх аўтараў часам праходзілі і на хутары. На смерць брата паэт напісаў верш, які так і называецца «Брату Сені».

У альбоме няма фотаздымкаў дзвюх жанчын, якіх страціў паэт у сваім жыцці: маці і першай жонкі Галіны. Успамінаю маміны расказы аб іх: маці памерла ў бежанстве, на чужыне, там і пахаваная, а Галіна — хутка пасля нараджэння сына, у Баброўні. Абедзьве хварэлі на сухоты. Колькі любові ў гэтых радках!

Зпалюшчаны светлыя вочы,

Адна ты самотна ляжыш.

Хто прыйдзе к магіле сірочай,

Пад шэры пахілены крыж?

Гэта пра маці… Вершаў, адрасаваных Галіне, я не знаходжу. Але ж ці не смутак па ёй гучыць у радках М. Васілька тых і больш позніх гадоў? У іх, я думаю, туга не толькі па абяздоленай краіне:

Шмат па дарогах

Заснежаных, гразкіх

Згублена сіл маладых,

Мала было толькі

Сонечнай ласкі

Вам,

Маладыя гады…

Гартаю альбом. Чытаю вершы Міхася Васілька, свайго стрыечнага дзядзькі. І разам з ім пражываю яго лёс, год за годам, ад юнацтва да сталасці, ад Баброўні да Гародні, ад сялянскага паэта да літкансультанта ў «Гродзенскай праўдзе», ад гнанага польскай уладай змагара за свабоду да паважанага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі. Іду з ім праз яго ранняе сіроцтва, праз беднасць і нядолю, праз пакутнае і шчаслівае каханне, праз палон і падполле ў вайну… Адчуваю на сабе любоў паміж паэтам і яго роднымі, самымі блізкімі і больш далёкімі. Спасцігаю яго думкі аб лёсе Радзімы і падзяляю яго клопат аб ёй. Яго вершы — гэта яго біяграфія. Штосьці зроблена не зусім правільна, штосьці не зусім дасканала напісана. Але ж так і павінна быць, бо ніводзін чалавек яшчэ не пазбегнуў памылак. Памылкі Бог даруе. Не даруе адсутнасці любові ў душы. А з душы М. Васілька яна шчодра льецца ў ягоныя вершы, а з вершаў — у нашыя душы, душы чытачоў.

Адзін за другім закрываю зборнікі вершаў паэта, якія я знайшла на паліцы, дзе мама захоўвала самыя дарагія і любыя яе сэрцу кнігі. Першы — «Шум баравы», выдадзены ў 1929 г. пры спрыянні Рыгора Шырмы. На жаль, не паспела распытаць у мамы, якім чынам збераглі яго на хутары Крушнікі? Там жа неаднаразовав былі вобыскі пры польскай уладзе, шмат што знішчыла вайна.

Кніжка ўжо не мае вокладкі, абгорнута белым альбомным лістом, на якім маміным почыркам выведзена назва. Старонкі пажоўклыя, месцамі аж карычневыя, у іх нават пах асаблівы — пах мінуўшчыны. Я ведаю, што у мамінай сям’і у Крушніках было не так ужо мала кніг: творы Пушкіна, Лермантава, Някрасава, Коласа, Купалы, Дуніна-Марцінкевіча, Ажэшкі. Усе яны кудысьці зніклі, а гэтая засталася. Ці не знак гэта вялікай пашаны да творчасці свайго родзіча?

Другі зборнік — «Выбраныя творы», выдадзены ў Мінску ў 1955 г. У ім прадмова А. Вялюгіна, ён жа — рэдактар. На першай старонцы — надпіс, зроблены аўтарам для маёй мамы: «Даражэнькай сястронцы і маладому майму другу Фанечцы ў знак шчырай прыязні і спадзявання, што ты будзеш са мной, сястронка, спяваць песні аб шчасці нашай Радзімы, нашага беларускага народу — дару гэту кнігу». Углядваюся ў роўны, акуратны почырк паэта. Як дорага ўсё гэта, калі чалавека ўжо няма!

І трэці зборнік — «Зоры над Нёманам», з прадмовай У. Калесніка, ужо пасмяротны.

М. Васілёк памёр 3 верасня 1960 г. А 26 верасня таго ж года нарадзілася я. Мне здаецца, што нашы душы нечым падобныя.

Перабіраю сшыткі маміных вершаў. Знаходжу ў іх два, прысвечаныя М. Васільку . Адзін з іх Міхасю-падлетку, своеасабліваму хлопчыку. Вось што гаварыў аб ім яго бацька Восіп мамінаму бацьку Ігнату: «Шчаслівы ты чалавек, швагру, старанлівага сына гадуеш сабе. А мой што… Учуе, як на вуліцы бабы сварацца, кіне цэп, дастане з кішэні паперку ды і бяжыць туды, каб лаянку іх падслухаць. Складна запіша. Ды што толку? Хіба з гэтага хлеб есці будзе?»

Босы хлопчык

Па-за садам

Раніцою

Поле грады.

У задуме

Шэпчуць вусны…

Рукі моркву рвуць,

Капусту.

Страпянуўся,

Сказаў ціха:

— Будзе перцу,

Будзе ліха.

Босы хлопчык

Б’е на току

З бацькам зерняў

Пазалоту.

Чуе сварку —

Цэп кідае

Ды з гуменца

Уцякае.

Затаіўся,

Дрыжыць сэрца.

Штосьці піша

На паперцы.

Босы хлопчык

Уздоўж рэчкі

Пасе статак

Каля грэчкі.

Сонца косы

Расчасала.

Квецень грэчкі той

Скупала.

— Што за пекнасць

Вакол, Божа! —

Адарваць вачэй

Не можа.

А каровы—балаўніцы

Грэчку топчуць

І пшаніцу.

— Будзе перцу,

Будзе ліха, —

Сказаў ціха.

Некалькі разоў перачытваю мамін верш і востра адчуваю, як моцна я люблю гэтага босага хлопчыка, як шкада мне яго за непадобнасць да іншых і як ганаруся я гэтай непадобнасцю. Я ганаруся тым, што ў маім родзе быў такі незвычайны чалавек з палаючай душою, якая хацела і ўмела спяваць для людзей.

Без рубрики

Copyright © 2012-2020 by ГрГУ им. Я.Купалы