Светлой памяти профессора Ивана Лепешева…Да свайго 90-годдзя ён не дажыў адзінаццаць дзён.
Дванаццатага кастрычніка 2014 года пайшоў з жыцця слынны беларускі і славянскі фразеолаг Іван Якаўлевіч Лепешаў. Да свайго 90-годдзя ён не дажыў адзінаццаць дзён.
Да апошняга часу Іван Якаўлевіч заставаўся ў страі актыўным навукоўцам і педагогам. У апошнія месяцы, як і сорак гадоў таму, – упэўнены голас, дапытлівы позірк, бурнае абмеркаванне з калегамі новых важных праблем філалогіі і падзей у грамадстве. Але самае галоўнае, што ўдавалася захаваць Івану Якаўлевічу, гэта працаздольнасць, бесперапынная, кожны дзень (нават суткі) нястомная праца на карысць роднай мове і Бацькаўшчыне. І што важна (гэта як божы дар), у свае вялікія гады Іван Якаўлевіч працаваў з захапленнем, ні на ёту не страціўшы задавальнення, эмацыянальнай асалоды ад сваёй дзейнасці. Па-юнацку, з нецярпеннем чакаў выхаду ў свет уласнага артыкула ці кнігі, з радасцю чытаў сваю новую публікацыю і абавязкова заўважаў і ацэньваў нават дробязныя змяненні ў тэксце, зробленыя рэдактарамі. Іван Якаўлевіч ўмеў шчыра парадавацца і па-сапраўднаму ацаніць годныя працы іншых аўтараў і, наадварот, даць волю прынцыповай крытыцы пасля прачытання некваліфікаванай ці несумленнай публікацыі. А чытаў ён вельмі многа: навуковыя і літаратурна-мастацкія часопісы, газеты, зборнікі, слоўнікі, творы беларускіх і рускіх пісьменнікаў. Многіх класікаў, напрыклад Я. Купалу, Я. Коласа, В. Быкава, А. Твардоўскага, А. Салжаніцына, ён перачытваў шмат разоў. І абавязкова выпісваў, выпісваў: словы, выразы, сказы, цытаты – для сваіх картатэк, для наступных артыкулаў і кніг.
Нарадзіўся Іван Якаўлевіч у вёсцы Іскозы Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці 23 кастрычніка 1924 г. У 1940 г. скончыў 8 класаў, здаў экстэрнам экзамены за 9 класаў і паступіў у Аршанскі настаўніцкі інстытут, вучоба ў якім была перапынена вайной.
З 1944 г. ваяваў на фронце, быў паранены пры вызваленні Кенінгсберга.
Узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені,
медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі» і інш.
Пасля сканчэння Аршанскага настаўніцкага інстытута (1948) працаваў выкладчыкам беларускай мовы ў Свіслацкай СШ Гродзенскй вобласці. З 1956 па 1971 г. выкладаў беларускую і рускую мовы і літаратуры ў Машталерскай сямігадовай школе Скідзельскага раёна і ў Берштаўскай сярэдняй школе Шчучынскага раёна.
Завочна скончыў філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага педінстытута (1959).
У 1971 годзе Івана Якаўлевіча запрасілі працаваць на кафедру беларускай мовы Гродзенскага дзяржаўнага педінстытута (цяпер універсітэт). З таго часу пачалася надзвычай плённая навуковая дзейнасць вучонага ў галіне беларускага і славянскага мовазнаўства. У век навуковай спецыялізацыі прафесар І.Я. Лепешаў належыць да нешматлікага кола даследчыкаў, абсяг навуковых інтарэсаў якіх рознабаковы і шматгранны. Падобна волатам навукі мінулых стагоддзяў ён увасабляе сабой вучонага-гуманітарыя шырокага профілю ў лепшым сэнсе гэтага слова: і лінгвіст, і літаратуразнаўца, і гісторык, да таго ж яшчэ і таленавіты публіцыст. За чатыры дзесяцігоддзі навукова-педагагічнай дзейнасці Іван Якаўлевіч стварыў такі аб’ём навуковай прадукцыі, якім мог бы пахваліцца цэлы аддзел навукова-даследчага інстытута. На аўтарскім рахунку вучонага 650 артыкулаў і 47 кніг, сярод якіх манаграфій – 8, слоўнікаў – 17, дапаможнікаў – 14, навукова-папулярных кніг – 8. Толькі пералік публікацый вучонага заняў бы цэлую брашуру.
Найбольшыя навуковыя дасягненні Івана Якалевіча, натуральна, у сферы лінгвістыкі. Вынікі творчай дзейнасці вучонага – працы па розных галінах мовазнаўства: сучаснай беларускай мове, культуры маўлення і стылістыцы, фразеалогіі, парэміялогіі, лексікалогіі, этымалогіі і інш. Сярод яго даследаванняў фундаментальнага характару асобнымі вехамі ў галінах беларускага і славянскага мовазнаўства можна лічыць такія кнігі пераважна па фразеалогіі: “Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы” (1984), Фразеалогія сучаснай беларускай мовы” (1998), “Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў” (2004), “Парэміялогія як асобны раздзел мовазнаўства” (2006), “Слоўнік фразеалагізмаў: у 2 т.” (2008), “Лінгвістычны аналіз тэксту” (2009), “Тлумачальны слоўнік прыказак” (2011), “Этымалагічны слоўнік прыказак” (2014).
Іван Якаўлевіч быў кваліфікаваным, адказным, сумленным вучоным і педагогам. Ён вельмі паважаны сярод вучоных краіны і замежжа, сярод студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, калегаў па працы.
Як настаўніка і як чалавека з цеплынёй успамінаюць яго тысячы вучняў – выпускнікоў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы розных пакаленняў.
Іван Якаўлевіч вядомы не толькі як спецыяліст-філолаг, але і як адданы грамадзянін-патрыёт, які сваімі навукова-публіцыстычнымі артыкуламі абуджае найлепшыя пачуцці прыхільнасці да Бацькаўшчыны.
Шчыры паслядоўнік знаных расійскіх фразеолагаў В.М. Макіенкі і У.П. Жукава, Іван Якаўлевіч Лепешаў давёў развіццё беларускай фразеалогіі да вяршынь, падрыхтаваў, выхаваў цэлую плеяду паслядоўнікаў, якія плённа працягваюць яго фразеалагічную справу.
Будни ветеранской организации, Ими гордится университет, Новости, РЕТРОИСТОРИЯ (К 75-летию вуза)