Биография
15 октября 2014

Kupala.jpgНарадзіўся 07 ліпеня 1882 года ў фальварку Вязынка Вілейскага павета (цяпер Маладэчанскі раён Менскай вобласці) у сям’і арандатара. Сапраўднае імя — Луцэвіч Іван.

Род Луцэвічаў вядомы з ХVІІ ст. і бярэ пачатак ад Станіслава, які па вотчыным праве валодаў маёнткам Кукялёўшчына з вёскамі Слабодка і Цярпілаўка ў Мінскім ваяводстве. Спадчынным парадкам яны пераходзілі ва ўладанне яго сыноў, а потым унукаў… У 1802 годзе Луцэвічы былі зацверджаны ў шляхецтве (дваранстве) Расійскай імперыі, але ў выніку разбору шляхты галіна непасрэдных продкаў Янкі Купалы паводле ўказа ад 23 верасня 1864 г. была прыпісана да мінскай грамады так званых “граждан”, а ў 1869 годзе – да мяшчан.

Своеасаблівы экспазіцыйны комплекс складаюць: радавод Луцэвічаў; герб «Навіна», да якога належаў іх род; дакументы Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу і Мінскай мяшчанскай управы з Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі па гісторыі роду Луцэвічаў, разгляду яго шляхецкага паходжання; “Сямейныя спісы Мінскай мяшчанскай управы” з запісам аб нараджэнні будучага паэта (1882); метрычны запіс з кнігі Радашковіцкага касцёла аб нараджэнні і хрышчэнні Івана Луцэвіча, яго пашпарт як мешчаніна г. Мінска (1907).

 

 

 

 

Бацькі Янкі пабраліся шлюбам у 1879 годзе. Іх шляхі па беларускай зямлі, як і маленства, дзяцінства і юнацтва Янкі, прайшлі ў вандраваннях, у пошуках арэнды зямлі і лепшай долі. На час нараджэння Янкі Луцэвічы арандавалі зямлю ў маёнтку Вязынка, які належаў роду Замбжыцкіх. На экспазіцыі прадстаўлены: выявы маці паэта Бянігны Іванаўны (фатаграфія) і бацькі Дамініка Ануфрыевіча (малюнак І. Раманоўскага), фатаграфіі Янкі ў 6-гадо-

вым узросце, яго родных сясцёр, сваякоў па лініі маці з роду Валасевічаў; экспануецца макет хаты ў Вязынцы, дзе жылі Луцэвічы ў 1881–1883 гг.

Частыя пераезды бацькоў, цяжкае матэрыяльнае становішча, праца на гаспадарцы перашкодзілі Янку набыць сістэматычную адукацыю. Спачатку ён вучыўся ў вандроўных настаўнікаў, потым – у Сенніцкай народнай школе (1889), прыватнай падрыхтоўчай школе ў Мінску (1890), Бяларуцкім народным вучылішчы (1897–1898). Юнак усяляк імкнуўся пашырыць свае веды шляхам самаадукацыі. Магчымасць карыстацца багатай бібліятэкай З. Чаховіча (паплечніка К. Каліноўскага) спрыяла знаёмству будучага паэта з лепшымі ўзорамі сусветнай літаратуры. На экспазіцыі прадстаўлены фатаграфіі і кнігі беларускіх пісьменнікаў – папярэднікаў Янкі Купалы, творы замежных пісьменнікаў з кола чытання Янкі Луцэвіча.

1902 год. Паміраюць бацька Янкі, а пазней брат і дзве сястры. Янка застаецца за старэйшага, але праца на гаспадарцы яго не вабіла. Ён вырашае “ісці ў людзі”. З 1902 па 1907 гг. працуе хатнім настаўнікам, пісарам у судовага следчага, прыказчыкам у панскім маёнтку, чорнарабочым, памочнікам вінакура на броварах.

У 1898 г. скончыў Беларуцкую народную навучальню. Пасля смерці бацькі (1902) год працаваў на гаспадарцы, потым — хатні настаўнік, пісар у судовага следчага ў Радашковічах (1903), малодшы прыказчык у памешчыка ў Сенненскім павеце Магілеўскай губерні (1904), практыкант і памочнік вінакура ў маёнтку Сёмкава пад Менскам, на бровары ў Яхімоўшчыне на Маладэчаншчыне, у маёнтку Дольны Сноў Наваградскага павета (1905-1908), супрацоўнік «Нашай нівы» і адначасова бібліятэкар бібліятэкі «Веды» Б. Л. Даніловіча (Вільня, 1908-1909).

У 1902 г. Іван Луцэвіч пачынае пісаць вершы спачатку на польскай мове. Некаторыя з іх былі надрукаваны ў часопісе “Ziarno” ў 1903–1904 гг. 22 вершы захаваны ў аўтографах і машынапісным сшытку з аўтарскімі праўкамі. Тэма польскамоўных вершаў – любоў да зямлі, да працы на ёй, замілаванне прыродай роднага краю.

Росту нацыянальнай самасвядомасці Івана Луцэвіча спрыялі: класік беларускай літаратуры Ядвігін Ш., публіцыст, літаратурны крытык У. Самойла, грамадскі і тэатральны дзеяч А. Бурбіс, якія заахвочвалі маладога паэта пісаць на роднай мове.

Экспануецца аўтограф першага беларускамоўнага верша Івана Луцэвіча “Мая доля”, які быў напісаны лацінкай у 1904 годзе.

15 мая 1905 года адбываецца значная падзея ў беларускай літаратуры: у мінскай рускамоўнай газеце “Северо-Западный край” публікуецца па-беларуску верш “Мужык”, упершыню падпісаны псеўданімам “Я. Купала”. Гэта было першае выступленне паэта ў перыядычным друку.

У першых Купалавых творах (1904–1907) выявілася душа беларуса, драматызм яго жыцця, і ў той жа час адчуваецца сіла народа, вера ў яго годнасць і будучыню. За гэты перыяд Янка Купала піша больш за 200 твораў: вершы, паэмы “Зімою”, “Нікому”, “Адплата кахання”, “Калека”; перакладае з рускай і польскай моў.

У экспазіцыі прадстаўлены аўтографы твораў маладога паэта (1905–1907), фатаграфія бровара ў в. Яхімоўшчына (цяпер Маладзечанскі раён), дзе ў 1906–1907 гадах працаваў Янка Купала.

У 1909-1913 гг. вучыўся на агульнаадукацыйных курсах А. С. Чарняева ў Пецярбургу. З кастрычніка 1913 г. зноў у Вільні, супрацоўнік «Беларускага выдавецкага таварыства», рэдактар «Нашай нівы» (1914-1915).

У верасні 1915 г. выехаў у Маскву, дзе вучыўся ў Народным універсітэце.

У студзені 1916 г. прызваны ў армію. Служыў у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін у Менску, Полацку, а таксама ў Смаленску, дзе сустрэў Кастрычніцкую рэвалюцыю.

У 1919 г. пераехаў у Менск, дзе і жыў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнічаў у стварэнні нацыянальнага тэатра, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Акадэміі навук БССР, у разгортванні выдавецкай справы.

У гады Вялікай Айчыннай вайны жыў у Маскве, у пасёлку Пячышчы каля Казані. Абіраўся кандыдатам у сябры ЦВК БССР (1927-1929), сябрам ЦВК БССР (1929-1931, 1935-1938), дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (з 1940 г.).

Акадэмік АН БССР, АН УССР. Сябра СП СССР з 1934 г. Народны паэт БССР (1925). Узнагароджаны ордэнам Леніна.

Трагічна загінуў 28.06.1942 г. у Маскве. Урна з прахам перавезена ў Менск у 1962 г.

Пісаць пачаў на польскай мове. Першы вядомы беларускі верш «Мая доля» датаваны 1904 годам. Першы надрукаваны верш на беларускай мове — «Мужык» (15 траўня 1905 г. у менскай газеце «Северо-Западный край»). У 1908 г. пецярбургскае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» выпусціла першы зборнік паэта «Жалейка» (факсімільнае выданне ў 1982), у 1913 г. — зборнік «Шляхам жыцця». Зборнік вершаў «Гусляр» (1910) выдадзены ў Пецярбургу А. Грыневічам. У савецкі час выйшлі кнігі паэзіі «Спадчына» (1922), «Безназоўнае» (1925), «Апавяданні вершам» (у 2 кнігах, 1926), паэмы «Магіла льва» (1927), «Над ракою Арэсай» (1933), «Курган» (1987), зборнікі «Адцвітанне» (1930), «Песня будаўніцтву» (1936), «Беларусі ардэнаноснай» (1937), «Ад сэрца» (1940), «Беларускім партызанам» (вершы і артыкулы, Масква, 1942), кнігі выбраных вершаў, паэм (1930, 1935, 1936, 1946, 1947, 1948, 1952, 1958, 1967, 1970, 1972 — малафарматнае выданне, 1978, 1980, 1981, 1982 (4 выданні), 1987, 1988 (3 выданні), 1989 (2 выданні) і Зборы твораў у 6-ці (1925-1932), 3-х (1928-1932), 6-ці (1951-1954, 1961-1963), 7-мі (1972-1976) тамах. Многія вершы пакладзены на музыку. Для дзяцей неаднаразова выдаваліся вершы «Хлопчык і лётчык», «Алеся» і інш.

Аўтар драматычных паэм «Адвечная песня» (Пецярбург, 1910, пастаўлена ў 1921) і «Сон на кургане» (Пецярбург, 1912, пастаўлена ў 1928), п’есы «Паўлінка» (Пецярбург, 1913, пастаўлена ў 1913, у 1952 па спектаклю тэатра імя Я.Купалы створаны аднайменны кінафільм, у 1973 г. — аперэта), драматычнай паэмы «На папасе» (1913, ставілася самадзейнасцю), драмы «Раскіданае гняздо» (Вільня, 1919, пастаўлена ў 1917, аднайменны кінафільм — у 1982), сцэнічнага жарту «Прымакі» (1920, ставіўся самадзейнасцю ў 20-я гады, у тэатры пастаўлены ў 1936), п’есы «Тутэйшыя» (1924, пастаўлена ў 1926), драматычнага абразка «На Куццю» (Вільня, 1928, ставіўся ў самадзейных гуртках). У 1989 г. выйшлі «Паэмы. Драматычныя творы» (уключаны трагікамедыя «Тутэйшыя», паэмы «Калека», «На Куццю» і іншыя творы, якія доўгі час былі забаронены).

Выступаў як публіцыст і літаратурны крытык. У 1972 г. выйшла кніга «Публіцыстыка».

Пераклаў на беларускую мову «Слова аб палку Ігаравым» (прозай і вершам), міжнародны пралетарскі гімн «Інтэрнацыянал», польскі тэкст у п’есах В. Дуніна-Марцінкевіча «Ідылія» і «Залёты», лібрэта оперы «Галька» С. Манюшкі, паэму А. Пушкіна «Медны коннік», шэраг вершаў і паэм Т. Шаўчэнкі, асобныя творы М. Някрасава, І. Крылова, А. Кальцова, А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, М. Канапніцкай, Ю. Крашэўскага, У. Бранеўскага, Е. Жулаўскага, П. Панча і інш.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1941) за зборнік «Ад сэрца».

 

Copyright © 2012-2020 by ГрГУ им. Я.Купалы