Главная » Гордость ВУЗа » Профессора » Бадакоў Аляксандр Васільевіч

Бадакоў Аляксандр Васільевіч

30 января 2013

Бадакоў

Аляксандр Васільевіч

 

Людзі, якія працуюць у розных сферах дзейнасці, яскрава падзяляюцца на тры катэгорыі: на тых, хто вужэй за сваю прафесію, тых, хто запаўняе яе межы, і, нарэшце, на тых, хто значна шырэй за сваю прафесію. Апошнія звычайна бываюць людзьмі неспакойнымі, кіпучымі. Яны – сапраўдныя стваральнікі. Прафесар А.В.Бадакоў значна шырэй за сваю прафесію выкладчыка філасофіі. Філасофія (пры ўсёй любові да яе) – гэта толькі рыса яго шматграннага характару.

Нарадзіўся 23 лютага 1926 года ў вёсцы Бахараўка Рослаўльскага раёна Смаленскай вобласці. Першапачатковую адукацыю (8 класаў) атрымаў у Асцерскай сярэдняй школе. У 1943-1948 гадах – студэнт Рослаўльскага тэхнікума чыгуначнага транспарту. Пасля заканчэння тэхнікума накіроўваецца на працу ў горад Мінск. Брыгадзір па рамонту абсталявання завода імя Мяснікова (1948), брыгадзір механічнага цэха дэпо станцыі «Мінск-таварная” (1949), сакратар вузлавога камітэта камсамола станцыі Мінск (1950), загадчык аддзела рабочай моладзі Мінскага абкама камсамола (1951-1954), першы сакратар Заводскага райкама камсамола (1954), другі сакратар Мінскага гаркама камсамола (1954-1955), інструктар Мінскага абкама партыі (1955). Завочна скончыў (1950) філалагічны факультэт Беларускага універсітэта па спецыяльнасці «Руская і беларуская мовы і літаратуры». У 1955-1958 гг. навучаўся у аспірантуры Інстытута філасофіі і права АН БССР. Датэрмінова абараніў кандыдацкую дысертацыю.

З 1958 года – малодшы, затым старшы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі і права АН БССР, старшы выкладчык, дацэнт кафедры філасофіі Беларускага палітэхнічнага інстытута, інспектар Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР (1960-1962). У 1962 годзе А.В.Бадакоў абіраецца загадчыкам кафедры філасофіі Мінскага педагагічнага інстытута.

Прыродная здольнасць да глыбокай філасофскай рэфлексіі, грунтоўная падрыхтоўка ў галіне сусветнай філасофіі і культуры ўвогуле, унікальная працаздольнасць і дастаткова шырокія межы навуковай і арганізатарскай дзейнасці, якія давала кіраўніцтва кафедрай, паспрыялі таму, што ў канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя А.В.Бадакоў успрымаецца навуковай грамадскасцю як адзін з таленавітых і перспектыўных беларускіх філосафаў. Ён сааўтар і навуковы рэдактар падручніка для вышэйшых навучальных установаў «Дыялектычны матэрыялізм» (1969), аўтар падручніка «Дыялектычны матэрыялізм» (1972). Дзякуючы гэтым падручнікам Беларусь упершыню перастае быць філасофскай правінцыяй, а студэнты ВНУ атрымоўваюць магчымасць вывучаць філасофскія заканамернасці ў нацыянальнай інтэрпрэтацыі, з беларускага пункту гледжання.

У 1973 годзе А.В.Бадакоў прызначаецца рэктарам Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы.

У першыя гады рэктарства пераважную частку часу і асабістых сіл аддае арганізацыйнай працы. Можна ўявіць, наколькі маштабнай і дынамічнай была гэтая праца, калі не забываць, што на ўсе бакі дастаткова складанага інстытуцкага жыцця ў яго быў свой погляд, сваё разуменне, якія, з прычыны неўтаймаванасці тэмпераменту Аляксандра Васільевіча, патрабавалі неадкладнай практычнай рэалізаці. Аднак і ў гэтых умовах ён друкуе шэраг прац па філасофіі («Як чалавек пазнае свет» (1974) (у суаўт.), «Сознание, его происхождение и сущность» (1976)) і педагогіцы вышэйшай школы.

Летам 1978 года А.В.Бадакоў атрымоўвае вучонае званне прафесара і прызначаецца рэктарам універсітэта. Больш чым 20-гадовая рэктарская дзейнасць прафесара А.В.Бадакова амаль не мае аналагаў ў гісторыі беларускіх універсітэтаў. Пры ім ва універсітэце арганізаваны навукова-даследчы сектар, юрыдычны, біялагічны, матэматычны, фізічны, інжэнерны, беларускай філалогіі і культуры, фізічнай культуры факультэты, заснаваны кафедры тэарэтычнай фізікі, агульнага і славянскага мовазнаўства, гісторыі Беларусі, польскай філалогіі, беларускай культуры, беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства, оптыкі і спектраскапіі, радыёфізікі, інфарматыкі і вылічальнай тэхнікі і іншыя. Створаны шэраг галіновых навукова-даследчых лабараторый. Гісторыя беларускіх універсітэтаў ведае толькі адзін прыклад такой дзейнасці – гэта пятнаццацігадовае рэктарства акадэміка А.Н.Сеўчанкі ў Беларускім універсітэце. Прафесар А.В.Бадакоў вызначыў асноўныя накірункі развіцця універсітэта на значную перспектыву. Доказам гэтага з’яўляецца той факт, што многія з іх рэалізуюцца толькі сёння.

Аўтар каля 80 навуковых прац, у ліку якіх 8 манаграфій і вучэбных дапаможнікаў. Не меншую значнасць мае лектарская дзейнасць прафесара А.В.Бадакова як выкладчыка. Яго лекцыі вызначаліся прадуманасцю матэрыялу, логікай і даказальнасцю.

З 1996 года жыве і працуе ў Мінску.

 

Асноўныя публікацыі:

Возможность и действительность в развитии советского социалистического общества // Труды Института философии и права АН БССР. Вып. 1. – Мн., 1958.

Роль субъективного фактора в превращении возможности в действительность. – Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук. – 1959. – № 1.

Марксистко-ленинская эстетика как наука. – Коммунист Белоруссии. – 1960. – № 9.

Основы марксистко-ленинской этики. – Мн., 1965. (в соавт.)

Диалектический материализм. – Мн.: Вышэйшая школа, 1969. (в соавт.)

В.И.Ленин о творческой активности сознания. В книге «Ленинское философское наследие и современность». – Мн., 1971.

Диалектический материализм. – Мн.: Вышэйшая школа, 1972.

Як чалавек пазнае свет. – Мн.: Народная асвета, 1974. (у суаўт.)

Сознание, его происхождение и сущность. – Мн.: Народная асвета, 1976.

Некоторые вопросы комплексного подхода к совершенствованию системы подготовки учителя в педагогическом вузе // В сб. «О системах и системности в воспитании». – М., 1976.

Асновы філасофіі. Падручнік. – Гродна, 1994. (у суаўт.)

 

Badakou Aliaksandr Vasilyevich (b. 1926). PhD in Philosophy (1958), professor (1978). Rector of the University (1973-1994). Author of approximately 80 papers, including 8 monographs and manuals. Main directions of research: problems of consciousness, cognition, social results of the scientific-technical revolution, philosophy of education.

Профессора

Copyright © 2012-2020 by ГрГУ им. Я.Купалы