Гордость ВУЗа
30 января 2013

Меляшэвіч

Аляксей Уладзіміравіч

 

Нарадзіўся 1 красавіка 1932 года ў вёсцы Нарутовічы Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1951 годзе  скончыў Сялецкую сярэднюю школу і паступіў у Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут, які скончыў у 1957 годзе. Уся лячэбная, навуковая і педагагічная дзейнасць звязана выключна з горадам Гродна. Працаваў урачом хуткай дапамогі, хірургам-анколагам Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы, у 1962-1976 гадах – хірургам гарадской бальніцы № 1. У 1970 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Местная гипотермия в терапии островоспалительных заболеваний пальцев и кисти”. Званне дацэнта па кафедры факультэцкай хірургіі прысвоена ў 1990 годзе. З 1972 года ў Гродзенскім педагагічным інстытуце імя Янкі Купалы: старшы выкладчык, а затым дацэнт на курсе грамадзянскай абароны і медыцынскай падрыхтоўкі. У 1990 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «Профилактика и лечение гнойно-восполительных осложнений микротравм кисти”. Званне прафесара па кафедры асноў медыцынскіх ведаў і ахове здароўя дзяцей прысвоена ў 1991 годзе. У гэтым самым годзе быў абраны загадчыкам кафедры асноў медыцынскіх ведаў.

Аўтар больш за 100 навуковых прац. Асноўнымі кіурункамі навуковай дзейнасці з’яўляюцца прафілактыка і лячэнне гнойна-запаленчых захворванняў кісці. На аснове асабістай канцэпцыі патагенэзу гнойна-запаленчых ускладненняў мікратраўмаў кісці распрацаваны спосабы іх прафілактыкі і лячэння, у прыватнасці:

–       спосаб санагенезу мікратраўмаў шляхам іх акраплення растворам ёд-хлорэтылу (СССР, вынах. № 1122324, 1979);

–       метад пралангіраванай мясцовай гіпатэрміі для дячэння сярознаінфільтраванайй фазы панарыцыя і флегмоны кісці;

–       арыгінальны спосаб хірургічнага лячэння глыбокай параніхіі;

–       методыка хірургічнага лячэння падскурнага і коснага панарыцыя дыстальнай фалангі з хірургічным доступам праз пазногцевае ложа (СССР, вынах. № 1187802, 1985);

–       методыка дольчатага высячэння інфіцыраванай клятчаткі пасля ўскрыцця панарыцыя і флегмоны кісці з вызначэннем аптымальных межаў яе выразання;

–       прапанаваныя і ўпершыню выкарыстаныя ў практыцы лячэння панарыцыя, абсцэсаў, флегмоны кісці нітачная дрынажы;

–       гемастаз пры пашкоджванні парэнхіматозных органаў (селязёнкі, нырак, печані).

Памёр 1 снежня 2007 года.

Читать далее…

30 января 2013

Мінюк

Сцяпан Андрэевіч

 

Імя прафесара С.А.Мінюка назаўсёды ўвайшло ў гісторыю беларускай матэматыкі і культуры. Нарадзіўся С.А.Мінюк 25 лютага 1948 года ў вёсцы Крывіца Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і.

Сярэднюю адукацыю атрымаў у ??? школе, якую закончыў у 1964 годзе. Сістэматычную матэматычную адукацыю на матэматычным факультэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Па рашэнню Савета матэматычнага факультэта працягваў вучобу ў аспірантуры кафедры прыкладной матэматыкі, якую датэрмінова закончыў у 1971 годзе.

Кандыдацкую дысертацыю «Исследование полной достижимости динамических систем с запаздыванием» абараніў у красавіку 1972 года. У 1971-1976 гадах працаваў асістэнтам, старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры аптымальнага кіравання. Вучонае званне дацэнта прысвоена у 1976 годзе. У гэтым жа годзе, у сувязі з тым што навуковыя інтарэсы С.А.Мінюка былі звязаны з функцыянальнымі праблемамі тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, пераводзіцца на пасаду дацэнта кафедры дыферэнцыяльных ураўненняў.

Падчас працы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце С.А.Мінюк апублікаваў больш за 20 навуковых прац, у якіх былі прадстаўлены арыгінальныя рашэнні шэрагу пытанняў якаснай тэорыі нявызначаных дыферэнцыянальна-рознасных ураўненняў.

З верасня 1978 года С.А.Мінюк працуе ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Узначальваў кафедру матэматычнага аналіза, у 1979-1999 гадах кафедру дыферэнцыяльных ураўненняў, а з 1999 года кафедру дыферэнцыяльных ураўненняў і аптымальнага кіравання. У 1993 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «Исследование некоторых задач управления и наблюдения динамических систем». Праз год атрымаў вучонае званне прафесара па кафедры дыферэнцыяльных ураўненняў.

Навуковыя інтарэсы прафесара С.А.Мінюка былі звязаны з вывучэннем і рашэннем задач аптымальнага кіравання, назіральнасці, фільтрацыі, ідэнтыфікацыі і іншых структурных асаблівасцей шырокага класу дынамічных сістэм.

У гэтай галіне матэматыкі атрыманы вынікі, якія па праву паставілі яго імя ў шэраг выбітных нацыянальных матэматыкаў канца ХХ – пачатку ХІХ стагоддзяў.

– Для лінейных стацыянарных сістэм нейтральнага тыпа атрыманы параметрычны крытэрый абарачальннасці па становішчы і крытэрый поўнай ідэнтыфіцыруемасці. Вырашана задача заспакаення лінейнай аўтаномнай сістэмы нейтральнага тыпу другога парадку рэгулятарам выраджэння.

– Для лінейных аўтаномных дыфференцыяльна-рознасных сістэм даследавана сувязь задач функцыянальнай дасягальнасці і поўнай кіравальнасці праз асаблівасць функцыянальнай паўнаты.

– Вызначана дваіснасць задач поўнай кіравальнасці і канструктыўнай ідэнтыфіцыруемасці для сістэм са спазненнем; распрацаваны алгарытм пабудовы бесперапыннай узнаўляючай аперацыі ў задачы поўнай ідэнтыфікацыі лінейных стацыянарных сістэм са спазненнем.

– Пабудаваны алгарытм рашэння задачы аптымальнай фільтрацыі лінейных стахастычных сістэм са спазненнем пры вядомай інфармацыі аб пачатковым знаходжанні аб’екта назірання, а таксама задачы, дзе інфармацыя аб пачатковым знаходжанні аб’екта няпоўная або адсутнічае ўвогуле.

Прафесар С.А.Мінюк аўтар больш за 60 грунтоўных навуковых прац па тэорыі аптымальнага кіравання. Пераважная большасць з іх апублікавана ў самых прэстыжных навуковых выданнях СССР і Беларусі: часопісах «Дыфферэнцыяльныя ураўненні», «ДАН СССР», «Тэорыя кіравання», «ДАН БССР», «Даклады НАН Беларусі», «Весці НАН Беларусі».

Прафесарская дзейнасць С.А.Мінюка пераканаўча пацвярджае важнейшую заканамернасць універсітэцкага жыцця: арганізацыя эфектыўнага навучальнага працэсу ва універсітэце немагчыма без сістэматычных навуковых даследаванняў. Ён пастаянна чытаў лекцыі па важнейшых матэматычных курсах «Дыфферэнцыяльныя ўраўненні», «Варыяцыйнае вылічэнне і метады аптымізацыі», «Матэматычная тэорыя кіравання». У лекцыях амаль не ўжываў знешніх эфектаў. Ды ў гэтым не было патрэбы, паколькі лекцыі прафесара С.А.Мінюка змястоўна ўключалі найноўшыя дасягненні сусветнай матэматычнай навукі і асабіста лектара.

Прафесар С.А.Мінюк аўтар 20 падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для студэнтаў фізіка-матэматычных, эканамічных і інжынерных спецыяльнасцей, у ліку якіх падручнікі «Ураўненні і метады матэматычнай фізікі» (у суаўт.), «Высшая математика» (у суаўт.), «Дыферэнцыяльныя ўраўненні» (у суаўт.), «Высшая математика для экономистов» (у суаўт.), «Математика для инженеров», у 2-х тамах (у суаўт.); навучальных дапаможнікаў «Дыферэнцыяльныя ўраўненні: прыклады і задачы» (у суаўт.), «Дифференциальные уравнения и экономические модели» (у суаўт.). Важна адзначыць, што прафесар С.А.Мінюк быў адным з першых у Рэспубліцы Беларусь, хто стварыў падручнікі і навучальныя дапаможнікі па матэматычных дысцыплінах на беларускай мове. Ягоны ўнёсак у развіццё беларускай культуры не падлягае сумневу.

Шматгадовую плённую навуковую і педагагічную дзейнасць прафесара С.А.Мінюка высока цанілі калегі, матэматычная супольнасць, кіраўніцтва краіны. У 2002 годзе ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ён узнагароджаны Ордэнам Францыска Скарыны.

У апошнія гады жыцця прафесар С.А.Мінюк цяжка хварэў. Аднак і ў гэтых няспрыяльых умовах напружана працаваў. Дастаткова глянуць на спіс ягоных навуковых прац, каб пераканацца ў гэтым.

Нястала прафесара С.А.Мінюка 2 сакавіка 2008 года. Пахаваны ў Гродна.

Читать далее…

30 января 2013

 

МУСІЕНКА
СВЯТЛАНА ПІЛІПАЎНА

Прафесар С.П.Мусіенка знаны спецыяліст у галіне польскай літаратуры і культуры ў Рэспубліцы Беларусь і Польшчы. Як універсітэцкі прафесар і чалавек Святлана Піліпаўна вызначаецца напорыстасцю ў рэалізацыі навуковых і навучальных праектаў, якія яна лічыць важнымі і неабходнымі для культурнага развіцця Гродзенскага рэгіёна і краіны.

Нарадзілася 30 жніўня 1936 года ў горадзе Краснаармейску Данецкай вобласці (Украіна). У 1949 годзе закончыла няпоўную сярэднюю школу. Навучалася ў Арцемаўскім кераміка-механічным тэхнікуме (1948-1953). Працавала на Чалябінскім металургічным заводзе (1953-1958). Закончыла філалагічны (аддзяленне рускай мовы і літаратуры) факультэт Беларускага універсітэта ў 1963 годзе. Працавала настаўніцай рускай мовы ў Турынскай сярэдняй школе Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Навучалася ў аспірантуры кафедры замежных літаратур Беларускага універсітэта па спецыяльнасці «Літаратура сацыялістычных краін» (1964-1967).

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы працуе з 1967 года: старшы выкладчык кафедры літаратуры (1967-1974), дацэнт кафедры рускай і замежнай літаратуры (1974-1986). Кандыдацкую дысертацыю «Жанрово-стилевые искания в современной польской прозе (конца 50-х — середины 60-х гг.)» абараніла ў 1971 годзе. Вучонае званне дацэнта па кафедры рускай і замежнай літаратуры прысвоена ў 1975 годзе.

У 1986-1988 гадах старшы навуковы супрацоўнік універсітэта. Дацэнт кафедры рускай і замежнай літаратуры (1988-1989). З 1989 года загадчыца кафедры польскай і славянскай філалогіі, а з 1990 года і па сёння – загадчыца кафедры польскай філалогіі.

Доктарскую дысертацыю «Реалистический роман в польской литературе 20-х-30-х гг.» абараніла ў 1994 годзе. Вучонае званне прафесара прысвоена таксама ў 1994 годзе.

У 1989 годзе Святлана Піліпаўна стварыла першую ў краіне кафедру польскай філалогіі, арганізавала пры ёй музей польскай пісьменніцы Зофіі Налкоўскай, якая жыла ў міжваенны час у Гродна і з глыбокай праўдзівасцю і лірызмам пісала пра наш горад. Пераважная большасць экспанатаў музея набыта за асабістыя сродкі. Дарэчы таксама сказаць, што універсітэцкай бібліятэцы яна падаравала дзве тысячы кніг.

Читать далее…

30 января 2013

Нечухрын
Аляксандр Мікалаевіч

Прафесар А.М.Нечухрын істотна паўплываў на арганізацыю навуковых даследаванняў і навучальнага працэса на гістарычным факультэце і ва універсітэце. Аднак галоўным у яго дзейнасці з’яўляецца стварэнне кафедры ўсеагульнай гісторыі як навуковай і навучальнай структуры універсітэцкага тыпу.

Нарадзіўся 30 верасня 1952 года ў горадзе Томску. Сярэднюю адукацыю атрымаў у школе № 2 г.Томска. У 1974 годзе закончыў гісторыка-філалагічны факультэт Томскага універсітэту і быў накіраваны ў аспірантуру кафедры старажытнага свету і сярэдніх вякоў. Педагагічную працу пачынаў асістэнтам кафедры філасофіі Томскага медыцынскага інстытута (1977-1978). У 1978-1979 гадах працаваў асістэнтам кафедры старажытнага свету і сярэдніх вякоў Томскага універсітэта. Тут абараніў (1979) кандыдацкую дысертацыю «Проблема соотношения истории и современности в русской лиеральной историографии». З верасня 1979 года ў Гродзенскім універсітэце: выкладчык, старшы выкладчык, дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі. Вучонае званне дацэнта па кафедры ўсеагульнай гісторыі прысвоена ў 1983 годзе. З 1984 года загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі, старшы навуковы супрацоўнік універсітэта (1989-1991), прафесар кафедры ўсеагульнай гісторыі (з 1994). У 1993 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «Смена парагидм в российской историографии всеобщей истории (80-е годы ХІХ века – 1917 год)». Вучонае званне прафесара прысвоена ў 1995 годзе. У 2001-2006 гадах прафесар А.М.Нечухрын узначальваў гістарычны факультэт універсітэта. З 2006-2008 гады – першы практар універсітэта. З 2008 года загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі.

Як дэкан прафесар А.М.Нечухрын садзейнічаў адкрыццю на факультэце спецыяльнасцей «Сацыялогія» і «Гісторыка-архівазнаўства». Ён быў ініцыятарам стварэння кафедры археалогіі і этналогіі.

Прафесар А.М.Нечухрын садзейнічаў станаўленню і развіццю ва універсітэце накірункаў навуковых даследаванняў «Метадалогія гісторыі» і «Гістарыяграфія ўсеагульнай гісторыі». Асабіста ён ажыццяўляе ўключэнне вынікаў даследаванняў па гэтай праблематыцы ў навучальны працэс. Ім распрацаваны фундаментальныя курсы «Метадалогія гісторыі», «Філасофія гістрыі», «Гісторыя ўсеагульнай гісторыі» і спецкурс «Развіццё гістарычнай думкі ў Еўропе ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў».

Читать далее…

30 января 2013

Нікіцевіч Аляксей Васільевіч

Нарадзіўся 3 лютага 1963 года у горадзе Алма-Ата Казахскай БССР. Сын прафесара В.М.Нікіцевіча.

Сярэднюю адукацыю набываў у школах Алма-аты і Гродна, куда у 1979 годзе пераехаў з бацькамі. У 1985 годзе закончыў з адзнакай філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы па спецыяльнасці «Руская мовы і літаратура». Пяць гадоў працаваў дырэктарам і выкладчыкам рускай мовы і літаратуры Цытавічскай няпоўнай сярэдняй школы З 1990 года выкладае ва універсітэце. У гэтым годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Деривационное поле деятельности в русском языке». Вучонае званне дацэнта па кафедры рускай мовы атрымаў у 1994 годзе. Доктарскую дысертацію «Русский глагол в номинативной системе языка» абараніў у 2005 годзе. Праз тры гады атрымаў вучонае званне прафесара па спецыльнасці «Мовазнаўства». З 2008 года А.В.Нікіцевіч загадвае кафедрай рускай мовы.

Дынамічнаму станаўленню прафесара А.В.Нікіцевіча як сур’ёзнага навукоўца і універсітэцкага выкладчыка паспрыяла сямейнае выхаванне і тая атмасфера інтэлектуальнасці, якая панавала ў сям’і прафесара В.М.Нікіцевіча. Разам з тым, усё гэта паставіла прафесара А.В.Нікіцевіча перад неабходнасцю адпавядаць высокім крытэрыям ягонага бацькі. Калегі, якія ведалі прафесара В.М.Нікіцевіча і зараз працуюць з Аляксеем Васільевічам, з задавальненнем адзначаюць, што ён паспяхова спраўляецца з гэтай «нялёгкай» ношай. Сёння А.В.Нікіцевіч прызнаны эксперт у галіне славянскага мовазнаўства. Ён аўтар больш за 100 навуковых прац, у ліку якіх манаграфія «Русский глагол в составе номинативных рядов» і сааўтар двух падручнікаў «Русский язык. Синтаксис», «Русский язык. Фонетика. Словообразование». З 1998 года Аляксей Васільевіч пастаянны сябра камісіі па славянскаму словаўтварэнню пры Міжнародным камітэце славістаў, удзельнік 13 (Любляна, 2003) і 14 (Охрыт, Македонія, 2008) з’ездаў славістаў. З 1999 года ўдзельнічае ў працы пастаяннай камісіі па славянскаму словаўтварэнню (Інсбрук, 1999; Катавіцы, 2000; Вітэнберг, 2001; Мінск, 2003, 2006; Братыслава, 2004; Берлін, 2005; Сафія, 2007). Актыўна працуе ў беларускім камітэце славістаў. Прафесар А.В.Нікіцевіч таленавіты універсітэцкі выкладчык. На філалагічным факультэце ён стала чытае асноўныя лінгвістычныя курсы «Современный русский язык», «История лингвистических учений», «Актуальные проблемы семантики», распрацаваў унікальныя спецыльныя курсы «Теория деривационной грамматики», «Актуальные проблемы словообразовательной структуры слова».

Читать далее…

30 января 2013

Нікіцевіч

Васіль Міхайлавіч

 

Прафесар В.М.Нікіцевіч… Колькі натуральнай інтэллігентнасці было ў гэтым чалавеку, колькі ціхага святла і дабрыні. І колькі інтэлектуальнай сілы, педагагаічнага і арганізатарскага таленту.

Нарадзіўся 17 жніўня 1925 года ў вёсцы Тураўшчызна Бятамльскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і селяніна-серадняка. У 1935 годзе сям’я пераехала ў тагачасную сталіцу Казахстана г.Алма-Ату, дзе бацька Васіля Міхайлавіча працаваў на будоўлі.

Сярэднюю адукацыю атрымаў у 1942 годзе. Працаваў у калгасе. З 1943 года ў Чырвонай Арміі. Удзельнік вайны з Японіяй. Узнагароджаны медалём «За победу над Японией». З 1945 года завочна навучаецца на філалагічным факультэце Казахскага дзяржаўнага універсітэта. Працуе настаўнікам, завучам сярэдняй школы. Універсітэт заканчвае з адзнакай (1949) па спецыяльнасці «Руская мова». Атрымоўвае кваліфікацыю «Выкладчык ВНУ, старэйшых класаў сярэдняй школы, малодшы навуковы супрацоўнік».

Дваццаць гадоў Васіль Міхайлавіч працуе ў сваёй Alma mater – Казахскім універсітэце. Асістэнт кафедры рускай мовы (з 1949), дысертант Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта імя М.В.Ламаносава, старшы выкладчык (1953-1959), дацэнт (1954-1976). Кандыдацкую дысертацыю «Модальные функции глаголов изъявительного наклонения в русском языке» абараніў у 1953 годзе, вучонае званне дацэнта па кафедры рускай мовы прысвоена ў 1956 годзе.

Доктарскую дысертацыю «Субстантив в составе номинативных рядов (к вопросу о деривационной грамматике)» абараняе ў 1975 годзе. Вучонае званне прафесара атрымаў у 1977 годзе.

З 1979 года прафесарская дзейнасць В.М.Нікіцевіча звязана з нашым універсітэтам. У 1979-1980 гадах ён узначальвае кафедру рускай мовы, а з 1980 года і да апошніх дзён жыцця створаную па ягонай ініцыятыве кафедру агульнага і славянскага мовазнаўства. Бліскуча чытаў фундаментальныя курсы «Уводзіны ў славянскую філалогію», «Уводзіны ў мовазнаўства», «Сучасная руская мова», шэраг спецыяльных курсаў.

Прыход ва універсітэт прафесара В.М.Нікіцевіча істотна паўплываў на якасць падрыхтоўкі спецыялістаў-філолагаў і асабліва на арганізацыю філалагічных даследаванняў, а сам ён хутка займеў рэпутацыю лідэра філалагічнага факультэта. І гэта адбылося нягледзячы на тое, што факультэт (адзін з першых ва універсітэце) меў глыбокія навуковыя і педагагаічныя традыцыі. Тут працавалі выбітныя мовазнаўцы дацэнты С.А.Грыгор’еў, Т.П.Сцяшковіч, І.Я.Лепешаў, М.І.Канюшкевіч і іншыя.

Месца прафесара В.М.Нікіцевіча на факультэце і ва універсітэце вызначалі ягоныя навуковыя дасягненні. Ён аўтар больш за 150 навуковых прац, у ліку якіх манаграфіі «Словообразование и деривационная грамматика. Ч.1.», «Словообразование и деривационная грамматика. Ч.2.», «Основы номинативной деривации», «Системность языка», «Теоретические основы деривационной грамматики», навукова-папулярнай кнігі «Расскажи о языке». У гэтых і шэрагу іншых прац Васіль Міхайлавіч абгрунтоўваў арыгінальную канцэпцыю дэрывацыйнай граматыкі, якая атрымала навуковае прызнанне ў нашай краіне і па-за яе межамі. Дастаткова сказаць, што пад кіраўніцтвам прафесара В.М.Нікіцевіча абаронена 27 кандыдацкіх дысертацый, праведзена чатыры міжнародныя канферэнцыі «Словообразование и номинативная деривация в славянских языках», у якіх бралі актыўны ўдзел прадстаўнікі філалагічных цэнтраў усіх краін СНД.

Ужо сёння відавочна, што спадчына прафесара В.М.Нікіцевіча істотная частка залатога фонду айчыннай філалогіі. А таму і ў ХХІ стагоддзі застанецца жывой крыніцай, якая будзе сілкаваць арыгінальныя накірункі даследаванняў у айчыннай філалогіі.

Прафесар В.М.Нікіцевіч памёр 25 сакавіка 1994 года. Пахаваны на цэнтральных могілках Гродна.

Читать далее…

30 января 2013

Няфёдаў Леанід Іванавіч

Прафесар Л.І.Няфёдаў стала працуе ў калектыве універсітэта з 2002 года. Нарадзіўся 20 жніўня 1952 года ў горадзе Ляхавічы Брэсцкай вобласці ў сям’і служачых. Сярэднюю адукацыю атрымаў у школе № 2 г.Ляхавічы. Вышэйшую медычную – у Гродзенскім медыцынскім інстытуце (зараз – універсітэт), які закончыў у 1975 годзе па спецыяльнасці «Лячэбная справа». У 1975-1978 гадах навучаўся ў аспірантуры кафедры біяхіміі. З 1978 года навуковы супрацоўнік Аддзела рэгуляцыі абмена рэчываў (зараз – Інстытут біяхіміі НАН Беларусі). З 1990 года загадчык лабараторыі аналітычнай біяхіміі інстытута, пазней (1998-2002) – дырэктар Інстытута біяхіміі.

У 1980 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Содержание свободных аминокислот в тканях крыс при различной обеспеченности организма тианином». Доктарскую дысертацыю «Формирование фонда свободных аминокислот и их производных в условиях метаболического дисбаланса» абараніў у 1993 годзе. Прафесар па спецыльнасці «Біялогія» з 1997 года. Да перахода на пастаянную работу ва універсітэт прафесар Л.І.Няфёдаў – вядомы даследчык-біяхімік і эксперт у галіне біяхіміі амінакіслот і роднасных злучэнняў. Ён сфармаваў новы перспектыўны навуковы накірунак і акрэсліў канцэпцыю заканамернасцей фармавання фонда вольных амінакіслот і іх праізводных ва ўмовах метабалічнага дысбаланса. Неаднаразова запрашаўся вядомымі выдавецтвамі для публікацыі аглядаў па біяхіміі амінакіслот. Выступаў з дакладамі на біяхімічных навуковых з’ездах і сімпозіумах. Арганізатар і навуковы рэдактар матэрыялаў двух міжнародных сімпозіумаў па біяхіміі, якія праводзіліся ў Рэспубліцы Беларусь.

За распрацаўку канцэпцыі фармавання амікіслотнага дысбаланса ўзнагароджаны дыпломам і медалём міжнароднай выставы «Bruxelles Eureca’95», а за абгрунтаванне механізмаў рэалізацыі спецыфічнай супроць опухлевай актыўнасці праізводных амінакіслот – дыпломам і імянным медалём Альберта Швейцэра «За заслуги в области науки». Прафесар Л.І.Няфёдаў сапраўдны сябра і ганаровы акадэмік Рымскай акадэміі навук, ганаровы доктар («Honoris Causa») Мюнхенскага міжнароднага універсітэта альтэрнатыўнай медыцыны.

У Гродзенскім універсітэце з 2002 года: загадчык кафедры біяхіміі, прафесар кафедры, загадчык (з 2004) створанай на базе навукова-даследчага сектара і акрэдытаванай (2009) навукова-даследчай лабараторыі біяхіміі біялагічна актыўных рэчываў УА «ГрДУ імя Янкі Купалы”. З 2007 года – навуковы кіраўнік заданняў Рэгіянальнай навукова-тэхнічнай праграмы «Устойлівае развіццё: навука, інавацыі, тэхналогіі Гродзенскай вобласці”.

Актыўна працуе над новымі метадамі клінічнай лабараторнай дыягностыкі, даследаванняў механізмаў супроцьопухалевага дзеяння азотаутрымоўваючых біярэгулятараў прыроднага паходжання (амінакіслот, іх дэрыватаў, алкалоідаў і іншых), распрацоўкі новых эфектыўнах лекавых прэпаратаў, харчовых дабавак і прадуктаў функцыянальнага харчавання на аснове амінакіслот, іх укараненне ў практычную ахову здароўя.

Читать далее…

30 января 2013

 

 

Паўловіч
Наталля Васільеўна

Нарадзілася 18 красавіка 1941 года ў горадзе Ленінградзе (зараз Санкт-Пецярбург) у інтэлігентнай сям’і. Бацька працаваў інжынерам, маці – ўрачом.

Сярэднюю адукацыю атрымала ў Ленінградзе. У 1964 годзе з адзнакай закончыла Івана-Франкоўскі медыцынскі інстытут. Рэкамендавана Саветам інстытута да прадаўжэння навучання ў аспірантуры кафедры фізіялогіі. Аспірантуру закончыла ў 1967 годзе з абаронай кандыдацкай дысертацыі «Интрастенанные механизмы висцеромоторных реакций в норме и патологии» і да 1972 года працавала асістэнтам.

З верасня 1972 года і па 1984 год Н.В.Паўловіч працуе асістэнтам кафедры нармальнай фізіялогіі Калінінскага (Расія) і Гродзенскага медыцынскіх інстытутаў.

У 1984 годзе абіраецца на пасаду дацэнты кафедры біялогіі і хіміі Гродзнскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі купалы. Пераход Н.В.Паўловіч на працу ва універсітэт быў абумоўлены узнаўленнем дзейнасці біялагічнага факультэта, які існаваў у педагагічным інстытуце з сярэдзіны шасцідзесятых да сярэдзіны сямідзесятых гадоў прошлага стагоддзя.

Менавіта ва універсітэце Н.В.Паўловіч здолела ў значнай ступені рэалізаваць багаты патэнцыял навукоўца, выкладчыка, арганізатара навуковых даследаванняў і навучальнага працэсу на факультэце біялогіі і экалогіі.

У 1987 годзе яна атрымоўвае званне дацэнта. Абіраецца загадчыкам кафедры біялогіі. У 1988 годзе прызначаецца дэканам факультэта біялогіі і экалогіі. Вучонае званне прафесара атрымала ў 1992 годзе.

Прафесар Н.В.Паўловіч істотна паўплывала на станаўленне факультэта біялогіі і экалогіі. І гэты ўплыў далёка не абмяжоўваецца яе арганізатарскай дзейнасцю як загадчыка кафедры і дэкана факультэта. За чвэрць стагоддзя працы на факультэце яна здолела прышчапіць прафесарам, выкоадчыкам і студэнтам шэраг каштоўнасцей, без якіх іх дзейнасць не можа быць паспяховай: адданасць справе, самай высокай пробы інтэлектуальнасць і інтэлегентнасць, дысцыпліна працы, цнатлівасць у адносінах з калегамі і асабістым жыцці.

Прафесар Н.В.Паўловіч аўтар каля 100 навуковых прац, у ліку якіх манаграфія «Биомагнитные ритмы» (у суаўт.), «История биологии и медицины в лицах» (у суаўт.), падручнікаў «Основы иммунологии» (у суаўт.), навучальнага дапаможніка па курсу «Физиология человека и животных» для дыстанцыйнага навучання, дзесяткаў артыкулаў у навуковых часопісах.

З 2003 года Н.В.Паўловіч працуе прафесарам кафедры біялогіі. У бягучым годзе пабачыла свет яе новая манаграфія «История биологии и медицины в лицах» (у суаўт.).

Читать далее…

30 января 2013

 

Паўловіч
Сяргей Аляксандравіч

Прафесар С.А.Паўловіч прыйшоў на сталую працу ва універсітэт у 2000 годзе, калі быў абраны прафесарам кафедры экалогіі. Да гэтага часу ён многія гады плённа працаваў у медыцынскіх інстытутах Украіны, Расіі, Беларусі.

Нарадзіўся 2 ліпеня 1930 гда ў сяле Кузьмін Красілаўскага раёна Хмяльніцкай вобласці (Україна) у сям’і вясковых настаўнікаў. Бацька Сяргея Аляксандравіча памёр у 1937 годзе і таму ў 1938-1941 гадах ён выхоўваўся ў дзіцячым доме, дзе і атрымаў першапачатковую адукацыю. Навучаўся на механічным аддзялені сельскагаспадарчага тэхнікума. Сярэднюю школу закончыў экстэрнам.

У 1948-1954 гадах – студэнт Станіслаўскага (зараз Івана-Франкоўскі) медыцынскага інстытута. Пасля заканчэння інстытута прызначаецца старшым лабарантам кафедры мікрабіялогіі, а праз некалькі месяцаў абіраецца на пасаду асістэнта. Працуючы на кафедры, абараняе кандыдацкую дысертацыю «О механизме лечебного действия фтивазида при экспериментальном туберкулёзе», атрымоўвае вучонае званне дацэнта. З 1963 па 1970 год загадвае курсам эпідэмалогіі ва Івана-Франкоўскім медыцынскім інстытуце.

Доктарскую дысертацыю «Влияние магнитных полей на микроорганизмы» абараніў у 1970 годзе. У гэтым жа годзе абіраецца загадчыкам кафедры мікрабіялогіі Калінінскага медыцынскага інстытута (Расія). 7 гадоў працы ў Калінінскім медыцынскім інстытуце былі паспяховымі ў станаўленні С.А.Паўловіча як грунтоўнага даследчыка ў галіне мікрабіялогіі і выкладчыка вышэйшай школы. Пад ягоным кіраўніцтвам выдадзены калектыўныя манаграфіі «Влияние магнитных полей на биологические объекты» і «Реакции биологических систем на магнитные поля», якія прынеслі Сяргею Аляксандравічу вядомасць сярод мікрабіёлагаў Савецкага Саюза. У 1973 годзе С.А.Паўловічу прысвоена званне прафесара па кафедры мікрабіялогіі.

З 1977 па 1979 год прафесар С.А.паўловіч загадвае кафедрай мікрабіялогіі Горкаўскага (зараз Ніжкі Ноўгарад) медыцынскага інстытута (Расія), а вясной 1979 года атрымоўвае кафедру ў Гродзенскім медыцынскім інстытуце (зараз універсітэт).

Гродзенскі перыяд у навуковай і выкладчыцкай дзейнасці прафесара С.А.Паўловіча ўражвае важкімі набыткамі. У нацыянальных выдавецтвах «Навука і тэхніка» і «Вышэйшая школа» друкуецца больш дзесяці ягоных навуковых манаграфій, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. Шэраг з іх перавыдаваліся па некалькі разоў, а падручнік «Медыцынская мікрабіялогія» за кароткі тэрмін (1998-2001 гг) пабачыў свет чатыры разы.

Сёння прафесар С.А.паўловіч знаны эксперт у беларускай мікрабіялогіі. Прычым эксперт са значным навуковым і педагагічным патэнцыялам. Доказам гэтага з’яўляецца ягоная творчая актыўнасць апошніх гадоў.

Прафесар С.А.Паўловіч адносіцца да таго даволі такі рэдкага ў наш час тыпу навукоўцаў, жыццёвым дэвізам якіх могуць быць знакамітыя словы Валерыя Брусава: «Вперед мечта, мой верный вол / Неволей, если не охотой / Я близ тебя, мой кнут тяжел / Я сам тружусь и ты работай/». І разам з тым ён – прыклад сціпласці і спагадлівасці ў адносінах да калег, праўда тых, якія падзяляюць ягоныя маральныя каштоўнасці.

Читать далее…

30 января 2013

Пяткевіч
Аляксей Міхайлавіч

Адметнасцю нашага універсітэта з’яўляецца грунтоўная цікавасць да культурных і сацыяльных праблем рэгіёну. Тут заўсёды гаварылі не толькі пра каштоўнасці старажытнагрэцкай філасофіі і старажытнарымскага права, але і пра каштоўнасці нацыянальнай і рэгіянальнай культуры. Зразумела, што гэтая традыцыя можа рэалізоўвацца толькі тады, калі сярод выкладчыкаў універсітэта ёсць людзі, якія глыбока разумеюць важнасць рэгіяналістыкі для фарміравання спецыяліста, асобы, грамадзяніна. Менавіта такім чалавекам з’яўляецца прафесар А.М.Пяткевіч. Ён не толькі даследуе рэгіянальную культура, але і рэальна спрыяе яе развіццю. Ва ўсякім выпадку пачынаючы з 60-х гадоў прошлага стагоддзя і да сённяшняга дня не было ні аднаго факта культурнага жыцця нашага рэгіёна, які б не знайшоў ацэнку і падтрымку з боку Аляксея Міхайлавіча.

Нарадзіўся А.М.Пяткевіч 30 сакавіка 1931 года ў пасёлку Новы Свержань Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Стаўбцоўскай школе, сістэматычную філалагічную – у Беларускім дзяржаўным універсітэце, які закончыў у 1954 годзе. Навучаўся ў аспірантуры кафедры беларускай літаратуры БДУ. З 1957 года і па сёння выкладае ў нашым універсітэце. Да 1962 года працаваў выкладчыкам кафедры рускай і беларускай літаратуры, у 1962-1968 гг. – старшы выкладчык, дацэнт гэтай кафедры. У 1963 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Псіхалагічны аналіз і праблемы характару ў прозе Кузьмы Чорнага». Ад 1969 года дацэнт. У 1968-1974 гадах загадваў кафедрай беларускай літаратуры, а ў 1991-2001 – загадчык кафедры беларускай культуры. Вучонае званне прафесара прысвоена ў 1994 годзе.

Прафесар А.М.Пяткевіч вядомы як грунтоўны і цікавы выкладчык, прычым яго выкладчыцкая дзейнасць вызначаецца шырынёй ведаў. У розныя гады ён чытаў курсы «Дакастрычніцкая беларуская літаратура», «Савецкая беларуская літаратура», «Беларуская вусная народная творчасць», «Уводзіны ў літаратуразнаўства», «Тэорыя літаратуры», «Гісторыя беларускай культуры». Навуковыя пошукі прафесара А.М.Пяткевіча склалі змест каля дзесятка спецыяльных курсаў, якія ён чытае на філалагічным факультэце і факультэце мастацтва. Адзначым сярод іх спецкурсы «Літаратурнае краязнаўства», «Літаратурнае жыццё Гродзеншчыны», «Сямейная культура беларусаў», «Гісторыя беларускага тэатра і кіно», «Людзі культуры Беларусі (першая палова ХХ стагоддзя)».

Читать далее…

30 января 2013

Рабцэвіч Валянціна Веніямінаўна

Нарадзілася 16 лютага 1937 года ў сяле Узюнава Нова-Буянскага раёна Куйбышаўскай (зараз Самарскай) вобласці (Расія). У 1959 годзе закончыла гістарычны факультэт Уральскага універсітэта, а ў 1966 – Маскоўскі дзяржаўны гісторыка-архіўны інстытут (зараз Расійскі дзяржаўны гуманітарны універсітэт) па спецыяльнасці «Гісторыка-архівазнаўства».

Працоўную дзейнасць пачала ў 1959 годзе ў якасці навуковага супрацоўніка абласнога краязнаўчага музея (г.Чалябінск). Працавала старшым навуковым супрацоўнікам (1962-1964) абласнога дзяржаўнага архіва (г.Джамбул Казахскай ССР), старшым навуковым супрацоўнікам і дырэктарам абласнога дзяржаўнага архіва (1964-1970), настаўніцай завочнай школы (1970-1971, г.Табольск Цюменскай вобласці). З 1971 года старшы выкладчык Табольскага педагагічнага інстытута, з 1973 – старшы выкладчык, дацэнт Навасібірскага педагагічнага інстытута. У 1973 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю. Вучонае званне дацэнта па кафедры гісторыі СССР прысвоена ў 1978 годзе. З 1988 года Валянціна Веніямінаўна дацэнт, загадчыка кафедрай, дэкан Чалябінскага універсітэта. Доктарскую дысертацыю абараніла ў 1991 годзе. Вучонае званне прафесара прысвоена ў 1992 годзе.

З 1999 года прафесар В.В.Рабцэвіч працуе ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы: прафесар кафедры міжнародных эканамічных адносін (1999-2000), кафедры эканомікі і кіравання на прадпрыемстве (2001-2007). У 2007-2008 гадах выконвала абавязкі загадчыка кафедры эканомікі і кіравання на прадпрыемстве, з 2008 года – загадчык кафедры менэджмэнта.

Читать далее…

30 января 2013

Разенфельд

Усер Давыдавыч

 

Нарадзіўся 24 мая 1934 года ў Адэсе (Україна) у сям’і рабочага. Сярэднюю адукацыю атрымаў у завочнай міжабласной школе, якую закончыў у 1951 годзе. Сістэматычную гістарычную і філалагічную адукацыю набываў у Адэскім педагагічным інстытуце імя К.Д.Ушынскага. Пасля заканчэння інстытута працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры, а з 1957 года па 1963 год у выдавецтве Адэскага тэхналагічнага інстытута. У 1965 годзе закончыў аспірантуру філасофскага факультэта Ленінградскага універсітэта імя А.А.Жданава (сёння Санкт-Пецярбургскі універсітэт). Датэрмінова абараніў кандыдацкую дысертацыю «Философская мысль в Петербургском университете (20-50-е года ХIХ столетия)». Па размеркаванню быў накіраваны на выкладчыцкую працу ў Гродзенскі педагагічны інстытут імя Янкі Купалы. Са снежня 1965 года працуе старшым выкладчыкам кафедры філасофіі і палітэканоміі. У 1968 годзе прысвоена вучонае званне дацэнта.

Вучоба ў аспірантуры Ленінградскага універсітэта істотна паўплывала на інтэлектуальныя каштоўнасці і, нават, на характар прафесара У.Д.Разенфельда. Быў гэты чалавек глыбокай філасофскай і агульнай культуры, умеў слухаць субяседніка. Да тых людзей, якія грунтоўна адносіліся да актуальных філасофскіх праблем ставіўся прыязна, гатовы быў безаглядна іх падтрымаць. Да тых, хто павярхоўна адносіўся да складаных праблем, ставіўся жорстка, нават з ярасцю. Зразумела, што гэтыя рысы характару не ўсім падабаліся. Аднак у калектыве універсітэта з прафесарам У.Д.Разенфельдам лічыліся, паважалі яго за глыбокія веды і гуманныя чалавечыя якасці.

У 60-х – пачатку 70-х гадоў чытаў курсы «Марксісцка-ленінскай філасофіі» і «Гісторыі філасофіі». Навуковыя інтарэсы прафесара У.Д.Разенфельда ў гэты перыяд звязаны з праблемамі рускай філасофіі. У 1972 годзе ім апублікавана грунтоўная манаграфія «Н.Г.Чернышевский. Становление и эволюция мировоззрения», у якой з улікам дасягненняў філасофскай навукі выкладзены прынцыпова новы погляд на філасофскую спадчыну М.Р.Чарнышэўскага і на эвалюцыю ягонага светапогляду. У 1988 годзе У.Д.Разенфельд абараняе доктарскую дысертацыю, а праз 2 гады атрымоўвае вучонае званне прафесара па кафедры філасофіі. З 1989 года У.Д.Разенфельд – прафесар кафедры філасофіі. У 1990-1991 гг. – дэкан факультэта грамадскіх навук. З 1991 года – загадчык кафедры сусветнай культуры, пазней кафедры тэорыі і гісторыі сусветнай культуры, а з 1998 года – кафедры культуралогіі.

Універсітэт для прафесара У.Д.Разенфельда заўсёды быў навучальнай установай, дзе выкладаюць навуку. Яго лекцыі па філасофіі заўсёды вызначаліся глыбінёй філасофскай рэфлексіі. Універсітэцкую кафедру ён уяўляў перш за ўсё як навуковы калектыў, паколькі педагог ніколі не зможа быць прафесіяналам без фундаментальнай навукова-даследчай працы.

Ён многа зрабіў для станаўлення навуковага і акадэмічнага профілю кафедры культуралогіі. За адносна кароткі тэрмін кафедра стала творчым калектывам, вядомым за межамі Беларусі. Была адкрыта аспірантура, першы ў Рэспубліцы Беларусь спецыялізаваны Савет па абароне кандыдацкіх дысертацый па тэорыі і гісторыі культуры.

Навуковая праца прафесара У.Д.Разенфельда і ягоных вучняў ажыццяўлялася па двух асноўных накірунках: асэнсаванне культуралагічнага кантэксту рускай філасофіі канца ХІХ – ХХ стагоддзяў і вывучэнне Гродзенскага рэгіёна як этнакультурнага памятніка.

Аўтар больш за 100 навуковых прац, у ліку якіх манаграфія, шэраг навучальных дапаможнікаў, дзесяткі грунтоўных артыкулаў. Навуковая спадчына прафесара У.Д.Разенфельда не страчвае тэарэтычнай і практычнай значнасці з цягам часу. Доказам гэтага з’яўляецца сістэматычнае правядзенне ва універсітэце навуковых канферэнцый па праблемах сусветнай мастацкай культуры, даследаванні этнасацыяльных і канфесійных працэсаў у сучасным грамадстве.

Памёр У.Д.Разенфельд 13.02.2004 г. Пахаваны ў Гродне на цэнтральных могілках.

Читать далее…

30 января 2013

 

Роўба Яўген Аляксеевіч

Першым патрабаваннем, якое традыцыйна выстаўляецца да рэктара універсітэта – гэта патрабаванне быць грунтоўным вучоным, бо толькі ў гэтым выпадку ён будзе здольным спрыяць развіццю багатага спектра універсітэцкай навукі, вызначаць стратэгічныя кірункі навуковай дзейнасці калектыва. Прафесар А.Я.Роўба, як вучоны, поўнасцю адпавядае гэтаму універсальнаму патрабаванню. Яго навуковыя інтарэсы звязаны з актуальнымі накірункамі сучаснай матэматычнай навукі: прыбліжэнне функцый і іх класаў рацыянальнымі драбямі з фіксіраваннымі палюсамі; найлепшыя раўнамерныя прыбліжэнні некаторых элементарных функцый і класаў функцый пры дапамозе рацыянальных функцый са свабоднымі палюсамі; пабудова суматорных рацыянальных аператараў тыпа Фейера, Джексана і Валле-Пуссена; апраксімацыя функцый пры дапамозе спецыяльных метадаў; пабудова квадратурных формул тыпа Гаусса, дакладных для рацыянальных функцый пэўнага віду. Вынікі, атрыманыя Яўгенам Яляксеевічам выкарыстоўваюцца ў тэарэтычных даследаваннях яго вучняў і спецыялістаў па рацыянальных апраксімацыях.

Нарадзіўся 1 красавіка 1949 года ў вёсцы Андрашэўшчына Лідскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Мяжэвіцкай школе Лідскага раёна. Сістэматычную вышэйшую – на механіка-матэматычным факультэце Віленскага універсітэта (1966-1968) і матэматычным факультэце Беларускага універсітэта, які скончыў з адзнакай у 1971 годзе.

У 1971-1974 гадах – аспірант Беларускага універсітэта па спецыяльнасці «Тэорыя функцый і функцыянальны аналіз». У 1975 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Некоторые вопросы рациональной аппроксимации».

З 1974 па 1979 год працаваў у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны ў якасці старшага выкладчыка, дацэнта кафедры матэматычнага аналізу, а ў 1978-1979 гадах загадчыка кафедры.

З ліпеня 1979 года выкладчыцкая і навуковая дзейнасць Я.А.Роўбы звязана з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы.

У 1979-1980 гадах працуе старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры матэматычнага аналізу, у 1980-1986 гадаха – прарэктарам па навучальнай рабоце універсітэта. У 1986 годзе камандзіруецца ў Рэспубліку Куба, дзе выконвае абавязкі метадыста-кансультанта па выкладанні матэматыкі ў вышэйшых навучальных установах Міністэрства абароны Кубы.

Пасля заканчэння замежнай камандзіроўкі працуе дацэнтам кафедры матэматычнага аналізу (1988-1991), дэканам матэматычнага факультэта (1991-1992), прарэктарам па навучальнай рабоце (1992-1994).

У 1994-1998 гадах – загадчык кафедры тэорыі функцый і функцыянальнага аналізу, начальнік сектара платнай адукацыі універсітэта.

З 1998 года – прарэктар па навучальнай рабоце, а з 2000 года – першы прарэктар. Доктарскую дысертацыю «Интерполяция и ряды Фурье в рациональной аппроксимации» у 1999 годзе. Вучонае званне прафесара па спецыальнасці «Матэматыка» прысвоена ў 2001 годзе.

З 2005 года прафесар Я.А.Роўба – рэктар універсітэта. За гэты перыяд створана 5 факультэтаў (ваенны, непрарыўнай адукацыі, будаўніцтва і транспарта, турызма і сэрвіса, мастацта) і 14 кафедр, распачата падрыхтоўка спецыялістаў па 14 спецыялльнасцям і 21 спецыялізацыі, запатрабаваных сацыяльна-эканамічным і культурным развіццём Гродзеншчыны. Значна актывізавалася супрацоўніцтва універсітэтам з універсітэтамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў, краін Еўропы, Кітая і ЗША.

Дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў 25 склікання (з 2007). Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2008), царкоўным Ордэнам Свяціцеля Кірылы Тураўскага другой ступені (2009). Ганаровы прафесар Тульскага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Л.М.Талстога (2009), Нацыянальнага педагагічнага універсітэта імя М.П.Драгаманава (Кіеў, 2010).

Читать далее…

30 января 2013

Рычкоў Юрый Міхайлавіч

 

Нарадзіўся 9 верасня 1952 года ў сяле Верхаважжа Верхаважскага раёна Валагодскай вобласці (Расія). Закончыў 7 класаў Верхаважскай сярэдняй школы. У 1967 годзе як пераможца абласных алімпіяд па фізіцы і матэматыцы быў залічаны ў спецыялізаваную фізіка-матэматычную школу-інтэрнат пры Ленінградскім універсітэце. У 1977 годзе скончыў фізічны факультэт Ленінградскага універсітэта па спецыяльнасці «Радыёфізіка». Тры гады (1977-1980) працаваў майстрам, пазней начальнікам змены Гродзенскага завода сінтэтычнага валакна. У 1980-1982 гадах – аспірант Ленінградскага універсітэта. Датэрмінова абараніў кандыдацкую дысертацыю «Исследования взаимодействия электрического поля с жидкой слабопроводящей средой». Пасля заканчэння аспірантуры год працаваў намеснікам галоўнага энэргетыка Гродзенскага завода сінтэтычнага валакна. З 1983 года – старшы выкладчык, загадчык кафедры радыёфізікі універсітэта. Вучонае званне дацэнта па кафедры радыёэлектронікі прысвоена ў 1989 годзе. У 1989-1995 гадах – загадчык кафедры радыёэлектронікі. З 1995 года і гэтага часу – загадчык кафедры радыёфізікі і электронікі. Доктарскую дысертацыю «Ионно-кластерная проводимость и электризация жидких слабопроводящих сред в электрическом поле» абараніў у 1995 годзе. Вучонае званне прафесара па спецыяльнасці «Фізіка» прысвоена ў 1999 годзе.

Навуковыя інтарэсы прафесара Ю.М.Рычкова ляжаць у галіне электрадынамікі вадкіх слабаправодных асяроддзяў і тэхнічнай элетрадынамікі. Пры даследавання вадкіх слабаправодных асяроддзяў ім упершыню ўведзена паняцце «зарадавы кластэр” і ўстаноўлены іённа-кластэрны механізм праводнасці і электрызацыі гэтых асяроддзяў у электрычным полі. Прапанаваны спосаб імпульсавага кіравання рэалагічнымі асяроддзямі ў электрычным полі для сістэм цепла- і масаабмену, які істотна паляпшае іх характарыстыкі (імпульсавыя іённа-канфенцыйныя пераўтваральнікі). Прцягвае даследаванні электра- і магнітарэалагічных рабочых асяроддзяў для электроннакіраваных дэмпфераў і аўтыматызаваных сістэм кіравання іх характарыстыкамі.

У галіне тэхнічнай электрадынамікі прафесар Ю.М.Рычкоў распрацоўвае заканамернасці дыферынцыяльных радыёнавігацыйных сістэм доўгахвалявага і звышдоўгахвалявага дыяпазонаў і распрацоўкай мадулятараў выпраменьвання для пасіўных фазаваных антенных рашотак.

Читать далее…

30 января 2013

Сільчанка Мікалай Уладзіміравіч

 

Прафесар М.У.Сільчанка – прызнаны эксперт у галіне тэорыі і гісторыі дзяржавы і права. Яго навуковыя працы па гісторыі беларускай дзяржавы маюць не толькі тэарэтычнае, але і практычнае значэнне. Мікалай Уладзіміравіч прытрымоўваецца тэзы, згодна якой прававая сістэма краіны і, натуральна, падрыхтоўка юрыстаў павінна грунтавацца на традыцыях нацыянальнага права. Апошняе вельмі істотна, паколькі права ўвогуле існуе толькі як абстракцыя. Прававая сістэма любой краіны можа быць эфектыўнай толькі тады, калі яна грунтуецца на гістарычных традыцыях народа.

Нарадзіўся 4 марта 1954 года ў пасёлку Красный Свет Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Глазаўскай школе. Сістэматычную юрыдычную – на эканамічна-прававым факультэце Калінінградскага універсітэта (1970-1975).

У 1976-1981 гадах навучаўся ў аспірантуры Інстытута дзяржавы і права АН СССР (Масква), якую скончыў з абаронай кандыдацкай дысертацыі «Научные основы типологии нормативно-правовых актов». Пасля заканчэння аспірантуры заняў пасаду асістэнта кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Калінінградскага універсітэта.

З 1982 года – у Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы. Старшы выкладчык, дацэнт кафедры дзяржавы і права. Вучонае званне дацэнта прысвоена ў 1988 годзе. Закончыў дактарантуру Беларускага універсітэта (1992). У 1993 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «Праблемы вяршынства закона», заняў пасаду загадчыка кафедры. Вучонае званне прафесара па кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права прысвоена ў 1995 годзе.

За час працы ва універсітэце зарэкамендаваў сябе граматным спецыялістам. Таленавіты навуковец-юрыст, арганізатар юрыдычнай навукі і адукацыі, заснавальнік і кіраўнік навукова-педагагічнай школы па фундаментальных праблемах агульнай тэорыі права і дзяржавы і прыкладных прававых даследаванняў. Падрыхтаваў 12 кандыдатаў юрыдычных навук.

Навукова школай пад кіраўніцтвам прафесара М.У.Сільчанкі:

–       сфармулявана паняцце права, якое заснавана на разуменні эквівалентных сутнасцей таварна-грашовых адносінаў; распрацаваны асноўныя катэгорыі і паняцці; даследаваны іерархічныя і субардынацыйныя сувязі паміж крыніцамі нормаў права;

–       вызначана  месца закона сярод крыніц нормаў права, абгрунтавана яго вяршэнства ва ўмовах падзелу ўлады, азначаны асноўныя іерархічныя і субардынацыйныя сувязі паміж крыніцамі нормаў права;

–       даследавана сістэмнасць судовай улады ва ўмовах канстытуцыйна замацавана прынцыпу падзелу ўлад, азначаны сутнасць, будова і шляхі развіцця канстытуцыйнага працэсу ў Рэспубліцы Беларусь фармавання і праватворчасці мясцовых ораганаў кіравання і самакіравання.

Пад кіраўніцтвам прафесара М.У.Сільчанкі выкананы 3 праекты ў межах дзяржаўных праграм фундаментальных і прыкладных даследаванняў. З 2006 года рэалізуецца навуковы праект «Распрацоўка канцэпцыі сістэматызацыі заканадаўства Рэспублікі Беларусь” у межах фундаментальнай тэмы «Нацыянальная прававая сістэма: сучасны стан, праблемы і перспектывы развіцця (тэарэтыка-прававыя аспекты)”.

З’яўляецца заснавальнікам і навуковым кіраўніком інавацыйнага цэнтра юрыдычнай адукацыі, у межах якога была створана першая ў Рэспубліцы Беларусь навучальная клініка права, а на базе юрыдычнага факультэта і Гродзенскай абласной бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага – дзве студэнцкія грамадскія прыёмныя па прававых пытаннях.

Аўтар 185 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій і 12 вучэбных дапаможнікаў.

Старшыня спецыялізаванага Савета па абароне кандыдацкіх дысертацый, адказны рэдактар серыі «Правазнаўства» Весніка ГрДУ імя Янкі Купалы.

Узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі” (2009).

Читать далее…

30 января 2013

Сокал

Сцяпан Фёдаравіч

 

Прафесар С.Ф.Сокал узначальваў юрыдычны факультэт універсітэта ў гады ягонага станаўлення. Ён істотна паўплываў на арганізацыю навуковай і метадычнай дзейнасці калектыву факультэта.

Нарадзіўся 8 студзеня 1943 года ў вёсцы Шавялі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Сярэднюю адукацыю атрымаў у школе № 2 г.Баранавічы. Паралельна ў 1955-1959 гадах навучаўся ў музычнай школе. У 1959 годзе паступіў у Гродзенскае музычнае вучылішча. Праз два гады перавёўся на завочнае аддзяленне Брэсцкага музычнага вучылішча. Працаваў настаўнікам музыкі ў школах Брэстчыны.

Закончыў юрыдычны факультэт (1967) Беларускага універсітэта. Працаваў (1967-1970) памочнікам пракурора Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці. З 1970 па 1974 год у Інстытуце філасофіі і права АН БССР: аспірант, малодшы навуковы супрацоўнік. У 1972 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Социологическая и политическая мысль Белоруссии во ІІ половине XVI в.». Да 1977 года – старшы выкладчык, дацэнт, в.а. загадчыка кафедры філасофіі Мінскага радыётэхнічнага інстытута. Вучонае званне дацэнта па кафедры філасофіі прысвоена ў 1977 годзе. Затым (1977-1981) – інспектар Упраўлення выкладання грамадскіх навук Міністэрства вышэйшай адукацыі БССР. У 1981 годзе абіраецца па конкурсе на пасаду старшага навуковага супрацоўніка Інстытута філасофіі і права АН БССР.

З верасня 1985 года – дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права і дэкан юрыдычнага факультэта Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы. Ва універсітэт С.Ф.Сокал прыйшоў з дастаткова значным вопытам навуковай, педагагічнай і адміністрацыйнай працы. Найбольш істотным было тое, што навуковыя інтарэсы Сцяпана Фёдаравіча адпавядалі зместу падрыхтоўкі юрыстаў. Яго пяру належалі грунтоўныя манаграфіі па гісторыі прававой, сацыялістычнай і палітычнай думкі Беларусі: «Социологическая и политическая жизнь в Белоруссии во II половине XVI века» (1974), «Политическая и правовая мысль Белоруссии XVI – первой половины XVII веков», а таксама шэраг раздзелаў у калектыўных манаграфіях.

Падчас дэканства С.Ф.Сокала на факультэце былі створаны неабходныя ўмовы для творчага росту ў навуковай і навучальнай сферах, назапашана творчая энергія, што дазволіла калектыву ўзняцца на вышэйшую прыступку развіцця, імя якой – сталасць. Калектыў факультэта ўспрымаў дэкана як надзейную апору, а таму адчуваў упэўненасць у сваіх сілах і набываў здольнасць вырашаць самыя складаныя пытанні. Пры гэтым прафесар С.Ф.Сокал ніколі не падкрэсліваў свайго «я», будаваў каштоўныя і паважлівыя адносіны з калегамі, умеў знайсці найлепшае прымяненне здольнасцям кожнага, падтрымаць і абараніць ад несправядлівасці.

У 1986 годзе абіраецца на пасаду загадчыка кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права. Быў ініцыятарам пераводу навучальнага працэсу на беларускую мову. Курсы «Дзяржаўнае права замежных краін», «Гісторыя дзяржавы і права БССР», «Гісторыя палітычных вучэнняў», спецкурс «Уводзіны ў спецыяльнасць» чытаў па-беларуску. Наладзіў рэальнае навуковае супрацоўніцтва з акадэмічнай юрыдычнай навуковай  і адпаведнымі структурамі АН БССР і АН СССР. Вынікам супрацоўніцтва стаў удзел выкладчыкаў кафедры ў падрыхтоўцы манаграфіі «Великий Октябрь и национально-государственное строительство в Белоруссии» і «Философская и общественно-политическая мысль Белоруссии и Литвы». С.Ф.Сокал асабіста ўнёс значны ўклад у выданне знакамітага помніка беларускага права «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года». Для «Энцыклапедычнага даведніка» гэтага выдання напісаў каля дзесяці артыкулаў. У 1988 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «Политическая и правовая мысль Белоруссии в XVI – первой половине XVII веков». Вучонае званне прафесара па кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права прысвоена ў 1990 годзе.

Летам 1990 года прафесар С.Ф.Сокал быў абраны старшынёй Саюза юрыстаў БССР і з 1 верасня пераехаў на працу ў Мінск.

Читать далее…

30 января 2013

СПОРНІК

МІКАЛАЙ МАКСІМАВІЧ

Нарадзіўся 1 сакавіка 1941 года ў пасёлку Уведзенка Бароўскага раёна Кустанайскай вобласці ў сям’і рабочага. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Бароўскай школе. У 1959-1962 гадах – курсант Качынскага Чырванасцяжнага вышэйшага ваеннага вучылішча лётчыкаў у горадзе Валгаградзе. Дэмібілізаваны па стане здароўя. Працаваў каменшчыкам будаўніча-мантажнага ўпраўлення ў сяле Бароўскае. У 1963-1967 гадах студэнт оптыка-механічнага факультэта Маскоўкага інстытута інжынераў геадэзіі, аэрафотаздымкі і картаграфіі. Пасля заканчэння інстытута працаваў інжынерам, старшым інжынерам, малодшым навуковым супрацоўнікам, старшым навуковым супрацоўнікам у Дзяржаўным інстытуце прыкладной оптыкі (г.Казань).

У 1974 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Распрацоўка і даследаванне галаграфічных метадаў і апаратуры для вывучэння газавага патоку». С 1979 года – у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце: начальнік навукова-даследчага сектара (1979), старшы выкладчык кафедры квантавай электронікі, дацэнт, выконаўца абавязкаў загадчыка кафедры (1980-1983). Вучонае званне дацэнта па кафедры квантавай электронікі, опыткі і спектраскапіі прысвоена ў 1983 годзе. З 1983 года – загадчык кафедры оптыкі і спектраскапіі, з 1988 года – кафедры прыкладной оптыкі.

Доктарскую дысертацыю па спецыяльнай тэме абараніў у 1987 годзе. Вучонае званне прафесара па кафедры прыкладной оптыкі прысвоена ў 1989 годзе.

З’яўляўся навуковым кіраўніком больш за 20 навукова-даследчых тэм. Аўтар больш за  200 публікацый, у тым ліку дзвюх манаграфій, 50 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў, а таксама паэм і вершаў. Удзельнік міжнародных сімпозіумаў, канферэнцый, кангрэсаў (Францыя, Японія, Чэхія, Англія, Кітай, Польшча).

Прафесар М.М.Спорнік быў салідным спецыялістам у галіне аптычнай галаграфіі і кагерэнтнай оптыкі і іх выкарыстання ў розных сферах народнай гаспадаркі.

Памёр прафесар М.М.Спорнік у 2008 годзе.

Читать далее…

30 января 2013

Струк

Васілій Аляксандравіч

 

Нарадзіўся ў 1949 годзе ў горадзе Валожын Мінскай вобласці. У 1966 годзе скончыў сярэднюю школу № 2 г.Валожына са срэбраным медалём і паступіў у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны інстытут імя С.М.Кірава (сёння – Беларускі тэхналагічны універсітэт). Атрымаў кваліфікацыю «Інжынер – хімік – тэхнолаг”. Працаваў старшым інжынерам Беларускага спецыялізаванага ўпраўлення (1971-1974). З 1974 года – інжынер, малодшы навуковы супрацоўнік, старшы навуковы супрацоўнік, загадчык лабараторыі Інстытута механікі металапалімерных сістэм АН БССР (сёння – Інстытут механікі металапалімерных сістэм імя В.А.Белага НАН Рэспублікі Беларусь).

У Гродзенскім універсітэце – з 1990 года. Прафесар, загадчык кафедры матэрыялазнаўства і рэсурсазберагальных тэхналогій. У 1979 годзе абараніў дысертацыю кандыдата тэхнічных навук па спецыяльнасці «Матэрыялазнаўства ў машынабудаванні”, а ў 1989 – доктарскую дысертацыю. Вучонае званне прафесара па кафедры матэрыялазнаўства і рэсурсазберагальных тэхналогій прысвоена ў 1991 годзе.

Прафесар В.А.Струк – спецыяліст у галіне фізіка-хіміі і тэхналогіі функцыянальных машынабудаўнічых матэрыялаў на аснове палімерных і металапалімерных матрыц. Распрацоўшчык канцэпцыі малазношвальных трыбатэхнічных металапалімерных сістэм. Стваральнік навуковай школы «Матэрыялазнаўства, фізіка-хімія і тэхналогія нанакампазіцыйных машынабудаўнічых матэрыялаў на аснове палімерных матрыц”. Сёння ў школе працуюць 16 кандыдатаў тэхнічных навук і 10 магістраў.

Аўтар больш за 500 навуковых публікацый, у тым ліку падручніка «Матэрыялазнаўства для студэнтаў інжынерных спецыяльнасцей”, больш за 20 манаграфій па праблемах матэрыялазнаўства, энергарэсурсазберагальных тэхналогій і інавацыйнага развіцця рэгіянальнай эканомікі, звыш 120 патэнтаў на вынаходніцтва і карысныя мадэлі.

Навуковай школа пад кіраўніцтвам прафесара В.А.Струка ўнавукова-даследчай дзейнасці:

–       распрацавана трыбатэхнічная канцэпцыя стварэння малазнашвальных трыбасістэм, заснаваная на кіраванні трыбатэхнічнымі працэсамі, якія фармуюць цыкл, што генеруе інгібітары зношвання ў працэсе іх эксплуатацыі;

–       устаноўлены эфект пралангаванага антыакісляльнага дзеяння нанапамерных частіц металаў у палімерных, алігамерных і сумесевых матрыцах;

–       у суаўтарстве з прафесарам В.А.Ліопам распрацавана тэорыя мадыфікавальнага дзеяння нанапамерных часціц разнастайнага складу, габітусу і тэхналогіі сінтэзу у высокамалекулярных матрыцах.

У навукова-інавацыйнай дзейнасці:

– распрацавана канцэпцыя фармавання рэгіянальных інавацыйных цэнтраў, заснаваная на інтэграцыйным узаемадзеянні інтэлектуальных рэсурсаў навучальных устаноў, навукова-даследчых цэнтраў і прамысловых прадпрыемстваў;

– створаны рэгіянальны інавацыйны кластэр Навучальна-метадычны цэнтр «Прамаграмаш”.

Узнагароджаны медалём Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук «Аўтару навуковага адкрыцця”.

Читать далее…

30 января 2013

Струміла

Славамір Аляксандравіч

 

Нарадзіўся 8 сакавіка 1946 года ў вёсцы Слабодка Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і чыгуначніка. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Астравецкай школе, якую закончыў са срэбраным медалём. У 1963-1969 гадах – студэнт Гродзенскага медычнага інстытута (зараз універсітэт).

Пасля заканчэння інстытута працаваў галоўным урачом Германавічскай участковай бальніцы (1969), праходзіў абавязковую вайсковую службу ў шэрагах Савецкай Арміі (1969-1970), у 1970 годзе – урач Гродзенскага абласнога лячэбна-фізкультурнага дыспансера.

З 1971 года ў Інстытуце біяхіміі АН БССР: старшы лабарант, малодшы, старшы, вядучы, галоўны навуковы супрацоўнік, загадчык лабараторыі энзімалогіі і біятэхналогіі (1987-1988). Кандыдацкую дысертацыю «Взаимодействие витаминов РР и ВТ в регуляции ферментов тензофосфатного пути обмена углеводов при различных функциональных состояниях адреналовой системы» абараніў у 1975 годзе. Доктарскую «Полиферментные комплексы дегидрогенез 2-оксокислот надпочечных желез (роль, свойства, регуляция)» у 1985.

У чэрвені 1988 года пераводам залічаны на пасаду прафесара кафедры біяхіміі Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы, а з 1 ліпеня загадчыкам кафедры. Вучонае званне прафесара па кафедры біяхіміі прысвоена ў 1990 годзе. Звольнены з працы па асабістым жаданні ў 1991 годзе.

Навуковыя накірункі дзейнасці прафесара С.А.Струмілы засяроджаны на даследаванні механізмаў, рэгуляцыі клеткавага метабалізму, дакладней, рэгуляцыі актыўнасці найважнейшых ферментаў і паліферментных сістэм. У лабараторыі энзімалогіі і біятэхналогіі за кароткі тэрмін атрыманы ў высокаачышчаным стане паліферментныя комплексы дэгідрагеназ 2-аксікіслот сэрца чалавека і вывучаны іх асноўныя ўласцівасці, што мае істотнае медыка-біялагічнае значэнне. Пад навуковым кіраўніцтвам С.А.Струмілы выкананы і абаронены 2 кандыдацкія дысертацыі, плануецца выкананне яшчэ 2 дысертацый.

Пералічаныя навуковыя пошукі прафесара С.А.Струмілы апублікаваны ў 103 працах (66 часопісных артыкулах і 1 манаграфіі) у айчынных і замежных выданнях, дакладаліся аўтарам на міжнародных і замежных канферэнцыях і сімпозіумах. На яго рахунку 12 рацыяналізатарскіх прапаноў і 7 укараненняў.

Читать далее…

30 января 2013

Сцяцко

Павел Уладзіміравіч

 

Навуковыя працы прафесара П.У.Сцяцко ўжо сёння многія эксперты адносяць да залатога фонду беларускай і славянскай філалогіі другой паловы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў. І галоўным чынам таму, што яны з’яўляюцца ўзорам рэдкай у гуманітарных навуках выразнасці і строгасці аўтарскага падыходу да пастаноўкі і вырашэння тэарэтычных праблем мовазнаўства.

Нарадзіўся 5 сакавіка 1930 года ў вёсцы Грабава Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Ваўкавыскім педагагічным вучылішчы, якое скончыў у 1949 годзе. Вышэйшую філалагічную – на факультэце мовы і літаратуры (беларускае аддзяленне) Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы (1949-1953). Працоўную дзейнасць пачынаў выкладчыкам кафедры беларускай мовы і літаратуры. Пазней абраны на пасаду старшага выкладчыка кафедры беларускай і рускай мовы. Чытаў тэарэтычны курс беларускай мовы, «Уводзіны ў мовазнаўства», спецкурсы па марфалогіі і словаўтварэнні. З канца 1960 года – аспірант Інстытута мовазнаўства АН БССР. У 1962 годзе датэрмінова абараніў кандыдацкую дысертацыю «Побытавая лексіка гаворак Зэльвеншчыны».

Да 1981 года дацэнт, прафесар кафедры беларускай мовы Мінскага педагагічнага інстытута. У 1980 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «Субстантыўная дэрывацыя ў беларускай народна-дыялектнай мове». Вучонае званне прафесара прысвоена ў 1982 годзе.

У 1981-1990 гадах загадвае кафедрай рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Распрацоўвае пытанні ўсходнеславянскай лінгвістычнай тэрміналогіі. Славістычную кваліфікацыю падвышаў ў Карлавым (Прага, 1983) і Варшаўскім (1988) універсітэтах.

Вынікі даследавання ўсходнеславянскай лінгвістычнай тэрміналогіі выяўлены ў «Русско-белорусском словаре лингвистических терминов» (у суаўт.), «Слоўніку лінгвістычных тэрмінаў» і шэрагу іншых публікацый.

З ліпеня 1990 года – у Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы: загадчык кафедры беларускай культуры (1990-1991), мовазнаўства (1991-1996), беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства (1996-2007). Напачатку 90-ых гадоў мінулага стагоддзя чытаў курсы беларускай мовы, параўнальнай граматыкі беларускай, рускай і польскай моў, вёў семінар пра словаўтварэнні ў гэтых мовах у філіяле Варашаўскага універсітэта (Беласток).

Асноўныя кірункі навуковай дзейнасці прафесара П.У.Сцяцко – беларуская навуковая тэрміналогія, словаўтварэнне ў беларускай народна-дыялектнай і літаратурнай мове і яго стасункі з іншымі славянскімі мовамі (рускай, украінскай, польскай, балгарскай). Аўтар больш за 500 навуковых прац, у ліку якіх каля 36 манаграфій, падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для сярэдняй і вышэйшай школы. Тэарэтычныя працы, якія друкаваліся ў перыядычных выданнях, уключаны ў двухтомнік выбраных твораў «Мовазнаўчы досвед». Вучэбныя дапаможнікі «Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы» і «Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія» вытрымалі некалькі выданняў, а падручнік для навучэнцаў педагагічных вучылішчаў і каледжаў, выдадзены ў 1982 годзе, перавыдаваўся ў 1992, 1998, 2001 і 2004 гадах.

Прафесар П.У.Сцяцко – стваральнік навуковай школы па дэрываталогіі (словаўтварэнне ў славянскіх і германскіх мовах). Навуковыя набыткі школы больш за 15 манаграфій.

Пад кіраўніцтвам прафесара П.У.Сцяцко абаронена 15 кандыдацкіх дысертацый. Ён вядзе значную рэдактарскую працу ў навуковых выданнях: адказны рэдактар навуковага альманаха «Гарадзенскія запісы. Старонкі гісторыі і культуры» (1993-1997), сябра рэдкалегіі «Bialostocki Przegląd Kresowy» (1994-1997), «Весніка Беларускага універсітэта» (1989-1992), «Весніка Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы» (з 1999), сябра рэдкалегіі і навуковы кансультант часопіса «Роднае слова».

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2004).

Читать далее…

Copyright © 2012-2020 by ГрГУ им. Я.Купалы