Гордость ВУЗа
30 января 2013

Кандрацьева

Святлана Вітальеўна

 

Прафесару С.В.Кандрацьевай належыць піянерства ў арганізацыі даследаванняў і падрыхтоўкі спецыялістаў па псіхалогіі на Гродзеншчыне. За 25 гадоў працы ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы Святлана Вітальеўна стварыла навуковую псіхалагічную школу, якая распрацоўвае праблемы зносін і прафесійнай акмеалогіі. Школа мае шырокае прызнанне ў Рэспубліцы Беларусь і замежных краінах. Ініцыявала падрыхтоўку спецыялістаў у галіне псіхалогіі. Ёю створаны першы варыянт навучальнага плана спецыяльнасці «Псіхалогія», пад яе кіраўніцтвам распрацаваны навучальныя праграмы фундаментальных і прыкладных курсаў.

Нарадзілася 7 лютага 1926 года ў сяле Вінагробль Курскага раёна Курскай вобласці (Расія) у сям’і настаўнікаў. Сярэднюю школу скончыла ў 1943 годзе і да чэрвеня 1944 працавала настаўніцай. У 1944-1945 гадах у шэрагах Савецкай Арміі. Удзельніца Вялікай Айчыннай вайны. Узнагароджана медалём «За победу над Германией в Великой Отечественной войне (1941-1945 гг.)» і шэрагам юбілейных медалёў. З кастрычніка 1945 года – студэнтка філасофскага факультэта Ленінградскага універсітэта, які скончыла ў 1950 годзе па спецыяльнасці «Псіхалогія». Працавала настаўніцай сярэдняй школы (1948-1950), выкладчыкам псіхалогіі і логікі Нікалаеўскага (1950-1951) і Камянец-Падольскага (1951-1958) педагагічных інстытутаў. Абараніла (1958) кандыдацкую дысертацыю «Формирование личности учащихся старших классов в процессе общественной работы». З 1958 года – дацэнт кафедры педагогікі і псіхалогіі Львоўскага і Драгобыцкага педагагічных інстытутаў. Вучонае званне дацэнта прысвоена ў 1963 годзе. У 1966-1969 гадах загадчыца кафедры псіхалогіі Драгобыцкага педагагічнага інстытута. Доктарскую дысертацыю «Межличностное отношение и его роль в общении» абараніла ў 1978 годзе.

Са жніўня 1979 года – загадчыца кафедры педагогікі і псіхалогіі Гродзенскага універсітэта. Па гэтай кафедры Святлане Вітальеўне ў 1981 годзе прысвоена вучонае званне прафесара. У сярэдзіне 1982 года кафедра падзяляецца на дзве: кафедру педагогікі і кафедру псіхалогіі. Загадчыцай апошняй прызначаецца прафесар С.В.Кандрацьева. У 1998-2000 гадах – загадчыца кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі. З 2000 года – загадчыца навукова-даследчай лабараторыі прафесійнага развіцця асобы.

Читать далее…

30 января 2013

Канюшкевич Мария Иосифовна

Нягледзячы на характэрнае для нашага часу імкненне да фармалізацыі гуманітарных ведаў, традыцыйная архітэктоніка філалогіі як навукі застаецца нязменнай. Яна арыентавана на чалавечую мерку, як антычная архітэктура была арыентаваная на прапорцыі цела чалавека. Строгасць і асабістая «дакладнасць» філалогіі ў многім залежаць ад маральнага і інтэлектуальнага патэнцыялу вучонага. Навуковая і педагагічная дзейнасць прафесара М.І.Канюшкевіч – яскравае пацвярджэнне гэтага.

Нарадзілася 7 лістапада 1943 года ў вёсцы Погіры Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Сярэднюю адукацыю набывала ў Дзятлаўскай школе № 1. Вышэйшую філалагічную – на факультэце педагогікі і методыкі пачатковага навучання (1964) і філалагічным (1975, завочна).

Працавала настаўніцай нямецкай мовы ў Наваельнінскай вячэрняй школе (1964-1970), сакратаром камісіі па справах непаўналетніх пры Лідскім гарвыканкаме (1971-1972), настаўніцай рускай мовы СШ № 5 горада Ліды (1973-1975).

Падчас навучання на завочным аддзяленні філалагічнага факультэта выявіла схільнасць да навукова-даследчай працы. Студэнцкая навуковая праца Марыі Іосіфаўны адзначана дыпломам першай ступені на рэспубліканскім конкурсе.

У 1976 годзе запрошана на працу ў інстытут у якасці асістэнта кафедры рускай мовы. Закончыла (1979) аспірантуру кафедры рускай мовы Беларускага універсітэта. Датэрмінова (май 1979) абараніла кандыдацкую дысертацыю «Атрибутивные отношения в сложноподчиненном предложении (на материале русского и белорусского языков)».

З лета 1979 года – выкладчык, дацэнт, загадчык (з 1980) кафедры русскай мовы. Вучонае званне дацэнта па кафедры рускай мовы прысвоена ў 1983 годзе. Чытала курсы па марфалогіі і сінтаксісе сучаснай рускай мовы, спецкурсы «Сравнительная грамматика славянских языков», «Русско-белорусские языковые контексты», «Проблема синтаксического анализа».

Читать далее…

30 января 2013

 

Караў Дзмітрый Уладзіміравіч

Нарадзіўся 25 снежня 1949 года ў горадзе Уфа (Башкірыя). Сярэднюю адукацыю атрымаў у школе № 5 г.Запарожжа (Україна). З адзнакай закончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны інстытут (1973) і юрыдычны факультэт Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы (1995). Пасля заканчэння Маскоўскага гісторыка-архіўнага інстытута працаваў (1973-1975) малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі, археалогіі і этнаграфіі народаў Далёкага Усходу ДУНЦ АН СССР (г.Уладзівасток), асістэнтам кафедры гісторыі СССР Далёкаўсходняга універсітэта (1975-1976), намеснікам дэкана гістарычнага факультэта Далёкаўсходняга універсітэта (1976-1979). Пад час працы ў Далёкаўсходнім універсітэце навучаўся ў завочнай аспірантуры (1976-1979).

З верасня 1979 года працуе ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы: асістэнт (1979-1983), старшы выкладчык (1984), дацэнт (1984-1997), прафесар (з 1997) кафедры ўсеагульнай гісторыі. У 1983 годзе абараніў кандыдацыю дысертацыю «Академик М.К.Любавский как историк феодальной России». Вучонае званне дацэнта прысвоена ў 1988 годзе. Доктарскую дысертацыю «Белорусская историография конца XVIII – началао ХХ веков» абараніў у 1996 годзе. Вучонае званне прафесара па спецыяльнасці «Гісторыя» атрымаў у гэтым самым годзе. У 1997-1999 годзе працаваў загадчыкам кафедры тэорыі і гісторыі дяржавы і права Гродзенскага філіяла Беларускага недзяржаўнага інстытута правазнаўства. З 1999 года – прафесар кафедры эканамічнай тэорыі Гродзенскага універсітэта, з 2001 года і па сёння – загадчык кафедры.

Прафесар Караў мае сур’ёзныя дасягненні ў галіне гісторыі Беларусі. Ён аўтар больш за 150 работ, у ліку якіх 6 манаграфій. З’яўляўся навуковым кіраўніком 8 нацыянальных і 4 міжнародных навуковых праектаў. Сфера навуковых інтарэсаў – гісторыя культуры напродаў Вялікага кКняства Літоўскага і Беларусі, гістарыяграфія крыніцазнаўства гісторыіі Беларусі, гісторыя грамадскай думкі. Удзельнічаў у міжнародных навуковых канферэнцыях. Навуковыя даследаванні прафесара Д.У.Карава вядомы і выкарыстоўваюцца гісторыкамі-славістамі Еўропы, Паўночнай Амерыкі і Японіі.

Читать далее…

30 января 2013

Ківач
Леанід Мікалаевіч

 

Нарадзіўся 7 студзеня 1945 года ў горадзе Навагрудку. Сярэднюю адукацыю атрымаў у школе № 1 г.Мінска. У 1966 годзе закончыў фізічны факультэт Беларускага універсітэта па спецыяльнасці «Фізіка”. Кароткі тэрмін працаваў старшым лабарантам кафедры спектральнага аналіза Беларускага універсітэта. У 1967-1970 гадах навучаўся ў аспірантуры. З верасня 1970 года ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце: старшы выкладчык кафедры агульнай і тэарэтычнай фізікі (1970-1976), дацэнт (1976-1983), загадчык кафедры (1983-1993).

Чытаў курсы «Механіка”, «Малекулярная фізіка”, «Оптыка” і спецкурс «Спектральны аналіз”. У 1975 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Вучонае званне дацэнта па кафедры агульнай і тэарэтычнай фізікі прысвоена ў 1978 годзе. У 1993-1994 гадах прарэктар па навуковай рабоце універсітэта, а затым рэктарам універсітэта (1994-1997), прафесарам кафедры агульнай фізікі, выконваючым абавязкі прарэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце (2001-2002).

Прафесар Л.М.Ківач аўтар больш за 80 навуковых прац у галіне спектраскапіі і оптыкі. Асноўныя кірункі навуковай дзейнасці: развіццё метадаў флуарэсцэнцыі і камбінацыйнага рассейвання святла для даследавання біяарганічных малекул.

Читать далее…

30 января 2013

 

Кірвель
Чэслаў Станіслававіч

Нарадзіўся 9 сакавіка 1945 года ў вёсцы Мякішы Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і.

Першапачатковую адукацыю атрымаў у Барэйшышкаўскай школе Шчучынскага раёна, 9 класаў якой скончыў у 1962 годзе. У сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам сям’і (бацька Чэслава Станіслававіча памёр у маладым узросце ў 1951 годзе) пераехаў у горад Калінінград, атрымаў спецыяльнасць газазваршчыка і працаваў на сударамонтным заводзе. У Калінінградзе ў 1964 годзе скончыў школу рабочай моладзі.

Сістэматычную філасофскую адукацыю набываў у Ленінградскім універсітэце. У 1972-1976 гадах — аспірант Ленінградскага універсітэта і па сумяшчальніцтве супрацоўнік Музея гісторыі Ленінграда. Напачатку 1977 года абараняе кандыдацкую дысертацыю «Природа и социальные функции утопии» і накіроўваецца на выкладчыцкую працу ў якасці старшага выкладчыка кафедры філасофіі і навуковага камунізму Камсамольскага-на-Амуры палітэхнічнага інстытута. Тут Чэслаў Станіслававіч працуе больш за тры гады і выяўляе сябе здольным выкладчыкам і навукоўцам.

30 жніўня 1980 года абіраецца па конкурсе на пасаду дацэнта кафедры філасофіі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. З гэтага часу педагагічная і навуковая дзейнасць Ч.С.Кірвеля звязана выключна з універсітэтам. 27 лістапада 1981 года ён абіраецца загадчыкам кафедры філасофіі. З 10 студзеня 1987 года — дацэнт гэтай кафедры. У 1982 годзе атрымоўвае вучонае званне дацэнта. У 1987-1989 гг. — старшы навуковы супрацоўнік універсітэта. З канца 1989 года — дацэнт кафедры.

30 жніўня 1990 года абараняе доктарскую дысертацыю «Утопия как форма освоения социальной реальности». 1 снежня 1990 года абіраецца на пасаду прафесара кафедры, а ў студзені 1992 года атрымоўвае вучонае званне прафесара. З 1993 года прфесар Ч.С.Кірвель загадвае кафедрай філасофіі універсітэта.

Читать далее…

30 января 2013

Кірілюк

Лідзія Уладзіміраўна

 

Калі б узнікла неабходнаснасць вызначыць сярод выкладчыкаў узор, ці нават сімвал, адданага і бескарыснага служэння універсітэту, то першым кандыдатам на гэтае высокае званне была бы прафесар Л.У.Кірылюк. І не таму, што ва універсітэце прайшлі 50 гадоў яе жыцця (хаця і гэта істотна), а перш за ўсё таму, што яна, як ніхто іншы, здолела ўспрыняць каштоўнасці універсітэцкай супольнасці і найлепшыя якасці сваіх настаўнікаў. Пераняць глыбока, арганічна і беражліва перадаць сваім вучням.

Нарадзілася Лідзія Уладзіміраўна 25 верасня 1926 года у горадзе Гродна. Яе бацька працаваў рабочым у фарбавальнай майстэрні. Спазнаць працу ў фарбавальнай майстэрні давялося і самой Лідзіі Уладзіміраўне падчас акупацыі горада Гродна нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Да 1939 года скончыла 6 класаў польскай школы. Затым 2 гады навучалася ў савецкай. Пасля вызвалення Гродна працавала бухгалтарам у інстытуце ўдасканалення настаўнікаў. Сярэднюю адукацыю атрымала ў 1948 годзе. Скончыла Гродзенскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці «Матэматыка». Працавала настаўніцай матэматыкі у сярэдняй школе № 3 горада Гродна.

З 1955 года Лідзія Уладзіміраўна – выкладчык кафедры элементарнай матэматыкі. Чытае курс «Элементарная геаметрыя». Праз 3 гады абіраецца на пасаду старшага выкладчыка. Калегі, кіраўніцтва факультэта і інстытута адзінадушна адзначаюць шырокую эрудыцыю Лідзіі Уладзіміраўны у галіне матэматыкі, глыбокае веданне свайго прадмета, тонкае пачуццё такту ў адносінах з выкладчыкамі і студэнтамі. На пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя выдае шэраг грунтоўных прац па методыцы выкладання матэматыкі: «Упражнения и задачи по геометрии. 6 класс», «Геометрические задачи по формированию функциональных понятий» і інш.

У 1969 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю «Развіццё творчага геаметрычнага ўяўлення і логіка-матэматычнага мыслення вучняў на сістэматычна падабраных нестандартных задачах”. Вучонае званне дацэнта па кафедры геаметрыі і методыкі выкладання матэматыкі прысвоена ў 1971 годзе. У 1971-1980-ых гадах Л.У.Кірылюк – прарэктар па навучальнай рабоце педагагічнага інстытута, а з 1978 года – універсітэта. Яе ўнёсак у станаўленне універсітэцкага зместу методыкі і арганізацыі навучальнага працэсу, як і уплыў на станаўленне навукова-педагагаічнага калектыву, дастаткова грунтоўныя.

З 1980 года загадвае кафедрай геаметрыі і методыкі выкладання матэматыкі, у 1981-1991 гадах працуе дэканам матэматычнага факультэта. Вучонае званне прафесара па кафедры алгебры, геаметрыі і методыкі выкладання матэматыкі прысвоена ў 1991 годзе. Да 2005 года Лідзія Уладзіміраўна працавала прафесарам кафедры.

Читать далее…

30 января 2013

Кобрынец

Пётр Мікалаевіч

 

Лёс наканаваў прафесару П.М.Кобрынцу кароткае жыццё. Ён памёр на 49 годдзе, не адзначыўшы ні воднага юбілею, якія, як прынята, пачынаюцца з пяцідзесяці гадоў. Нягледзячы на гэта, ягоны ўнёсак у дасканаленне падрыхтоўкі спецыялістаў і навуковых даследаванняў у галіне айчыннай гісторыі вельмі істотны.

Нарадзіўся 25 жніўня 1946 года ў вёсцы Дубна Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Дубненскай школе, якую скончыў у 1954 годзе. Сістэматычную гістарычную – у Гродзенскім педагагічным інстытуце імя Янкі Купалы. Пасля заканчэння інстытута некалькі месяцаў (жнівень-лістапад 1968 года) працаваў настаўнікам гісторыі Глядавіцкай васьмігодкі. У 1968-1969 гадах праходзіў абавязковую вайсковую службу ў шэрагах Савецкай Арміі. З 1969 года Пётр Мікалаевіч – аспірант кафедры педагогікі Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў Мінску. Настаўнікамі Пятра Мікалаевіча ў аспірантуры былі прафесары С.А.Умрэйка і А.І.Залескі. Менавіта пад іх уплывам вызначыўся асноўны накірунак навуковых даследаванняў Пятра Мікалаевіча – гісторыя настаўніцтва і школ на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пасля заканчэння аспірантуры год працаваў выкладчыкам педагогікі ў Мінскім інстытуце замежных моў. У 1972 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Школа, учитель и учащиеся Белоруссии в годы Велитой Отечественной войны (1941-1945 гг.)». У жніўні 1973 года па конкурсе абраны на пасаду старшага выкладчыка кафедры гісторыі СССР і БССР нашага універсітэта. Працаваў намеснікам дэкана гісторыка-педагагаічнага факультэта (1974-1977), выканаўцам абавязкаў загадчыка кафедры гісторыі СССР і БССР, выканаўцам абавязкаў дэкана факультэта. З 1981 года – загадчык кафедры гісторыі СССР, а з 1992 года – кафедры гісторыі славянскіх дзяржаў. Вучонае званне дацэнта атрымаў у 1978 годзе. Праз дзесяць гадоў абараніў доктарскую дысертацыю «Советский патриотизм и социалистический интернационализм – источник силы в борьбе против гитлеровских аккупантов: июнь 1941 – август 1944 гг. (на материалах Белоруссии)». Прафесар па кафедры гісторыі СССР з 1989 года.

Памёр прафесар П.М.Кобрынец у 1994 годзе.

Читать далее…

30 января 2013

Коўкель

Іван Іванавіч

Шлях І.І.Коўкеля да прафесарскага звання быў доўгім і дастаткова складаным. Аднак гэта не паўплывала на маштаб і плённасць яго навуковай і педагагічнай дзейнасці. Калегі прафесара І.І.Коўкеля адзінадушна адзначаюць, што ён сам сябе стварыў як чалавека, навукоўца, універсітэцкага выкладчыка. Прычым стварыў па дастаткова высокіх мерках.

Нарадзіўся І.І.Коўкель 31 кастрычніка 1942 года ў вёсцы Вялікае Сяло Лідскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Жырмунскай школе Воранаўскага раёна. Сістэматычную гістарычную і філалагічную – у Гродзенскім педагагічным інстытуце імя Янкі Купалы, які скончыў у 1964 годзе.

Працаваў настаўнікам гісторыі, беларускай мовы і літаратуры Жырмунскай сярэдняй школы. З кастрычніка 1964 па жнівень 1965 праходзіў абавязковую вайсковую службу ў шэрагах Савецкай Арміі. У 1966-1969 гадах – дырэктар Магунскай васьмігадовай школы Воранаўскага раёна.

У верасні 1969 года І.І.Коўкель паступае ў дзённую аспірантуру кафедры гісторыі БССР Беларускага універсітэта. Ва ўмовах савецкай планавай падрыхтоўкі навукова-педагагічных кадраў зрабіць гэта было далёка не проста. Неабходна было, як мінімум, мець здольнасці да творчай дзейнасці, працавітасць, настойлівасць у дасягненні пастаўленай мэты. На шчасце, пазычаць гэтыя якасці характару І.І.Коўкелю патрэбы не было. У другой палове 60-х гадоў, галоўным чынам у перыядычным друку, з’яўляюцца яго артыкулы на гістарычныя тэмы, якія сведчылі аб дастаткова значным навуковым патэнцыяле дырэктара вясковай васьмігодкі.

Пасля заканчэння аспірантуры І.І.Коўкель працуе асістэнтам, старшым выкладчыкам кафедры гісторыі СССР і БССР Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы.

У красавіку 1979 года абараняе кандыдацкую дысертацыю «Политическое банкротство националистов и контрреволюции в Белоруссии (1919-1925 гг.)». Праз два гады атрымоўвае вучонае званне дацэнта па кафедры гісторыі СССР і БССР.

Да 1986 года І.І.Коўкель працуе дацэнтам кафедры. Затым пяць гадоў загадвае кафедрай грамадскіх навук Гродзенскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. У 1992 годзе вяртаецца ва універсітэт на пасаду дацэнта кафедры гісторыі Беларусі. У 2005 годзе І.І.Коўкелю прысвоена вучонае званне прафесара па спецыяльнасці «Гісторыя».

На працягу многіх гадоў прафесар І.І.Коўкель чытаў курсы «Гісторыя Беларусі (1917-1941 гг.)», «Гістарыяграфія гісторыі Беларусі» і па матэрыялах асабістых даследаванняў – спецкурсы: «Беларускі нацыянальны рух (1902-1905)», «Актуальныя праблемы гісторыі Беларусі». Як універсітэцкі лектар вызначаўся настойлівасцю ў прапагандзе асабістага разумення складаных праблем гісторыі нашай краіны.

Читать далее…

30 января 2013

КРАЎЧЭНЯ
МІКАЛАЙ АНТОНАВІЧ

Нарадзіўся 7 жніўня 1938 года ў вёсцы Козікі Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Сярэднюю школу скончыў у 1957 годзе. Служыў у шэрагах Савецкай Арміі (1957-1960). У 1965 годзе скончыў хіміка-тэхналагічны факультэт Львоўскага палітэхнічнага інстытута. У 1966-1969 гадах працаваў на Рубежанскам хімічным камбінаце (Украіна). З 1969 года – начальнік змены Гродзенскага азотна-тукавага завода. З 1970 года – аспірант Аддзела рэгуляцыі рэчываў АН БССР, а з 1973 года па 1979 год – малодшы, старшы навуковы супрацоўнік гэтага аддзела. З 1979 года – выкладчык, старшы выкладчык кафедры біянеарганічнай і біяфізічнай хіміі Гродзенскага медыцынскага інстытута.

У 1974 годзе абараніў дысертацыю кандыдата біялагічных навук «Антивитаминная активность различных производных окситиамина”. У 1986-2002 гадах – загадчык кафедры агульнай і біяарганічнай хіміі. Вучонае званне прафесара прысвоена ў 1993 годзе. З 2002-2007 гады – прафесар кафедры агульнай і біяарганічнай хіміі Гродзенскага медыцынскага універсітэта.

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы працуе з верасня 2007 года на пасадзе прафесара кафедры матэрыялазнаўства і рэсурсазберагальных тэхналогій.

Читать далее…

30 января 2013

КРАМЛЁЎ

ЯЎГЕН ПАЎЛАВІЧ

 

Прафесар Я.П.Крамлёў працаваў на факультэце біялогіі і экалогіі універсітэта ў 1991-2007 гадах.

Нарадзіўся 6 снежня 1938 года ў вёсцы Тулага Урэнскага раёна Горкаўскай вобласці (Расія). Сярэднюю адукацыю набываў ва Урэнскай школе (скончыў 8 класаў) і Багратыёнаўскім зааветэрынарным тэхнікуме (1953-1957). Тэхнікум скончыў з адзнакай і быў накіраваны на вучобу ў Віцебскі ветэрынарны інстытут.

Пасля заканчэння інстытута працаваў галоўным ветэрынарным урачом саўгаса (1962-1963), ветэрынарным урачом Баграціёнаўскай райветстанцыі (1963-1965), галоўным ветэрынарным урачом Упраўлення сельскай гаспадаркі Гур’еўскага раёна Калінінградскай вобласці (1965-1967).

Вучыўся ў аспірантуры Беларускага навукова-даследчага ветэрынарнага інстытута (1967-1968) па спецыяльнасці «Паразіталогія». З 1968 года – дырэктар Гусеўскай міжраённай ветэрынарнай лабараторыі. У 1971 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «К изучению минотических абортов у коров» і заняў пасаду старшага навуковага супрацоўніка Калінінградскай навукова-даследчай ветэрынарнай станцыі, у 1974-1985 гадах – дырэктар. Доктарскую дысертацыю «Патология беременности, обусловленная факультативно патогенными бактериями и грибами и её роль в бесплодии коров» абараніў у 1981 годзе.

У 1985-1991 гадах – загадчык кафедры генетыкі і развядзення сельскагаспадарчых жывёл Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута (зараз Гродзенскі аграрны універсітэт).

З мая 1991 года – прафесар кафедры біялогіі Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы. Праз год абіраецца загадчыкам кафедры. Чытаў курсы «Заалогія» і «Мікрабіялогія» на факультэце фізічнай культуры, спецкурсы «Асновы сельскай гаспадаркі» і «Экалогія жывёл» на факультэце біялогіі і экалогіі. Вучонае званне прафесара па кафедры біялогіі прысвоена ў 1993 годзе.

У 1996 годзе абіраецца загадчыкам кафедры экалогіі, праводзіць сур’ёзную працу па станаўленні кафедры. Распрацоўвае вучэбныя праграмы па курсах «Мікрабіялогія», «Экалогія жывёл», «Экалагічная паразіталогія», «Экалогія наземных экасістэм», «Метады ацэнкі экасістэм» і іншыя. Пад кіраўніцтвам прафесара Я.П.Крамлёва кафедра праводзіць глыбокія даследаванні па ацэнцы флоры і фауны Заходняга рэгіёну Беларусі з пункту гледжання біялагічнай разнастайнасці. Акрэслівае рэжым выкарыстання біялагічных рэсурсаў, дазваляючы захаваць біялагічную разнастайнасць. Шэраг выкладчыкаў кафедры прымаюць удзел у выкананні дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм. Кафедра адкрывае магістратуру па спецыяльнасці «Экалогія» і аспірантуру па спецыяльнасці «Мікрабіялогія».

З 2002 года Яўген Паўлавіч – прафесар кафедры.  Умер в 2015 году.

Читать далее…

30 января 2013

Крэнь Іван Платонавіч

Прафесар І.П.Крэнь як чалавек вызначаецца далікатнасцю ў адносінах да калег па працы і студэнтаў. Грунтуецца гэтая рыса характару на глыбокім і канкрэтным уяўленні, дазваляючым яму ясна адчуваць чужыя пакуты і жаданні  і праяўляцца не толькі ў штодзённых зносінах, але і ў педагагічнай і навуковай дзейнасці.

Нарадзіўся 30 лістапада 1936 года ў вёсцы Кузявічы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацькі Івана Платонавіча былі адукаванымі людзьмі. Платон Андрэевіч скончыў Клецкую настаўніцкую семінарыю, Пелагея Пятроўна – Слонімскую жаночую гімназію.

Сярэднюю адукацыю набываў у Кузявіцкай, Маўчадскай, Ялуцавіцкай і Гарадзішчынскай школах Баранавіцкага раёна. З 1954 года студэнт гістарычнага факультэта Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. У 1959 годзе закончыў гісторыка-педагагічны факультэт па спецыяльнасці «Гісторыя, руская мова і літаратура». Працаваў (1959-1967) дырэктарам Праважскай сямігадовай, Палякішскай сярэдняй і Воранаўскай школы-інтэрната.

Закончыў аспірантуру кафедры гісторыі СССР Беларускага універсітэта. Кандыдацкую дысертацыю «Барацьба прафсаюзаў Беларусі за развіццё хімічнай прамысловасці ў рэспубліцы ў 1959-1965 гадах» абараніў у 1981 годзе.

З 1967 года працуе ва універсітэце: старшы выкладчык кафедры гісторыі СССР і БССР (1967-1972), сакратар партыйнага камітэта (1972-1976), старшы выкладчык, дацэнт (1976-1988).

У 1988-1990 гадах – намеснік загадчыка Дома палітычнай асветы, рэктар універсітэта марксізму-ленінізму Гродзенскага абкама КПБ. З 1990 па 2008 год загадчык кафедры гісторыі Беларусі, дэкан факультэта гісторыі і культуры (1995-2001), са снежня 2008 года – прафесар кафедры гісторыі Беларусі. Вучонае званне прафесара па кафедры гісторыі СССР і БССР прысвоена ў          1991 годзе.

Навуковы светапогляд прафесара І.П.Крэня сфармаваўся пад уплывам ягоных універсітэцкіх настаўнікаў: дацэнта В.А.Ваяхіна, прафесараў Б.М.Фіха і Я.Н.Мараша, акадэміка НАН РБ І.М.Ігнаценкі. Калі ў гісторыі ёсць хаць якая-небудзь відавочнасць, здольная дыктаваць народам спосаб дзеяння, то гэта датычыць найперш гісторыі краіны і рэгіёну.

Менавіта гэты прынцып вызначыў навуковыя інтарэсы прафесара І.П.Крэня: гісторыя эканомікі і культуры Беларусі, гісторыя палітычных партый і грамадскіх арганізацый, гісторыя гарадоў і вёсак. Ён аўтар шэрагу грунтоўных даследаванняў: «Гродна. Гісторыка-эканамічны нарыс» (у суаўт.), «Гродна. Энцыклапедычны даведнік» (у суаўт.), «Шчучын. Гісторыка-эканамічны нарыс» (у суаўт.), «Іўе. Гісторыка-эканамічны нарыс» (у суаўт.), «Нарысы гісторыі Гродзенскай абласной партыйнай араганізацыі» (у суаўт.), «Гродна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 1941-1945» (у суаўт.), «Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы. Гістарычны нарыс» (у суаўт.) і іншых.

Прафесар І.П.Крэнь прызнаны эксперт у галіне педагогікі вышэйшай і сярэдняй школы. Ён аўтар пяці падручнікаў для студэнтаў па гісторыі Беларусі і Расіі, навучальных і метадычных дапаможнікаў па выкананню студэнтамі дыпломных і пісьмовых прац, двух навучальных дапаможнікаў для вучняў сярэдніх школ.

Педагагічны талент, уважлівасць і дабрыня ў адносінах са студэнтамі і аспірантамі, глыбокая веданне прадмета навукі спрыяюць прафесару І.П.Крэню ў падрыхтоўцы навукова-педагагічных кадраў. Пад ягоным кіраўніцтвам абаронена 12 кандыдацкіх дысертацый.

Навукова-педагагічная і грамадская дзейнасць прафесара І.П.Крэня адзначана прысваеннем (2000) звання «Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь». З 2004 года ён «Ганаровы прафесар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы».

Читать далее…

30 января 2013

Лепешаў

Іван Якаўлевіч

Каб ахаратарызаваць І.Я.Лепешава як чалавека, вучонага і грамадзяніна, трэба было б напісаць салідную кнігу. Няма сумневу, што такая кніга будзе напісана і гэта будзе вельмі карысная кніга як для гісторыі айчыннай і славянскай філалогіі, так і для студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта.

Нарадзіўся І.Я.Лепешаў 23 кастрычніка 1923 года ў вёсцы Іскозы Дубровінскага раёна Віцебскай вобласці. У 1940 годзе скончыў 8 класаў Ліцвінаўскай сярэдняй школы, здаў экстэрнам экзамены за дзевяць класаў і паступіў у Аршанскі настаўніцкі інстытут, першы курс якога закончыў у 1941 годзе.

У 1944-1947 гадах – на франтах Айчыннай вайны ў шэрагах Чырвонай Арміі. Двойчы паранены. Узнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі» і шэрагам іншых. З адзнакай закончыў у 1948 годзе Аршанскі настаўніцкі інстытут. Працаваў настаўнікам беларускай мовы ў Свіслацкай сярэдняй школе Гродзенскай вобласці. Івана Якаўлевіча, як і многіх іншых беларусаў, не абмінулі сталінскія рэпрэсіі 40-х гадоў мінулага стагоддзя. У 1949 годзе беспадстаўна рэпрэсаваны. 6 гадоў працаваў разнарабочым у лагерах Прыморскага краю. З 1956 па 1971 год настаўнічаў у школах Шчучынскага раёна.

За 15 гадоў настаўніцкай працы І.Я.Лепешаў зрабіў столькі, што іншым гэтага хапіла б на ўсё жыццё. Завочна скончыў з адзнакай Гродзенскі педагагічны інстытут імя Янкі Купалы, аспірантуру кафедры беларускай мовы Мінскага педагагічнага інстытута (1951 г.). Надрукаваў каля сотні артыкулаў у перыядычных выданнях і навуковых часопісах па тэарэтычных пытаннях беларускай мовы і методыкі яе выкладання, гісторыі і краязнаўстве. Выдаў кнігі «Изготовление и использование таблиц по русскому языку» (1966) і «Литературно-краеведческий кружок» (1969).

Даўно заўважана, што вялікія рэкі ўжо ў вытоках вызначаюцца размашыстасцю і напорыстасцю. Гэтак сама і вялікія вучоныя ўжо ў маладыя гады выяўляюць глыбіню і размах творчых пошукаў і здзяйсненняў. Навуковая дзейнасць І.Я.Лепешава была заўважана выкладчыкамі інстытута, і гэта натуральна, бо ягоныя навуковыя публікацыі сведчылі, што гэты вясковы настаўнік мае ясны, праніклівы і строгі розум. Яго запрашаюць на выкладчыцкую працу ў інстытут.

З верасня 1971 года І.Я.Лепешаў працуе на кафедры беларускай мовы, дзе прайшоў усе ступені кар’ернай універсітэцкай лесвіцы ад асістэнта да прафесара. У 1972 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Фразеалогія ў творах Кандрата Крапівы». Праз 3 гады атрымаў вучонае званне дацэнта. Доктарскую дысертацыю «Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы ў сучаснай беларускай мове» абараніў у 1985 годзе. З 1987 года – прафесар.

Читать далее…

30 января 2013

Ліопа Валерый Аляксандравіч

Прафесар В.А.Ліопа выяўляе рэдкі ў наш час тып вучонага-фізіка, у якога цікавасць і настойлівасць да пазнання заканамернасцей прыроды арганічна спалучаецца з не меншай цікавасцю і настойлівасцю ў асэнсаванні сучасных гуманітарных і філасофскіх праблем. Універсітэцкая супольнасць шануе яго не толькі як прызнанага эксперта ў галіне структурнай фізікі цвёрдага цела, але і ў пытаннях метадалогіі універсітэцкай адукацыі, сучаснага грамадазнаўства і чалавеказнаўства.

Нарадзіўся В.А.Ліопа 7 жніўня 1939 года ў сяле Сухаўское (сёння ў межах Іркуцка) Іркуцкага раёна Іркуцкай вобласці (Расія).

У 1956 годзе з адзнакай скончыў сярэднюю школу, сістэматычную фізічную адукацыю атрымаў на фізічным факультэце Іркуцкага універсітэта. Пасля заканчэння універсітэта працуе ў Праблемнай лабараторыі кафедры абагачэння карысных выкапняў Іркуцкага палітэхнічнага інстытута (зараз Іркуцкі палітэхнічны універсітэт). Завочна навучаецца ў аспірантуры, якую заканчвае ў 1965 годзе, і абараняе кандыдацкую дысертацыю «Анализ базальных рентгеновских рефлексов флогопитов с различной степенью гидратации».

14 гадоў прафесар В.А.Ліопа працуе на кафедры агульнай фізікі Іркуцкага універсітэта, дзе праходзіць ступені універсітэцкай службовай лесвіцы ад асістэнта (1964) да загадчыка (1974).

На станаўленне прафесара В.А.Ліопы як вучонага, універсітэцкага выкладчыка і асобы істотна паўплывалі ў гэтыя гады два фактары. З сярэдзіны мінулага стагоддзя ў гарадах Сібіры інтэнсіўна развіваюцца навуковыя даследаванні. Ствараецца Сібірскае аддзяленне АН СССР з цэнтрам у Навасібірску і Усходнесібірскі філіял з цэнтрам у Іркуцку. Тут працуе 7 акадэмічных інстытутаў, у якіх вядуцца фізічныя эксперыменты. Дынамічна развіваецца фізічны факультэт Іркуцкага універсітэта, адкрываюцца лабараторыі і кафедры, дзе цікаўнаму і працаздольнаму студэнту, а затым аспіранту В.А.Ліопу было да чаго прыкласці свае сілы.

Са сваім навуковым кіраўніком, загадчыкам кафедры фізікі цвёрдага цела прафесарам Міхаілам Сцяпанавічам Мецыкам, В.А.Ліопа пачаў працаваць, будучы яшчэ студэнтам трэцяга курса. Больш чым дваццацігадовае непасрэднае супрацоўніцтва з гэтым таленавітым фізікам і прыгожым чалавекам істотна паўплывала на прафесійныя і чалавечыя каштоўнасці В.А.Ліопы.

У 1978 годзе В.А.Ліопа абіраецца на пасаду дацэнта кафедры агульнай і тэарэтычнай фізікі Брэсцкага педагагічнага інстытута і пераязджае ў Беларусь. З 1979 па 1983 гады – прарэктар па навучальнай рабоце інстытута.

Са студзеня 1985 года В.А.Ліопа – дацэнт кафедры квантавай электронікі Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы. Менавіта ва універсітэце ён здолеў рэалізаваць свой патэнцыял навукоўца і выкладчыка. У 1999 годзе абараняе доктарскую дысертацыю «Физические механизмы структурных изменений слюд в зависимости от внешних воздействий». Праз год атрымоўвае вучонае званне прафесара па спецыяльнасці «Фізіка». З 1999 па 2009 года загадвае кафедрай тэарэтычнай фізікі.

Читать далее…

30 января 2013

Максімовіч
Вячаслаў Аляксандравіч

Нарадзіўся 15 красавіка 1944 года ў вёсцы Пескі Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1959 годзе скончыў 7 класаў Навадворскай сярэдняй школы Шчучынскага раёна. Навучаўся (1959-1961) у будаўнічым вучылішчы г.Растова-на-Доне, дзе пачаў займацца класічнай барацьбой. Сярэднюю адукацыю атрымаў у вячэрняй школе рабочай моладзі г.Растова-на-Доне.

З 1963 года жыве і працуе ў Гродна. Інструктар раённага Савета ДСО «Ураджай» (1963), намеснік дырэктара па спартыўна-масавай рабоце Гродзенскага заатэхнікума. У 1964-1967 гг. праходзіў абавязковую вайсковую службу ў шэрагах Савецкай Арміі. З верасня 1970 года – выкладчык кафедры фізічнага выхавання Гродзенскага педагагічнага інстытута. У 1972 годзе скончыў Мінскі фізкультурны інстытут па спецыяльнасці «Фізічная культура і спорт». З 1973 года старшы выкладчык, дацэнт, у 1987-1997 гг. – загадчык кафедры фізічнага выхавання універсітэта. У 1991 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Дасканаленне падрыхтоўкі высокакваліфікаваных барцоў класічнага стылю». Вучонае званне дацэнта па кафедры фізічнага выхавання прысвоена ў 1992 годзе. З 1997 года трэнер-выкладчык па грэка-рымскай барацьбе Гродзенскай абласной школы вышэйшага спартыўнага майстэрства, галоўны трэнер нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па грэка-рымскай барацьбе (1999-2000), трэнер-выкладчык па грэка-рымскай барацьбе Гродзенскай абласной школы вышэйшага спартыўнага майстэрства (2001-2009). Вучонае званне прафесара па спецыяльнасці «Педагогіка» прысвоена ў 2008 годзе. З мая 2009 года прафесар В.А.Максімовіч – загадчык кафедры фізічнага выхавання універсітэта.

Вячаслаў Аляксандравіч з’яўляецца заснавальнікам школы грэка-рымскай барацьбы ў Гродзенскім рэгіёне. Ім падрыхтавана тры заслужаныя майстры спорту, 15 майстроў спорту міжнароднага класа, больш за 100 майстроў спорту Савецкага Саюза і Рэспублікі Беларусь. Вучні прафесара В.А.Максімовіча заваявалі на чэмпіянатах і першынствах Савецкага Саюза, Еўропы, Свету і Алімпійскіх гульнях больш за 60 медалёў рознай якасці. Неаднаразова удзельнічаў у навукова-метадычных семінарах, чытаў лекцыі па методыцы падрыхтоўкі спартсменаў у Фінляндыі, Польшчы, Ізраіле, Харватыі, Італіі, ЗША. Заслужаны трэнер Савецкага Саюза (1990) і БССР (1979), Ганаровы грамадзянін горада Гродна (2009).

Читать далее…

30 января 2013

 

Марозава
Святлана Валянцінаўна

Нарадзілася 22 лістапада 1954 года ў сяле Ілля Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Сярэднюю адукацыю атрымала ў школе № 18 г.Гродна, якую скончыла з залатым медалём у 1972 годзе. У 1972-1977 гадах навучалася на гісторыка-педагагічным факультэце Гродзенскага педагагічнага інстытута,  які закончыла з адзнакай і атрымала кваліфікацыю «Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, метадыст па выхаваўчай працы». Два гады працавала ў школах Мінскага раёна піянерважатай, настаўніцай гісторыі і арганізатарам пазашкольнай і пазакласнай выхаваўчай работы. Была спашукальніцай кафедры гісторыі БССР універсітэта. У 1979 годзе паступіла ў аспірантуру кафедры гісторыі СССР і БССР. Аспірантуру скончыла ў 1982 годзе і праз год абараніла кандыдацкую дысертацыю «Брэсцкая царкоўная унія 1596 года і барацьба народных мас Беларусі супраць нацыянальна-рэлігійнага прыгнёту (1596-1667 гг.)». З 1982 года працуе на кафедры гісторыі Беларусі ў якасці асістэнта, старшага выкладчыка і дацэнта. Вучонае званне дацэнта па кафедры гісторыі БССР прысвоена ў 1989 годзе. Чытала курсы «Гісторыя Беларусі эпохі феадалізма», «Крыніцазнаўства» і шэраг спецкурсаў па гісторыі культуры Гродзеншчыны. У 1993-1996 гадах – дактарантка Інстытута гісторыі НАН Рэспублікі Беларусі. Доктарскую дысертацыю «Уніяцкая царква ў культурна-гістарычным развіцці Беларусі» абараніла ў 2003 годдзе. Вучонае званне прафесара па спецыяльнасці «Гісторыя» прысвоена ў 2007 годзе. У 1996-2002 гадах – дацэнт, прафесар кафедры гісторыі Беларусі, з 2008 года – загадчыца кафедры.

Аўтар каля 200 навуковых публікацый, у ліку якіх больш дзесятка манаграфій і навучальных дапаможнікаў. Навуковыя работы прафесара С.В.Марозавай грунтуюцца на салідным матэрыяле буйнейшых архіваў і бібліятэк Усходняй Еўропы (Мінск, Масква, Пецярбург, Львоў, Вільнюс, Варшава, Кракаў), вызначаюцца даказальнасцю і арыгінальнасцю падыхода да складаных гістарычных праблем («Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596-1839 гады)” і інш.).

Яе падручнікі і навучальныя дапаможнікі з’яўляюцца найбольш ужывальнымі вучэбнымі кнігамі на гістарычных факультэтах універсітэтаў краіны.

Стыпендыят Фонду Стэфана Баторыя, Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі і навукі Літоўскай Рэспублікі, Фонду каралевы Ядзвігі (Ягалонскі універсітэт), Амерыканскага Савета навуковых таварстваў. Сябра рэдакцыйнай калегіі «Беларускага гістарычнага часопіса”, рэцэнзент «Весніка Брэсцкага тэхнічнага універсітэта”.

Читать далее…

30 января 2013

Мараш

Якаў Навумавіч

 

Нарадзіўся 7 студзеня 1917 года ў Гродна ў сям’і кваліфікаванага рабочага. Бацька працаваў майстам цэха на адным з гродзенскіх прадпрыемстваў. Сям’я Я.Н.мараша загінула падчас Вялікай Айчыннай вайны, як мяркуецца, у «Асвенцыме» або «Трэблінцы».

Сярэднюю адукацыю набываў у Гродзенскай прыватнай гімназіі, якая давала права паступлення ва універсітэт. Матэрыяльнае становішча сям’і было складаным, і гімназіст Я.Н.Мараш падзарабляў рэпетытарствам.

З верасня 1936 года – студэнт гістарычнага факультэта Віленскага універсітэта. Умовы атрымання яўрэямі універсітэцкай адукацыі ў міжваеннай Польшчы былі далёкімі ад камфортных. Студэнты-яўрэі пастаянна адчувалі ціск з боку універсітэцкіх уладаў. Пратэстуючы супраць гэтага, Я.Н.Мараш усе 3 гады навучання ў Віленскім універсітэце слухаў лекцыі стоячы.

Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР і Заходняй Украіны з УССР, Віленскі універсітэт быў зачынены. Студэнты гістарычнага факультэта пераведзены ў Львоўскі універсітэт. У снежні 1940 года адбыўся датэрміновы выпуск студэнтаў 5 курса гістарычнага факультэта. Я.Н.Мараш атрымаў накіраванне на педагагічную працу ў Ківерэцкую сярэднюю школу Валынскай вобласці УССР. Выкладаў гісторыю і Канстытуцыю СССР.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуіруецца ў Саратаўскую вобласць РСФСР. У 1941-1945 гадах працуе настаўнікам гісторыі, геаграфіі і нямецкай мовы Брыкаўскай сярэдняй школе Духаўніцкага раёна Саратаўскай вобласці.

У 1945 годзе па запрашэнні Гродзенскага аблвыканкама вяртаецца ў Гродна. Прызначаецца дырэктарам сярэдняй школы № 2. З верасня 1946 года Я.Н.Мараш – выкладчык лацінскай мовы і гісторыі Гродзенскага педагагічнага інстытута. Аднак у снежні гэтага года загадам дырэктара інстытута адхіляецца ад выкладання гісторыі за метадалагічныя памылкі ў асвятленні асобных гістарычных падзей. Паколькі нагрузкі на стаўку выкладчыка па лацінскай мове не хапала, у 1946-1949 гадах працуе выкладчыкам гісторыі і геаграфіі ў школе № 2 г.Гродна, а з верасня 1949 года па снежань 1953 года – загадчыкам гарадского метадычнага кабінета.

Без адрыву ад асноўнай працы ў 1954 годзе абараняе кандыдацкую дысертацыю «Агрессия католицизма и Ватикана в Литве и Белоруссии в конце 16 – начале 17 веков». У жніўні 1956 года прызначаецца на пасаду дацэнта кафедры гісторыі. Вучонае званне дацэнта атрымаў у 1960 годзе.

У 1968 годзе Я.Н.Мараш падаў да абароны доктарскую дысертацыю «Ватикан и Белоруссия: очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии (1569-1795 гг.)». У дысертацыі на падставе глыбокага аналізу першакрыніц абгрунтоўвалася тэза, што стварэнне ў Беларусі уніяцкай царквы мела аб’ектыўныя прычыны. Абарона праходзіла ў вельмі рэзкіх дыскусіях. Шэраг апанентаў абвінавачвалі аўтара ў аб’ектывізме, што ў тыя часы кваліфікавалася як адыход ад марксіцка-ленінскай метадалогіі. Выказваўся сумнеў адносна навуковасці публікацый па тэме дысертацыі. Савет прапанаваў дысертанту апублікаваць манаграфію, пасля чаго вярнуцца да абароны.

У 1969 годзе Я.Н.Мараш выдае манаграфію «Из истории борьбы народных масс Белоруссии против экспансии католической церкви». Абіраецца на пасаду прафесара кафедры гісторыі СССР. Прызначаецца выканаўцам абавязкаў дэкана гістарычнага факультэта, а ў 1970-1973 гг. працуе дэканам гісторыка-педагагічнага факультэта. Вучоную ступень доктара гістарычных навук атрымаў у 1973 годзе, а прафесарскае званне – у 1974 годзе.

У 1978-1981 гадах прафесар Я.Н.Мараш узначальваў кафедру гісторыі СССР і БССР, а з 1981 па 1987 год – кафедру гісторыі БССР.

Прафесар Я.Н.Мараш пакінуў велізарную навуковую спадчыну. Ім апублікавана 20 манаграфій і навучальных дапаможнікаў, 52 брашуры, каля 500 артыкулаў у навуковых часопісах, зборніках і перыядычных выданнях. Значная частка спадчыны прысвечана праблемам гісторыі горада Гродна і Гродзеншчыны і не старціла навуковых каштоўнасцей. Імя прафесара Я.Н.Мараша як краязнаўцы па праву стаіць сёння ў адным радзе з імёнамі Паўла Баброўскага, Яўстаха Арлоўскага, Юзафа Іадкоўскага.

Памёр у 1990 годзе.

Читать далее…

30 января 2013

Мартынаў Іван Платонавіч

Для многіх выкладчыкаў і студэнтаў універсітэта прафесар І.П.Мартынаў з’яўляецца своеасаблівым сімвалам матэматычнага факультэта. І прычына гэтага не ў тым, што з матэматычным факультэтам звязаная ягоная шматгадовая навуковая і педагагічная дзейнасць (хоць і апошняе – немалаважна). Хутчэй за ўсё істотным фактарам ёсць тое, што для прафесара І.П.Мартынава матэматыка не толькі прадмет глыбокай і напружанай інтэлектуальнай працы, але і прадмет псіхалагічнага і эстэтычнага задавальнення.

Нарадзіўся І.П.Мартынаў 12 жніўня 1938 года ў вёсцы Антонаўка Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Майскай школе. Сістэматычную матэматычную адукацыю – на фізіка-матэматычным факультэце Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы, які скончыў у 1961 годзе па спецыяльнасці «Матэматыка, фізіка, чарчэнне».

Некалькі месяцаў працаваў настаўнікам-выхавацелем Іўеўскай школы-інтэрната. У 1961-1963 гадах служыў у шэрагах Савецкай Арміі. З кастрычніка 1963 года – настаўнік матэматыкі Індурскай школы рабочай моладзі, з 1964 года – дырэктар школы.

У верасні 1965 года дацэнт Н.Д.Бяспамятных запрасіў І.П.Мартынава на выкладчыцкую працу. Да 1970 года І.П.Мартынаў – асістэнт, старшы выкладчык кафедры элементарнай матэматыкі. З 1970 па 1973 год навучаецца ў аспірантуры кафедры матэматычнага аналізу і алгебры. Пасля заканчэння аспірантуры працягвае выкладчыцкую дзейнасць у якасці асістэнта, старашага выкладчыка, дацэнта кафедры геаметрыі і методыкі матэматыкі.

Ужо ў першай палове 70-х гадоў І.П.Мартынаў – адзін з галоўных навукоўцаў і выкладчыкаў матэматычнага факультэта. Выкладае курс геаметрыі. Калегі па працы і студэнты адзначаюць высокую матэматычную культуру і бездакорную метадычную форму ягоных лекцый, прафесары Беларускага дзяржаўнага універсітэта (А.І.Яблонскі і інш.) – высокі ўзровень і перспектыўнасць навуковых вынікаў у галіне дыферэнцыйных ураўненняў.

У 1977-1980-ых гадах прафесар І.П.Мартынаў – загадчык кафедры геаметрыі і методыкі матэматыкі, з 1980 па 1982 гады – кафедры матэматычнага аналізу. У верасні 1982 года пераходзіць на пасаду старшага навуковага супрацоўніка для падрыхтоўкі доктарскай дысертацыі.

У 1984 годзе вяртаецца на пасаду загадчыка кафедры матэматычнага анлізу, з якой да сённяшняга дня звязана яго навуковая і выкладчыцкая дзейнасць. Доктарскую дысертацыю «Аналитические свойства уравнений и систем третьего порядка» абараніў у 1990 годзе і атрымаў вучонае званне прафесара.

З сярэдзіны 90-х гадоў прафесар І.П.Мартынаў значную частку свайго часу аддае арганізацыі вучэбнай работы і навуковых даследаванняў на матэматычным факультэце і ва універсітэце. У 1994-1995 гадах ён дэкан матэматычнага факультэта, з 1995 па 1997 гады – прарэктар па навуковай рабоце, да 1999 года – першы прарэктар, да 2003 года – першы прарэктар па вучэбна-выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях. Нягледзячы на гэта актыўна вядзе навуковыя даследаванні. У суаўтарстве са сваімі вучнямі дацэнтамі Н.С.Бярозкінай і В.А.Пронька друкуе шэраг грунтоўных прац, у якіх даследуюцца заканамернасці дыферэнцыйных ураўненняў тыпу Пенлеве.

Читать далее…

30 января 2013

Маскевіч
Сяргей Аляксандравіч

Нарадзіўся 1 жніўня 1953 года ў вёсцы Быкаўка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Ракавіцкай школе, якую скончыў у 1970 годзе. Вышэйшую фізічную адукацыю – на фізіка-матэматычным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы (1970-1974). Працаваў лабарантам кафедры фізікі (1974-1975), служыў у шэрагах Савецкай Арміі (1975-1976). З 1976 года старшы лабарант кафедры агульнай і тэарэтычнай фізікі, старшы інжынер навукова-даследчага сектара (1977-1979), старшы навуковы супрацоўнік навукова-даследчага сектара (1979-1983). З 1978 па 1982 гады навучаўся без адрыву ад вытворчасці ў аспірантуры Інстытута біяхіміі АН БССР па спецыяльнасці «Біяфізіка». З 1983 года – старшы выкладчык, дацэнт кафедры агульнай і тэарэтычнай фізікі. У 1983 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Вучонае званне дацэнта па кафедры агульнай і тэарэтычнай фізікі прысвоена ў 1988 годзе. У 1993-1995 гадах – старшы навуковы супрацоўнік універсітэта. Доктарскую дысертацыю «Спектраскапія гіганцкага камбінацыйнага рассейвання святла і структурная арганізацыя адсарбаваных на металічнай паверхні малекулярных сістэм» абараніў у 1995 годзе. Вучонае званне прафесара прысвоена ў 1997 годзе.

Прарэктар па навуковай працы (1995-1997). У 1997-2005 гадах – рэктар універсітэта. З 2005 года – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь.

Як рэктар універсітэта, прафесар С.А.Маскевіч паслядоўна ажыццяўляў дзяржаўную палітыку ў сферы універсітэцкай адукацыі. Клапаціўся аб развіцці традыцыйных кірункаў універсітэта і ктыўна садзейнічаў пошуку і рэалізацыі іннавацый у навуковай, педагагічнай і грамадскай дзейнасці калектыва. Ён ініцыяваў стварэнне інстытута павышэння кваліфікацыі, навукова-даследчага інстытута матэрыялазнаўства і рэсурсазберагаючых тэхналогій, факультэта псіхалогіі, школы менеджмента і іншых сучасных універсітэцкіх структураў. Распачата падрыхтоўка спецыялістаў па 17 новым спецыяльнасцям, неабходнасць якіх дыктавалася запросамі сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця Гродзеншчыны і краіны.

Прафесар С.А.Маскевіч знаны ў Рэспубліцы Беларусь і па-за яе межамі вучоны ў галіне оптыкі. Даследуя спектраскапічныя характарыстыкі складаных біяарганічных малекул, аптычныя ўласцівасці нанакампазітных паўправадніковых і металічных матэрыялаў. Яго асабістыя навуковыя набыткі апублікаваны ў 250 навуковых і вучэбна-метадычных працах. Яны істотна паўплывалі на станаўленне ва універсітэце навуковай школы ў галіне малекулярнай спектраскапіі.

Пад кіраўніцтвам прафесара С.А.Маскевіча эфектыўна даследуюцца:

–       спектарльныя якасці і структура біяарганічных малекул, паўправадніковых нанакрышталяў і іх кан’югатаў;

–       міжмалекулярныя ўзаемадзеянні ў монамалекулярных слаях, адсарбаваных на паверхні тонкіх плёнак высокародных металаў;

–       эксперыментальныыя метады спектраскапіі гіганцкага камбінайцыйнага рассеяння святла стацынарнай і вырашальнай у часе флуарэсцэнцыі.

Школа з’яўляецца адзіным даследчым цэнтрам у краіне, які валодае неабходнымі метадамі і абсталяваннем для даследавання біялагічна актыўных малекул і іх комплексаў у экстрэмальна нізкіх канцэнтрацыях, лідэрам у распрацоўцы тэхналогіі атрымання нанаструктуіраванных субстратаў для гэтых мэт.

Прафесар С.А.Маскевіч – таленавіты педагог. Ён умее зацікавіць студэнтаў сваім прадметам, уплываць на фармаванне ў іх прафесійнага мыслення, далучаць да навуковай творчасці.

Читать далее…

30 января 2013

Маталыцкі
Міхаіл Аляксеевіч

Нарадзіўся 11 верасня 1957 года ў гарацкім пасёлку Гарадзея Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Сярэднюю адукацыю набываў у  школе № 1 Гарадзеі. У 1979 годзе скончыў факультэт прыкладной матэматыкі Беларускага універсітэта. З 1979 па 1982 год навучаўся ў мэтавай аспірантуры. У Гродзенскім універсітэце працуе з лістапада 1979 года: асістэнт кафедры тэорыі імавернасцей, вылічальных машын і праграмавання (1982-1983), старшы выкладчык кафедры даследавання аперацый і праграмавання (1983-1987), старшы выкладчык, дацэнт кафедры матэматычнага забеспячэння гібкай аўтаматызаванай вытворчасці сістэм аўтаматычнага праектавання і аўтаматызаваных сістэм кіравання (1984-1991). У 1986 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Вучонае званне дацэнта па кафедры матэматычнага забеспячэння ГАП, САПР, АСУ прысвоена ў 1990 годзе. У 1991-1992 гадах – дацэнт кафедры прыкладной матэматыкі, дактарант Беларускага універсітэта (1992-1995), дацэнт, прафесар кафедры прыкладной матэматыкі (1995-2000), прафесар кафедры тэорыі функцый, функцыянальнага аналізу і прыкладной матэматыкі (2003). Доктарскую дысертацыю абараніў у 1998 годзе. Вучонае званне прафесара па спецыяльнасці «Матэматыка» прысвоена ў 2003 годзе. З 2008 года – загадчык кафедры стахастычнага аналізу і эканаметрыі.

Прафесар М.А.Маталыцкі – арганізатар адкрыцця на матэматычным факультэце спецыяльнасцей «Прыкладная матэматыка» і «Эканамічная кібернетыка». Пад яго кіраўніцтвам адкрыты магістратура па спецыяльнасці «Эканамічная кібернетыка» і аспірантура па спецыяльнасці «Матэматычнае мадэляванне, лічбавыя метады і комплексы праграм».

Абсяг навуковых даследаванняў: матэматычны аналіз сетак масавага абслугоўвання і іх прымянення ў якасці верагодных мадэляў розных рэальных аб’ектаў у камп’ютэрнай тэхніцы, вытворчасці, страхаванні, банкаўскай сферы, транспатрнай лагістыцы, медыцыне. Так у 2003 годзе ім пададзены да разгляду новы класс сетак масавага абслугоўвання – сеткі з даходамі, цяпер НМ (Howard-Matalytski)-сеткі, якія шырока прымяняюцца пры вырашэнні практычных задач.

Аўтар 4 манаграфій і каля 300 навуковых прац, многія з якіх апублікаваны ў часопісах СССР, ЗША, Польшчы, Расійскай акадэміі навук, Акадэміі навук Латвіі, НАН Беларусі. З’яўляецца адным з стваральнікаў Беларускай навуковай школы па тэорыі масавага абслугоўвання, кіраўніком навуковай школы па стахастычным і камп’ютэрным мадэляванні ў ГрДУ імя Я.Купалы. Член аргкамітэта шэрагу пастаянных міжнародных навукоых канферэнцый. Акадэмік Нью-Йоркскай акадэміі навук.

Прафесарам М.А.Маталыцкім:

– распрацаваны метады знаходжання імавернасцей станаў маркаўскіх і адвольных сетак масавага абслугоўвання ў стацыянарным і пераходным рэжымах;

– абагульнены вынікі класічнай ВСМР-тэарэмы на выпадак маркаўскіх сетак з рознатыповымі заяўкамі і залежнымі ад іх станаў імавернасцямі пераходаў паміж сістэмамі;

– распрацаваны рэкурэнтныя па колькасці заявак і момантаў часу метады знаходжання сярэдніх характарыстык замкнутых і адкрытых сетак масавага абслугоўвання з многалінейнымі сістэмамі;

– праведзены асімптатычны аналіз і аптымізацыя ў стацыянарным і пераходным рэжымах замкнутых сетак з цэнтральнай сістэмай абслугоўвання і рознатыповымі заяўкамі;

– распрацавана і даследавана імавернасная мадэль апрацоўкі скалярных каманд у канвеерных працэсах у выглядзе тандэмнай сеткі з адваротнай сувяззю;

– упершыню пададзены да разгляду ў разгляд новы клас сетак масавага абслугоўвання – сеткі з даходамі, вядомыя зараз у свеце як НМ (Howard-Matalytski)-сеткі;

– распрацаваны метады знаходжання чаканых даходаў у сістэмах такіх сетак у выпадках, калі даходы ад пераходаў паміж іх станамі залежаць ад станаў і часу ці з’яўляюцца выпадковымі велічынямі з вядомымі момантамі першых двух парадкаў.

Вынікі працы ўкаранёныя ў розных камп’ютэрных фірмах, прадпрыемствах, страхавых кампаніях, лагістычных транспартных сістэмах.

Читать далее…

30 января 2013

Мялешка

Леў Восіпавіч

 

Прафесар Л.В.Мялешка працаваў у Гродзенскім педінстытуце імя Янкі Купалы ў якасці загадчыка кафедры фізікі з 1967 па 1973 год. За гэты час ён вельмі істотна паўплываў на арганізацыю навучальнага працэса і развіццё навуковых даследаванняў у галіне фізікі.

Нарадзіўся 22 лютага 1920 года ў горадзе Свярдлоўску ў сям’і рабочага. Бацькі Л.В.Мялешка паходзілі з Беларусі (в.Цярэшкі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці). На Урале апынуліся ў сувязі з бежанствам падчас першай сусветнай вайны. У 1922 годзе бацькі вярнуліся на радзіму і жылі ў вёсцы Цярэшкі.

Закончыў 7-гадовую школу, працаваў у сельскай гаспадарцы. У 1939 годзе ў складзе польскай арміі ўдзельнічаў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Сілезіі. З 1939 года па 1941 год жыў у горадзе Ваўкавыску, вучыўся ў сярэдняй школе. У першыя гады нямецка-фашысцкай акупацыі жыў у вёсцы Цярэшкі. У 1943 годзе вывезены на працу ў Германію. Пасля вызвалення (1944 год) служыў у Чырвонай Арміі. Дэмабілізаваўся ў 1947 годзе, вярнуўся ў г.Ваўкавыск, закончыў сярэднюю школу. Год працаваў майстрам на Ваўкавыскім маслазаводзе. У 1948-1952 гадах студэнт фізіка-матэматычнага факультэта Мінскага педінстытута. Пасля заканчэння інстытута навучаўся ў аспірантуры. З 1955-1959 гады працаваў загадчыкам кафедры Полацкага педінстытута, старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута фізікі АН БССР. З 1964 года – загадчык кафедры фізікі Мінскага вышэйшага інжынернага радыётэхнічнага вучылішча. У 1955 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1961 годзе зацверджаны ва вучоным званні старшага навуковага супрацоўніка па спецыяльнасці «Фізіка». Пад час працы ў Гродзенскім інстытуце абараніў доктарскую дысертацыю «Исследования фазовых превращений в переохлажденных расплавах». Вучонае званне прафесара па кафедры фізікі прысвоена ў 1971 годзе.

Прафесар Л.В.Мялешка характарызаваўся як вельмі працаздольны і ініцыятыўны кіраўнік кафедры. Пад яго кіраўніцтвам ажыццяўлялася дасканаленне навучальнага працэсса, абнаўлялася навучальна-лабараторная база кафедры. Л.В.Мялешка чытаў курс «Агульная фізіка», а таксама спецкурс «Фізіка цвёрдага цела». Пад яго кіраўніцтвам на кафедры фізікі былі ўпершыню арганізаваны навуковыя даследаванні па калектыўнай тэме «Исследования фазовых превращений на поверхности обрабатываемого материала при плазменной наплавке». Паралельна Леў Восіпавіч працягваў даследаванні па вывучэнню фазавых превращений в переохлажденных расплавках на прапанаванай ім новай методыкі вывучэння дадзенай праблемы. У 1973 годзе вызвалены ад рабоце ў інстытуце па асабістым жаданні. Узнагароджаны медалямі «За победу над Германией», «20 лет победы в Великой Отечественной войне».

Читать далее…

Copyright © 2012-2020 by ГрГУ им. Я.Купалы